Сузаснавальнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» трапіў ва ўкраінскую базу «Міратворац»

Радзівон Батулін на прафэсійным рынгу

Раней украінскія памежнікі не пусьцілі Радзівона Батуліна на тэрыторыю Ўкраіны.

Сузаснавальнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Радзівон Батулін трапіў ва ўкраінскую базу «Міратворац».

Як патлумачыў кіраўнік адпаведнага сайту Раман Зайцаў, гэта зрабілі на падставе рашэньня Службы бясьпекі Ўкраіны аб забароне яму на тры гады ўезду на ўкраінскую тэрыторыю.

У 2015 годзе ў гэтую базу быў уключаны і Сяргей Кароткіх (Малюта).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Школа КДБ, РНЕ, «Азоў». Хто такі Сяргей Кароткіх, які дапамагаў нябожчыку Віталю Шышову зь «Беларускага дому ва Ўкраіне»

4 жніўня стала вядома, што Радзівону Батуліну адмовілі ва ўезьдзе ва Ўкраіну.

Потым Служба бясьпекі Ўкраіны ўдакладніла, што рашэньне забараніць уезд Радзівону Батуліну было ўхвалена 23 ліпеня «на падставе аргумэнтаваных дадзеных, што гэтая асоба можа ўяўляць пагрозу нацыянальнай бясьпецы Ўкраіны».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Намесьніку кіраўніка «Беларускага дому» ў Кіеве забаранілі вярнуцца ва Ўкраіну пасьля сьмерці Шышова

«Радзівон Батулін вядомы сваімі радыкальнымі поглядамі ды правакацыйнымі дзеяньнямі падчас акцый пратэсту ва Ўкраіне. У часе гэтых акцый, сярод іншага, удалося папярэдзіць спробы радыкала справакаваць сілавыя сутыкненьні з праваахоўнікамі», — удакладніў сьпікер СБУ Арцём Дзехцярэнка.

Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня, а на наступны дзень яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад дому, у якім ён жыў разам з сваёй дзяўчынай Бажэнай Жолудзь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прадстаўнікі беларускай апазыцыі ва Ўкраіне: «Забойства Віталя Шышова — палітычнае»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Садраная скура на носе, на левым калене». Украінская паліцыя расьсьледуе дзьве вэрсіі гібелі прадстаўніка Беларускага дому ва Ўкраіне
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Bellingcat заявіў пра ўкараненьне ФСБ у беларускія апазыцыйныя структуры ва Ўкраіне

Гібель Віталя Шышова. Што вядома

  • Адзін з заснавальнікаў і фармальны кіраўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Віталь Шышоў зьнік раніцай 2 жніўня ў Кіеве, куды перабраўся зь Беларусі ўвосень 2020 году. Паводле сяброў, ранкам ён звыкла пайшоў на прабежку і не вярнуўся.
  • Шышоў адміністраваў тэлеграм-канал «Беларускі дом ва Ўкраіне» і сайт гэтай арганізацыі. Сябры сьцьвярджаюць, што ён удзельнічаў у падрыхтоўцы акцыяў, зваротаў, здымаў і мантаваў відэа з акцыяў. Дапамагаў уцекачам зь Беларусі прадуктамі і рэчамі. Працаваў праграмістам-фрылансэрам, а ў вольны ад працы і беларускай справы час займаўся спортам.
  • Трэцяга жніўня яго знайшлі павешаным у Сьвятошынскім парку Кіева непадалёк ад ягонага дому. На цела натрапілі прадстаўнікі «Беларускага дому ва Ўкраіне» на другі дзень пошукаў. На твары Шышова былі сьляды пабіцьця, прызначана экспэртыза.
  • Былы міністар замежных спраў Украіны Паўло Клімкін у сваім фэйсбуку выказаў упэўненасьць, што Шышова забілі спэцслужбы Беларусі, і задаў пытаньне, ці могуць украінцы давяраць сваім спэцслужбам, калі тыя ня могуць прадухіліць замахі на праціўнікаў Лукашэнкавага рэжыму, якія ратуюцца ад перасьледу ва Ўкраіне. Тады ж кіраўнік аддзелу расьсьледаваньняў Bellingcat Хрыста Грозеў заявіў, што ў апазыцыйныя беларускія структуры ва Ўкраіне інтэграваліся супрацоўнікі расейскага ФСБ пад прыкрыцьцём; ён таксама ня выключыў, што Шышова менавіта забілі.
  • Прадстаўнік «Беларускага дому ва Ўкраіне» Юры Шчучко сказаў, што актывісты «Беларускага дому ва Ўкраіне» атрымлівалі інфармацыю, у тым ліку з СБУ, што ва Ўкраіну прыяжджаюць прадстаўнікі беларускіх спэцслужбаў «для фізычнага зьнішчэньня нашых актыўных чальцоў».
  • Паплечнікі Шышова паведамляюць, што ён неаднаразова заўважаў за сабой сачэньне.
  • Кіраўнік Нацыянальнай паліцыі Ўкраіны Ігар Кліменка 3 жніўня назваў дзьве асноўныя вэрсіі гібелі беларуса, якія разглядае яго ведамства: самагубства і забойства з імітаваньнем самагубства. А таксама сказаў, што сам Шышоў з паведамленьнямі пра сачэньне за сабой у паліцыю ніколі не зьвяртаўся.
  • Дзяўчына Шышова — Бажэна Жолудзь, якая паходзіць з Рэчыцы, узгадала, што ў Віталя ў апошнія тыдні былі кепскія прадчуваньні, таксама яна ўспомніла, што да яе ў цэнтры Кіева падыходзілі незнаёмыя, як высьветлілася, каб здымаць на відэа. Суіцыдальных думак яна ў свайго хлопца не заўважала.