Як заснавальнік «Мовы Нанова» Глеб Лабадзенка вяртае зь нябыту аўтэнтычны Менск

Глеб Лабадзенка ля валуна ў гонар заснаваньня Менску

У сярэдзіне ліпеня Глеб Лабадзенка як вядоўца ток-шоў на тэлеканале «Белсат» перажыў ператрус, а сьледам атрымаў прадпісаньне аб спыненьні дзейнасьці ўстановы «Мова Нанова», дзе ён дырэктарам.

Свабода пацікавілася, чым цяпер займаецца руплівец культуры, у актыве якога шэраг маштабных праектаў: мэмарыялізацыя выбітных асобаў краю, папулярызацыя роднай мовы празь бясплатныя курсы, досьледы дзеля аднаўленьня гістарычнай хронікі Менску ды іншыя.

Рэнэсанс Гарадзішча

Апошнія шэсьць гадоў Глеб Лабадзенка і Тацяна Шапуцька з трыма дзеткамі жывуць у Гарадзішчы за некалькі кілямэтраў ад сталічнай кальцавой дарогі. Месца выбранае невыпадкова — менавіта тут, на Менцы і яе адзіным прытоку Дунаі, у Х стагодзьдзі распачаў сваю больш як тысячагадовую біяграфію горад Менск. Адсылкай да таго часу — магутныя валы, надзейна замацаваныя дубовай «арматурай» старадаўніх дойлідаў.

Месца злучэньня Дунаю зь Менкай

Атмасфэрныя колеры Гарадзішча

У «пагромную пятніцу» 16 ліпеня ў іхны дом, як і да іншых актывістаў ды журналістаў, уламіліся васьмёра сілавікоў з пастановай на ператрус. Што шукалі — так і засталося загадкай. Забралі тэлефоны, кампутарную тэхніку, колькі асобнікаў «материи бело-красно-белого цвета», тузін «Пагоняў» ды кнігу Ўладзімера Арлова «Імёны Свабоды» з аўтографам, бо і там вокладка «ня тых колераў».

«Хоць такім чынам даведаўся, колькі назьбіраў сьцягоў ды іншай гістарычнай атрыбутыкі», — усьміхаецца Глеб.

І хоць гаспадароў да рэчавых доказаў не «прыклалі», ужо праз тыдзень Менскі райвыканкам з ініцыятывы раённай пракуратуры зьліквідаваў установу разьвіцьця беларускай мовы і культуры «Мова Нанова». Фармальнай зачэпкай стала «нестатутная дзейнасьць у выглядзе відэа зь незарэгістраванай сымболікай і лягатыпам тэлеканалу „Белсат“ на сайце курсаў www.movananova.by».

«Нам пра гэта паведамілі постфактум, ня даўшы „выправіць парушэньні“ і выказаць свае аргумэнты, — наракае Глеб Лабадзенка. — Зрэшты, „Мова Нанова“ — ня толькі і ня столькі курсы. Найперш гэта тысячы людзей, якія толькі ў Менску за сем гадоў прайшлі праз нашы з Алесяй Літвіноўскай рукі. Колькі агулам людзей наведалі курсы больш як у 15 гарадах, увогуле не падлічыш. Цешу сябе думкай, што атрыманыя веды ды любоў да беларушчыны ліквідаваць немагчыма».

Макет чоўна першых менчукоў у музэі «Стары Менск»

Копія Крыжа Эўфрасіньні Полацкай у музэі «Стары Менск»

Ва ўмовах прававога дэфолту аспрэчваць мэтанакіраваную зачыстку заснавальнікі курсаў лічаць бессэнсоўнай тратай часу. А сваім прыхільнікам раяць надалей вывучаць мову з дапамогай існуючых мэтодык, сьмялей размаўляць па-беларуску, шанаваць гісторыю і культуру сваёй Радзімы.

«Пасьля кожнай ночы наступае дзень. Упэўнены, што і пасьля цяперашняй цемры абавязкова настане сьвітанак», — перакананы Глеб Лабадзенка.

Валадарства Чарадзея

Цягам апошніх гадоў Глеб Лабадзенка марыў аб прыватным музэі, дзе можна было б паказаць гісторыю слаўнай мясьціны. Летась праект рэалізаваўся пад шыльдай «Стары Менск» і паступова пашырае свае межы. Акрамя экспазыцыі з аўдыёгідам, тут ёсьць гатэльныя нумары, а нядаўна адкрылася новая шматфункцыянальная заля «Ўсяслаў Чарадзей».

