Раніцай 4 жніўня ананімныя тэлеграм-каналы, набліжаныя да ўладаў Беларусі, паведамілі пра сьмерць грамадзяніна Іраку непадалёк ад беларуска-літоўскай мяжы. Неўзабаве навіну пра гэта перапосьцілі адтуль і афіцыйныя СМІ, у тым ліку інфармацыйнае агенцтва БелТА.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежны камітэт Беларусі паведаміў пра гібель іракца на беларуска-літоўскай мяжы. Улады Літвы: «Гэта правакацыя і казкі братоў Грым»Афіцыйныя заявы Памежнага камітэту і СК зьявіліся толькі празь некалькі гадзін, а ў вечаровых выпусках навінаў паказалі нібыта цела загінулага мігранта (вызначыўся тэлеканал АНТ).
Усе паведамленьні пра сьмерць чалавека «неславянскага аблічча» побач зь Беняконямі грунтуюцца на паведамленьнях афіцыйных беларускіх структураў і ананімных крыніц. Літоўскія ўлады называюць інцыдэнт правакацыяй беларускага боку і «казкамі братоў Грым».
Свабода сабрала некалькі пытаньняў, якія ўзьніклі праз содні пасьля афіцыйнага паведамленьня пра сьмерць мігранта.
1. Чаму першымі пра імаверную сьмерць мігранта паведамілі тэлеграм-каналы, а не афіцыйныя структуры?
Першае паведамленьне пра магчымую сьмерць чалавека на беларуска-літоўскай мяжы зьявілася 4 жніўня ў 10.14 у набліжаным да Аляксандра Лукашэнкі ананімным тэлеграм-канале «Пул Первого».
У паведамленьні наўпрост сьцьвярджалася, што сьмерць чалавека наступіла ў выніку забойства, а сам ён пры гэтым «вяртаўся зь Літвы». Чым кіраваліся аўтары нататкі, робячы такія высновы, незразумела.
«Пул Первого» першым робіць гучныя інфармацыйныя ўкіды ня першы раз. Менавіта ў гэтым канале зьявілася першае паведамленьне пра разварот самалёта Ryanair над тэрыторыяй Беларусі (так супала, што гэта таксама адбылося недалёка ад Беняконяў. — РС). Тады канал сьцьвярджаў, што «Беларусь ратуе Эўропу» ад замінаванага лайнэра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскія памежнікі абвяргаюць паведамленьні аб перавышэньні паўнамоцтваў на мяжы зь БеларусьсюІнфармацыя пра нібыта гібель чалавека на мяжы ў афіцыйных СМІ зьявілася пазьней. Першым было інфармагенцтва БелТА, якое ў 10.17 апублікавала навіну са спасылкай на той жа «Пул Первого», не дадаючы новых крыніц. Падрабязнасьці здарэньня са спасылкай на Памежны камітэт агенцтва апублікавала толькі празь дзьве гадзіны. Там ужо не было згадак ні пра забойства, ні пра тое, што мігрант ішоў у Беларусь зь Літвы.
Газэта адміністрацыі Лукашэнкі «СБ. Беларусь сегодня» ў 11.13 апублікавала на сваім сайце артыкул з падзагалоўкам «Першая ахвяра зьверстваў літоўцаў на мяжы».
Паведамленьне Сьледчага камітэту пра здарэньне зьявілася на БелТА толькі ў 18.59 4 жніўня. Там зноў ішлося пра забойства, а таксама пра завядзеньне крымінальнай справы паводле адпаведнага артыкула Крымінальнага кодэксу. Расьсьледаваньнем мусіць займацца цэнтральны апарат СК.
Увечары 4 жніўня тэлеканал АНТ у эфіры паказаў кадры агляду цела мёртвага чалавека зь відочнымі пашкоджаньнямі. Твар ягоны пры гэтым быў схаваны.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Іраку пракамэнтавала гібель іракца на беларуска-літоўскай мяжы2. Ці сапраўды ледзь жывога мігранта знайшлі на мяжы?
Паводле сьведчаньняў жыхара Воранава Станіслава Дайлідкі, які нібыта першым заўважыў яшчэ жывога мужчыну «неславянскага аблічча» побач зь Беняконямі, іншаземец ішоў па паласе зямлі паміж чыгункай і шашой зь Беняконяў у кірунку Воранава, побач зь вёскай Ёткішкі. Ад мяжы да гэтага месца, паводле сэрвісу Google Maps, каля пяці кілямэтраў. Паводле афіцыйнай мапы Памежнага камітэту, загінулы знаходзіўся не ў памежнай паласе, якая праходзіць на поўнач ад Беняконяў, а ў памежнай зоне. Грамадзяне Беларусі могуць заяжджаць туды, маючы толькі беларускі пашпарт, а вось замежным грамадзянам неабходны дадатковы дазвол Памежнага камітэту.
