Польскія амежнікі на Падляшшы за дзень 5 жніўня затрымалі 71 мігранта на мяжы зь Беларусьсю.
У той час як за мінулы дзень на літоўска-беларускай мяжы затрымалі толькі двух мігрантаў, якія прыйшлі з Беларусі, лік затрыманых у Польшчы дасягнуў рэкорднай лічбы.
Як паведамляе Памежная служба Польшчы, затрыманыя ня мелі пры сабе пасьведчаньняў асобы. Усе яны (23 мужчыны, 15 жанчын і 33 непаўналетніх), праўдападобна, ёсьць грамадзянамі Аўганістану, адзначаецца ў паведамленьні.
Пасьля выкананьня дзеяньняў паводле інструкцыі ў прысутнасьці перакладніка мігрантаў адправілі ў ахоўныя цэнтры для іншаземцаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча абвінаваціла Беларусь у вядзеньні «гібрыднай вайны» з Эўразьвязам- З пачатку году супрацоўнікі Падляскай памежнай службы затрымалі блізу чатырох соцень нелегальных мігрантаў зь Беларусі. Для параўнаньня — за першыя шэсьць месяцаў 2020 году агулам на ўсім адрэзку, які ахоўвае Падляскі аддзел (мяжа зь Літвой і Беларусьсю), затрымалі 24 мігрантаў.
- Пры гэтым сытуацыя ў Польшчы зь нерэгулярнымі мігрантамі зь Беларусі менш напружаная, чым у Літве. У Літву з Польшчы на дапамогу ў памежным кантролі адправілі патрульны гелікоптэр.
- Колькасьць мігрантаў, затрыманых на літоўска-беларускай мяжы, перавысіла 4000 тысячы. Краіна ўвяла рэжым экстрэмальнай сытуацыі ў сувязі з рэзкім ростам нерэгулярнай міграцыі зь Беларусі.
- Літва вінаваціць беларускія ўлады ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў Эўразьвяз.
- 2 ліпеня старшыня Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен падчас візыту ў Вільню заявіла, што наплыў нелегальных мігрантаў у Літву з тэрыторыі Беларусі палітычна матываваны.
- Міністар замежных справаў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс у той жа дзень напісаў у Твітэры: «Лукашэнка спрабуе ператварыць міграцыю ў зброю, каб аслабіць нашы санкцыі. Надзвычайнае становішча або не — гэта ня пройдзе!»
- Аляксандар Лукашэнка заявіў 6 ліпеня, што Беларусь займаецца барацьбой з нелегальнай міграцыяй, «але роўна настолькі, наколькі гэта неабходна, выгадна... краіне і фінансава магчыма... Мы ніколі ня будзем нікога трымаць: яны ж не да нас ідуць. Яны ідуць у адукаваную, цёплую, утульную Эўропу».