Кажа, што да закінутага даўгабуду побач зь велічнымі замкавымі валамі прыглядаўся даўно, і калі на фоне абвалу попыту на нерухомасьць цана ўпала ўдвая ад першапачатковай, угоду аформілі.

Прыватны музэй «Стары Менск» у Гарадзішчы

Паўтара года будынак прыводзілі да ладу, фасад расьпісаў мастак-палітвязень Алесь Пушкін. Галоўны ўваход стылізаваны пад абарончы аб’ект зь вежамі, вастраколам і брамай.

Абсталяваная заля для экспазыцыі і падвал з імітацыяй кіеўскай вязьніцы Ўсяслава Чарадзея — менавіта ягонай рэзыдэнцыяй быў у ХІ стагодзьдзі ўмацаваны замак па-над Менкай, які праз імклівае засяленьне навакольных земляў урэшце давялося перанесьці за 15 кілямэтраў на Нямігу.

У музэі — сотні бясцэнных артэфактаў, знойдзеных на археалягічных раскопках ды гарадзішчанскіх агародах: ад тысячагадовых пацерак і ключоў да самай старой ва ўсёй Усходняй Эўропе шахматнай фігуркі ХІ стагодзьдзя. Шматразова павялічаную копію «Каня» нават паставілі ня так даўно на дзядзінцы гарадзішча.

«Тут літаральна ў любым агародзе, капаючы бульбу, людзі знаходзяць унікальныя экспанаты. Прыкладам, суседка прынесла паглядзець знойдзеную рэч — аказалася, тое шкляная бізантыйская пацерка Х стагодзьдзя!», — захапляецца Глеб Лабадзенка.

Стылізаваная цямніца Ўсяслава Чарадзея

Амуніцыя воіна ХІ стагодзьдзя, рэканструкцыя

Па яго словах, хоць тэрыторыя ўнутры валу ня надта вялікая — крыху больш за 1,5 гектара — ягонае навакольле бесьперапынна заселена сама меней ад Х стагодзьдзя. А гэта прыкладна 40 гектараў культурнага пласту, які хавае безьліч адкрыцьцяў. Праўда, празь неахайнае стаўленьне да ўласнай гісторыі і асваеньне земляў падчас калектывізацыі (і аж да сёньня) незьлічоную колькасьць памятак даўніны зьнішчылі пад плугамі, культыватарамі ды коламі цяжкай тэхнікі.

Асабліва пастараліся мясцовыя камуністы — старшыня калгасу і дырэктар школы. У канцы 1960-х без аніякіх узгадненьняў паміж валоў абсталявалі стадыён, зьнішчыўшы культурны слой бульдозэрамі — нягледзячы на тое, што тут ужо вяліся сэзонныя раскопы. Можна толькі здагадвацца, колькі раструшчана патэнцыйных музэйных экспанатаў падчас «упарадкаваньня».

Спадчына Штыхава

Упершыню раскопкі гарадзішча на зьліве Менкі і Дунаю (рэчак з такой назвай у Беларусі некалькі дзясяткаў) прайшлі ў 1930 годзе. Навукоўцы зрабілі колькі шурфоў і ўбачылі: зямля літаральна кішыць знаходкамі. Але раскопкі абарваліся, бо ў 1937-м практычна ўсіх беларускіх археолягаў камуністы расстралялі — яны ляжаць у Курапатах.

Аднавіліся працы толькі ў 1954 годзе, а зь сярэдзіны 1960-х ідуць тут рэгулярна па сёньня. Летась адмыслоўцы Акадэміі навук капалі проста на падворку музэю «Стары Менск» — знайшлі дзьве хаты ХІ стагодзьдзя.

Турысты ў перасохлым рэчышчы Дунаю

Пад’ём на старадаўні замкавы вал

Калі казаць пра згаданы ручай Дунай, то ў выніку бяздумнай мэліярацыі ён цалкам перасох, нагадваючы пра сябе толькі чыстымі крыніцамі, а Менку можна лёгка пераскочыць. Зрэшты, у канцы чэрвеня апошняя паказала свой колішні нораў, магутнай паводкай змыўшы ў хмыз пешаходны мост вагою ў паўтоны і разбурыўшы 20-мэтровы кавалак асфальтаванай дарогі.

