Польскія памежнікі і паліцыянты на мяжы зь Беларусьсю затрымалі больш як 60 мігрантаў.
Як паведамляе польская Памежная служба, затрыманыя 50 грамадзянаў Іраку, 11 грамадзянаў Ірану і адзін грамадзянін Камэруну. Яны перасеклі мяжу незаконна.
Акрамя таго, затрыманы грамадзянін Украіны за дапамогу ў незаконным перасячэньні мяжы.
Мігрантаў (41 мужчыну, 8 жанчын і 13 дзяцей) разьмесьцяць у ахоўных цэнтрах для замежнікаў.
- З пачатку году супрацоўнікі Падляскай памежнай службы затрымалі блізу чатырох соцень нелегальных мігрантаў зь Беларусі. Для параўнаньня — за першыя шэсьць месяцаў 2020 году агулам на ўсім адрэзку, які ахоўвае Падляскі аддзел (мяжа зь Літвой і Беларусьсю), затрымалі 24 мігранты.
- Пры гэтым сытуацыя ў Польшчы зь нерэгулярнымі мігрантамі зь Беларусі менш напружаная, чым у Літве. У Літву з Польшчы на дапамогу ў памежным кантролі адправілі патрульны гелікоптэр.
- Напружанасьць паміж ЭЗ і Беларусьсю ўзмацнілася пасьля таго, як 23 траўня ў Беларусі пасадзілі пасажырскі самалёт Ryanair і арыштавалі блогера Рамана Пратасевіча.