На сёлетніх беларуска-расейскіх вайсковых вучэньнях «Захад-2021» будзе адпрацоўвацца сцэнар агрэсіі супраць «саюзнай дзяржавы», паведаміла Міністэрства абароны Беларусі.
Паводле легенды, міжнародныя супярэчнасьці абвастрыліся так, што пагражаюць дэстабілізацыяй абстаноўкі ў рэгіёне і агрэсіяй супраць «саюзнай дзяржавы». Пачынаецца канфлікт, падмацаваны звонку, з удзелам
- незаконных узброеных фармаваньняў,
- сэпаратыстаў,
- міжнародных тэрарыстаў.
Пра такі сцэнар вучэньняў паведаміў 5 жніўня першы намесьнік міністра абароны Віктар Гулевіч. Ён падкрэсьліў, што яны маюць абарончы характар.
У Беларусі вучэньні пройдуць на чатырох палігонах, усе ў Берасьцейскай вобласьці:
- Абуз-Лясноўскім,
- Даманаўскім,
- Ружанскім,
- Берасьцейскім.
У вучэньнях возьмуць удзел амаль 13 тысяч чалавек, у тым ліку 2500 расейскіх вайскоўцаў і да 50 казахстанскіх, а таксама тэхніка:
- да 350 адзінак бранятанкавай тэхнікі, у тым ліку каля 140 танкаў,
- каля 110 адзінак артылерыі і ракетных комплексаў,
- больш за 30 самалётаў і верталётаў.
Стратэгічнае вучэньне Беларусі і Расеі «Захад-2021» пройдзе на палігонах дзьвюх дзяржаў з 10 па 16 верасьня. Вучэньні сэрыі «Захад» праводзяцца на тэрыторыі Беларусі раз на чатыры гады.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «„Захад-2021“ істотна адрозьніваецца ад вучэньняў 2017-га». Аналітык — пра напружаны верасень для NATO, Украіны і заходніх суседзяў Беларусі