Найбольшы ўнёсак у дасьледаваньні зрабіў вядомы археоляг, доктар гістарычных навук Георгі Штыхаў. У пэрспэктыўных плянах Глеба Лабадзенкі — ушанаваць высілкі адмыслоўца годным валуном. Як і самага вядомага тутэйшага гаспадара, князя Ўсяслава Чарадзея. Таксама ён хоча паставіць на камені паблізу валу макет самога замку.

Сучаснае паселішча, якое лягічна атрымала назву Гарадзішча, — гэта жывое напластаваньне самых розных эпохаў. Першая згадка пра яго датаваная 1547 годам. Відавочна, што пасьля пераносу Менску на Нямігу ў канцы ХІ стагодзьдзя жыцьцё на Менцы сьцішылася, але не спынілася — на раскопках знаходзяць і рэчы пэрыяду ХІІ—ХV стагодзьдзяў.

Помнік і крыж на месцы пахаваньняў розных эпохаў

Сымбалічны камень у месцы пачатку Менску

У 1975 годзе Георгі Штыхаў наткнуўся тут на восем пахаваньняў: палова ў першапачатковым выглядзе, астатнія пашкоджаныя сельгастэхнікай. Паколькі на гэтым месцы захавалася і селішча ХІ—ХІІ стагодзьдзяў, пад пытаньнем было пазначана, што гэта магільнік.

10 гадоў таму на гэтым месцы прайшлі новыя раскопкі пад кіраўніцтвам кандыдата гістарычных навук Андрэя Вайцяховіча. Побач знайшлі жалезны нож XV стагодзьдзя з накладнымі драўлянымі пласьцінамі на ручцы, кавалак цэглы-пальчаткі, фрагмэнты гаршкоў, характэрных для таго часу, завушніцу ў форме пытальніка ды іншыя артэфакты.

Усё гэта дазволіла зрабіць выснову: могілкі пачатку ўзьнікненьня мястэчка Гарадзішча напластаваліся на месца жыхарства абарыгенаў Х—ХІ стагодзьдзяў. Такім чынам, пахаваньні рабіліся ў культурны пласт ранейшага часу. З гэтай прычыны сяды-тады ўзьнікае блытаніна, да якой эпохі аднесьці знаходку.

Помнік шахматнаму каню

Прыступкі на земляны вал

У 2018 годзе на месцы могілак з ініцыятывы Глеба Лабадзенкі і Ўладзіслава Слатвінскага паставілі шасьцімэтровы крыж і памятны валун з надпісам у выкананьні скульптара Ігара Засімовіча. У зьвязцы з гэтым майстрам Глеб Лабадзенка рэалізаваў багата значных праектаў — ад валуна «Заснаваньне Менску» ў Гарадзішчы да бюстаў Васіля Быкава і Рыгора Барадуліна ва Ўшачах.

У гэты ж час пачалося ўпарадкаваньне міжвальнай тэрыторыі: зрабілі на ўзвышшы драўляныя прыступкі, паставілі валуны з інфармацыяй, адзначылі гістарычныя лякацыі, падсыпалі дарожкі.

Тэндэр Пішчалы

У працэсе раскопак усплываюць нечаканыя гісторыі і адметныя пэрсанажы. Ад канца XVI стагодзьдзя мястэчкам валодаў род Пішчалаў. На правах гаспадароў нехта ў нейкі момант вырашыў збудаваць сядзібу проста ў «катлавіне» старадаўняга гарадзішча — лепшай лякацыі за натуральнымі сьценамі цяжка знайсьці.

Як вынікае з дасьледаваньняў гісторыка-архівіста Зьмітра Дразда, у 1788 годзе тут нарадзіўся Рудольф Пішчала, а ў іншыя гады і ягоныя сёстры — Караліна, Тэкля і Генрыета, чые магілы захаваліся на Кальварыйскіх могілках.

На гэтай пляцоўцы стаяла сядзіба Пішчалаў

Умацаваны выступ служыў рэзыдэнцыяй Чарадзея

Ужо за часамі Расейскай імпэрыі Рудольф скончыў Віленскі ўнівэрсытэт і пачаў імклівую кар’еру ў Менску. У 1814 годзе яго прызначылі чальцом Губэрнскага камітэту для ваенных павіннасьцяў. Быў старшым судзьдзёй павятовага суду, кіраваў Грамадзянскай палатай, а затым і Крымінальнай, а ў 1835-м стаў павятовым «прадвадзіцелем дваранства».

