Адныя аўтары пішуць і выдаюцца ўсё жыцьцё толькі па-беларуску, іншыя ў жыцьці і творчасьці спавядаюць дзьвюхмоўе, а пэўныя літаратары палову жыцьця былі расейскамоўнымі, а сёлетняю вясною вярнуліся да тытульнае мовы краіны.
Паэзія
Фэлікс Аксёнцаў. «Междуречье». ЗША, «Бібліятэка Стрэлачніка Хвёдара».
Новая кніга культавага аўтара беларускіх тэкстаў да альбомаў рок-гуртоў «Уліс» і «Крама» — гэта білінгва. Як і сучасная Беларусь, зь якое ён паехаў 25 гадоў таму ў Канаду. Падзеі ў родным краі па-ранейшаму хвалююць Фэлікса Аксёнцава і нараджаюць балючыя строфы як па-расейску, так і па-беларуску.
МН17
Мы ляжым на разьдзёртай мэталем зямлі.
Дым сплывае паволі.
Нас няма. Тры хвіліны таму — мы жылі.
Нас ня будзе ніколі.
І сланечнікаў чорныя вочы датла
Дагараюць абапал
Бальшаку, што сячэ краявід напалам,
Як вайсковую мапу.
І на шыі слупоў цісьне сіні каўнер
Бесспагаднага неба —
Бы расейскі салдат альбо польскі жаўнер
Нас пільнуе як трэба.
Ды на струнах дратоў вецер грае няўспын
Анямелыя ноты.
Нас няма. Застаюцца клады лугавін.
Застаецца сьпякота.
2014
Ххх
эта музыка
вдавлена сталью гусениц
в пластины асфальта
до костей вбита дубинками
в окровавленные тела
эта музыка
вшита лагерным геном
в мои нейроны
шипами колючей проволоки
врезана в нотный стан
эта музыка —
вой валькирий люфтваффе
плясовая сапог в парадном
каждую ночь
шок
электрический ток по коже
это с плёнки стирается фонограмма
2020
Фрыдрых Самотны. «Начныя гульні». Менск, «Галіяфы».
Аўтар «Начных гульняў» у пэўным сэнсе чалавек-паліфанія. Ён адначасова музыка, інжынэр, псыхоляг, фотамастак і яшчэ шмат хто. Любячае сэрца, гаючая нянавісьць, выбуховая экспрэсія, апатыя, вытанчанасьць, наўпроставасьць, звышадчувальнасьць, няўважлівасьць — усё поруч, разам. У адным фляконе зьліліся размаітыя жыцьці, досьведы, погляды. Мікс атрымаўся б залішне ядраным, калі б ня месца вершаваных імпрэсій гэтае кнігі — ноч. Бо менавіта ўначы ўсё набывае іншыя характэрныя сугуччы, адценьні і сэнсы. І нават калі б аўтар у дадатак да сваіх іпастасяў быў яшчэ і фізыкам, наўрад ці ён змог бы растлумачыць гэтую зьяву. Мэтафізыка — па-за законамі жыцьця і навукі.
Проза
Стас Ільін. «On-Off». Менск, «Галіяфы».
Стас Ільін нарадзіўся ў Горадні, але ўжо шмат гадоў жыве ў ЗША. Працуе і спрабуе знайсьці разгадку ў рытме і сэнсе будняў. Ён глядзіць на штодзёншчыну праз прызму знаёмых зь дзяцінства ангельскіх словаў — on і off. І ў сваёй кнізе даводзіць, што ўсё наша жыцьцё і заключана паміж гэтымі двума кароткімі on/off. Раніца. Пстрычкі пімпачак на прыладах. Сьвятло, тэлевізар, кававарка, пліта, мікрахвалёўка. Уключаецца ўнутраная энэргія і старт на дзённы забег. Увечары наш маратон завяршаецца стомаю. Зноў пстрыкаюць прылады, але ўжо ў рэжыме адбою. Оff-цямрэча прабудзе да наступнае On-сьветлыні.
Тоні Лашдэн. «Последний автобус уходит в восемь». Менск, «Галіяфы».