3. Як мігрант трапіў у раён Ёткішак і чаму ён быў адзін?
На гэтыя пытаньні афіцыйныя беларускія структуры пакуль адказаў не даюць. Як ужо адзначалася вышэй, знаходжаньне замежных грамадзян у памежнай зоне Беларусі без адпаведнага дазволу забаронена. Паводле паведамленьняў беларускіх і літоўскіх памежнікаў, для перасячэньня мяжы мігранты зьбіраюцца ў групы, па адным яны гэтага ня робяць. Ці былі ў момант, калі беларускія памежнікі натрапілі на ледзь жывога мігранта, побач зь ім іншыя грамадзяне Іраку альбо мігранты зь іншых краін, таксама невядома.
Акрамя гэтага, зьявілася блытаніна з узростам меркаванага загінулага. Паводле вэрсіі беларускіх дзяржаўных органаў, яму было 29 гадоў. У тэлеграм-каналах удзельнікаў міграцыі празь беларуска-літоўскую мяжу ўвечары 4 жніўня зьявілася інфармацыя, што яму было 39 гадоў. Там жа называецца імя магчымага памерлага. Пацьвердзіць праўдзівасьць гэтых зьвестак пакуль немагчыма.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мігранцкі крызіс: скасавалі рэйс з Басры ў Менск, самалёт з Багдаду прыляцеў4. Адзіны сьведка здарэньня — былы вайсковец
Станіслаў Дайлідка, які першым заўважыў падазронага чалавека ля Ёткішак, у мінулым працаваў у вайсковым камісарыяце, ён падпалкоўнік запасу. Дайлідка актыўна расказвае пра здарэньне, увечары 4 жніўня інтэрвію зь ім выйшла на ўсіх дзяржаўных тэлеканалах Беларусі.
Паводле публікацыі ў «Белорусской военной газете», сын Станіслава Дайлідкі ў 2018 годзе быў начальнікам памежнай заставы імя Вусава каля Сапоцкіна ў Горадзенскай вобласьці.
Згадкі пра Станіслава Дайлідку можна знайсьці ў раённай воранаўскай прэсе. Паводле гэтых публікацыяў, кіраўніцтва раёну ўзнагароджвала яго разам зь «перадавікамі»-міліцыянтамі.
5. А ці быў наагул труп?
Экспэрты, зь якімі размаўляла «НН», прааналізавалі відэа зь нібыта забітым мігрантам, якое паказалі дзяржаўныя тэлеканалы. Экспэрты сьцьвярджаюць: на відэа ня бачна пашкоджаньняў, несумяшчальных з жыцьцём. «Больш за тое, я ня бачу прыкметаў біялягічнай сьмерці: няма трупных плямаў і трупнага зьмярцьвеньня, па гэтым відэа я не магу на 100% сказаць, што паказваюць труп», — сьцьвярджае судмэдэкспэрт.
«Мэдык» вельмі лёгка падымае і апускае руку «памерлага», хаця трупнае зьмярцьвеньне не дазваляе лёгка згінаць суставы — для гэтага патрэбна намаганьне, бо цягліцы, калі вельмі спрасьціць, «напружаныя», і труп павінен «супраціўляцца» спробе яго варушыць. Я не магу сказаць, што на відэа труп», — пагаджаецца другі судмэдэкспэрт.
6. Пікет ля літоўскай амбасады яшчэ да афіцыйнае заявы СК
Людзі з плякатамі «Литва — концлагерь ХХІ века», «Литовские каратели — убийцы демократии!», «Науседу в Гаагу» сабраліся насупраць будынку амбасады Літвы ў Менску ўжо каля 12-й гадзіны 4 жніўня. Задоўга да афіцыйнага паведамленьня Сьледчага камітэту аб здарэньні (яно зьявілася толькі каля 19-й гадзіны), а таксама задоўга да зьяўленьня сюжэтаў пра гэта ў дзяржаўнай тэлевізіі.
Усе такія акцыі, паводле беларускага заканадаўства, павінны быць узгодненыя з гарадзкімі ўладамі. Заяўку на правядзеньне неабходна падаваць за два тыдні да падзеі.