Акрамя чыноўніцкай службы, зарабляў на будаўнічых замовах. У 1821-м выйграў тэндэр на пабудову гарадзкой турмы — расейскай адміністрацыі патрабавалася больш месца для палітвязьняў. Праз чатыры гады аб’ект здалі пад ключ (паводле тыповага праекту ў гарадах імпэрыі ўзьвялі зь дзясятак такіх турмаў), і неўзабаве ён атрымаў характэрную мянушку — Пішчалаўскі замак.

Тут утрымліваліся многія вядомыя людзі: ад паўстанцаў 1831 і 1863 гадоў да Юзафа Пілсудскага і Якуба Коласа. За іншадумства караюць нават праз 200 гадоў пасьля таго тэндэру.

Макет драўлянага замку ў музэі «Стары Менск»

Для Рудольфа Пішчалы ўсё скончылася ў 1863 годзе, калі ён, паводле некаторых зьвестак, непублічна падтрымаў паўстаньне супраць Расеі. Прынамсі віленскі генэрал-губэрнатар Міхаіл Мураўёў (вядомы як «вешальнік») выдаў загад пра звальненьне неляяльных чыноўнікаў, уключна зь Пішчалам. Пазьбегнуць высылкі ў Сыбір дапамог узрост (на той час было ўжо 75 гадоў). Яго пазбавілі саліднай пэнсіі, вярнуць якую так і не ўдалося. А з прыходам бальшавікоў зьнікла і памяць пра вядомы род — сядзіба заняпала, пахаваньні лічыліся страчанымі.

Пакуль у 2016 годзе гісторык Эдвард Канановіч на аснове сьведчаньняў тутэйшых жыхароў не зрабіў сэнсацыйную знаходку — надмагільлі сужэнцаў Рудольфа і Сафіі Пішчалаў. Пліты ляжалі ў кучы сьмецьця на глыбіні каля мэтра ўперамешку з чалавечымі парэшткамі — яшчэ адзін вынік кіпучай дзейнасьці змагароў з эксплюататарскім мінулым.

Фрагмэнты экспазыцыі музэю «Стары Менск»

Праз два гады працы працягнулі археолягі Сяргей Тарасаў і Андрэй Вайцяховіч. Неўзабаве яны знайшлі фрагмэнты 14 чалавек: дакладна так і не вядома — або сваякоў, або звычайных сялянаў. Адмыслоўцы засьведчылі, што ніжэй паверхні захавалася радавая крыпта, аднак наступны аналіз паказаў: новыя пахаваньні рабіліся паўзьверх закінутых старых. Таму каля шкілетаў пазьнейшага часу і знаходзяць жалезныя вырабы і кераміку Х—ХІ стагодзьдзяў.

Як бы там ні было, пасьля раскопак Рудольф і Сафія Пішчалы знайшлі чаканы супакой. Глеб Лабадзенка з аднадумцамі перапахавалі з пашанай парэшткі на ранейшым месцы ды паставілі годныя помнікі. Пакуты прадстаўнікоў вядомага роду нарэшце скончыліся...

Глеб Лабадзенка і стылізаваны тысячагадовы шахматны конь

Глеб Лабадзенка — журналіст, паэт, руплівец беларускай мовы, гісторыі і культуры. Яму 35 гадоў, нарадзіўся ў Менску.

Ляўрэат прэміі «За свабоду думкі» імя Васіля Быкава. Акрамя таго, ляўрэат журналісцкай прэміі «Вольнае слова», а таксама пісьменьніцкіх — «Залаты апостраф» і «Дэбют» імя Максіма Багдановіча.

Заснавальнік сацыяльна-культурнай установы разьвіцьця беларускай мовы і культуры «Мова нанова», вядоўца ток-шоў «Кожны з нас» на тэлеканале «Белсат». Напісаў вершы і пераклады для шэрагу выканаўцаў і музычных гуртоў: HandmadE, Rahis, The Stokes, Дакота, Макс Лорэнс, Аляксандар Рыбак ды іншых.

Ініцыяваў і рэалізаваў вялікую колькасьць праектаў у справе мэмарыялізацыі выбітных беларускіх дзеячаў розных гістарычных эпохаў.