Гэта зборнік апавяданьняў пра халодную чароўнасьць Поўначы. У невялікім запусьцелым мястэчку жывуць жанчыны, якія спрабуюць наноў выбудаваць свае стасункі з сабой і мінулым. Праз рамантычныя, сэксуальныя, сяброўскія і партнэрскія сувязі між імі аўтар раскрывае сьвет хваробы, якая пагалоў накрывае сучаснае грамадзтва — дэпрэсію.
Анна Цыма. «Прачынаюся ў Сібуі». Пераклад з чэскай Сяргея Лісіцы. Менск, «Янушкевіч».
Аўтарка — япаністка з Прагі, якая жыве ў Токіё. Яна супаставіла дзьве культуры — родную і ўлюбёную, выдатна прайшлася па фанатах анімэ і віжуал-кея, паклала ў аснову ўласны лёс і ў выніку стварыла выдатную, чытэльную, жывую і дасьціпную прозу, якая сяму-таму нагадае раньняга Міхала Вівэга, калі б ён быў жанчынай чацьвёртае хвалі фэмінізму. Прозу чэшкі і чэхі ўмеюць. Прозу і піва. «Гэтая кніга — найлепшае, што са мной здарылася сёлета ўвесну», — напісала яе ўкладальніца Марыя Мартысевіч.
Магчыма, што ў чытачоў яна будзе найлепшай гэтаю восеньню.
Нон-фікшн
Васіль Грынь. «Не адчайваемся». Менск, «Кнігазбор».
Васіль Грынь — дэбютант у літаратуры. Ён родам з Маладэчна, займаецца турыстычнымі паслугамі. Купіў хутар Засьцянак Скрыплеў на Валожыншчыне, дзе і займеў цудоўнага суседа, адметнага сваёй дасьціпнасьцю і непасрэднасьцю. Размовы з Браніславычам, замалёўкі зь мясцовага жыцьця, а яшчэ крыху ўспамінаў зь дзяцінства і дарослае іх усьведамленьне — вось што складае гэтую кнігу. Адметна, што напісана яна калярытнай гаворкай Валожыншчыны.
Дзіцячая літаратура
Алена Міхаленка. «Добрыя казкі». Менск, «Цымбераў».
У гэтай кнізе сабраныя казкі сучаснай аўтаркі Алены Міхаленкі, якія неаднаразова друкаваліся на расейскай мове як у Беларусі, так і ў Расеі, а ў 2019 годзе ў перакладзе на сэрбскую мову выйшлі ў Бялградзе. Героі казак — маленькія зьвераняты, яны весяляцца і сумуюць, часам трохі свавольнічаюць. Яны, а разам зь імі і маленькія чытачы, адкрываюць велізарны навакольны сьвет, вучацца рабіць добрыя ўчынкі, сябраваць, клапаціцца аб тых, каго любяць. Вельмі проста, мовай казкі, аўтар апавядае дзецям пра сур’ёзныя рэчы.
Паводле Алены Міхаленкі, назву кнігі падказаў адзін псыхоляг — яму гэтыя казкі дапамагалі працаваць зь дзецьмі, якія перажылі страту родных ці іншыя цяжкія абставіны. Разам з героямі казак яны вучыліся верыць, што жыцьцё можа дарыць надзею i дабрыню.
Пераклад казак з расейскай мовы аўтарка рабіла сама. У багажы пісьменьніцы Алены Міхаленкі ўжо каля 20 кніг казак, вершаў і апавяданьняў для дзяцей і дарослых. Але на беларускай мове гэта дэбют. Цікава, што і для мастака — Вольгі Міхаленкі — гэта першая кніга, якую яна аформіла цалкам самастойна. Калісьці менавіта для маленькай Волечкі матуля пачала пісаць гэтыя казкі. Сёньня Алена і Вольга Міхаленкі ўжо сталы творчы дуэт, за плячыма якога шмат розных праектаў.
Вось так бывае: чалавек напісаў і выдаў блізу двух дзясяткаў кнігаў па-расейску, а сёлета раптам зразумеў, што хоча бачыць свае творы роднаю, беларускаю мовай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 2021-ы ў кнігах. Літаратурны каляндар: ліпень