«Мы адразу прапанавалі Ціманоўскай дапамогу дыяспары»
«Час выбірае нас, а ня мы — час», — кажа піяністка Натальля Ветрава, згадваючы нядзелю 1 жніўня, калі, вяртаючыся з пляжу на цягніку да Токіё, яна даведалася пра сытуацыю з Крысьцінай Ціманоўскай. За дзьве гадзіны ў цягніку беларуска скаардынавалася зь іншымі прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Японіі, з Паўлам Латушкам з Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва, зь Яўгенам Мядзьведзевым зь Беларускага фонду спартовай салідарнасьці, з каардынатарам беларускіх амбасадаў, сакратаром Супольнасьцяў беларусаў замежжа Міхаілам Рубіным. Зь цягніка Натальля Ветрава адразу выправілася ў аэрапорт, каб прапанаваць Крысьціне Ціманоўскай любую магчымую дапамогу ад дыяспары.
— Я ехала прапанаваць дапамогу чалавеку, які апынуўся ў Токіё, ня ведае краіны, ня ведае гораду, ня ведае паліцыі, у якой папрасіла прытулку. Беларуская паліцыя карная, яна запалохвае, а ў Японіі зусім іншая паліцыя, асабліва паліцыя аэрапорту. Калі я падышла да паліцэйскага пастарунку, там ужо было шмат журналістаў японскіх і замежных СМІ. Гэта была дадатковая абарона для Крысьціны. Я падышла да паліцэйскага, прадставілася, сказала, што гатовая прадставіць любую магчымую дапамогу — калі Крысьціне трэба недзе спыніцца, суправаджэньне да аэрапорту, калі яна вызначыцца, куды ляціць, а таксама дапамога перакладчыка, які ёй мог быць патрэбны.
На той момант паліцыя аэрапорту прыняла рашэньне абараняць чалавека, які папрасіў дапамогі, да высьвятленьня сытуацыі. Ніякага доступу да Крысьціны ў гэты момант ужо не было. А журналістам была патрэбная інфармацыя, і я скарысталася гэтай магчымасьцю, каб праз інтэрвію СМІ паведаміць Крысьціне, што беларусы ў Токіё ёсьць і гатовыя ёй дапамагчы. Мы разумелі, што яна ў панічнай сытуацыі, і ёй будзе лягчэй, калі будзе ведаць, што нехта са сваіх у горадзе.
У інтэрвію розным журналістам я гаварыла пра дапамогу, якую гатовая ёй прадставіць. Я верыла, што яна гэта прачытае ў СМІ, бо ў інтэрнэце ўсё хутка разыходзіцца, і наш голас будзе пачуты.
У аэрапорце Натальля сустрэлася зь беларускай Серафімай (тая раней зьехала зь Беларусі, жыла ў Славеніі, а ў Японію прыехала на вучобу). Серафіма таксама адгукнулася на заклік Паўла Латушкі да прадстаўнікоў дыяспары падтрымаць Ціманоўскую.
— Серафіма спрабавала праз сваіх знаёмых знайсьці юрыстаў, зьвярнуцца да адпаведных структураў ААН, хоць мы ўсе разумелі, што гэта выходны дзень і будзе ўсё няпроста. Мы зь ёй дзяжурылі ў аэрапорце да 2 гадзіны ночы, пакуль сытуацыя ня стала больш-менш зразумелай. Крысьціна прыняла рашэньне застацца ў аэрапорце ў паліцыі. Потым сувязь зь ёй зьнікла, бо паліцыя ў мэтах бясьпекі забрала ў яе сродкі сувязі, каб суправадзіць да начлегу, каб яе там немагчыма было адсачыць.
«Перадала Крысьціне прывітаньне ад усіх беларусаў»
У панядзелак Натальля разам зь іншымі беларусамі прыйшла да амбасады Польшчы, і там удалося пагаварыць з Крысьцінай Ціманоўскай.
— Калі яе прывезьлі да амбасады, мы крычалі «Крысьціна», і яна нас пачула. Мы бачылі, што яна ўжо ўпэўненая ў сабе, не панікуе, адчувалася, што яна ўнутрана супакоілася, бо ведае, што ў бясьпецы. Мне ўдалося крыху паразмаўляць зь ёй увечары. Я перадала Крысьціне прывітаньне, расказала, як шмат беларусаў і ў Японіі, і ў Эўропе дасылалі ёй паведамленьні. Я не магла ўсе зачытаць, бо іх было вельмі шмат. Мы запыталіся, чым можна дапамагчы. І гэтая дапамога ёй спатрэбіцца пазьней, калі яна прыляціць у Эўропу.
«Адвакатка, якая прадстаўляе адну з найбольш паважаных асацыяцый юрыстаў у Японіі, прыехала ўначы і прапанавала свае паслугі Крысьціне»
Натальля Ветрава сьведчыць, што сытуацыя з Крысьцінай Ціманоўскай мела ў Японіі вялікі розгалас.
— Людзі занепакоеныя, што спартоўцам могуць ствараць такія ўмовы на спаборніцтвах, якія выклікаюць страх, панічныя атакі і стрэс. Гэта абуральна. Спартовец павінен рабіць тое, да чаго рыхтаваўся. Я не спэцыялістка ў галіне спорту, але калі тую прапанову перанесьці ў музычную сфэру, то гэта раўназначна таму, што мне, піяністцы, прапанавалі б заўтра граць сур’ёзны канцэрт Паганіні на скрыпцы. І гэта толькі таму, што мэнэджару трэба будзе плаціць няўстойку за сарваны канцэрт. Любы нармальны чалавек стаў бы супраціўляцца такому ціску.
У Японіі занепакоеныя, што на спартоўку ідзе прэсінг на такім высокім узроўні. Са сваёй ініцыятывы гэтую справу ўзяла на сябе паважаная адвакатка Тамока-сан, якая прадстаўляе адну з найбольш паважаных асацыяцый юрыстаў у Японіі. Яна прыехала ўначы і прапанавала Крысьціне свае паслугі.
«Крысьціна зрабіла свой выбар»
Беларусы Японіі падтрымліваюць усіх беларускіх спартоўцаў на Алімпіядзе, незалежна ад іх палітычных поглядаў, кажа Натальля Ветрава.
— Каб падтрымаць беларускіх спартоўцаў, беларусы Японіі каля ўваходу ў алімпійскую вёску зладзілі акцыю падтрымкі. Я ведаю, што па ўмовах кантракту спартоўцам нельга браць удзел ні ў якіх палітычных дзеяньнях. Мы проста паведамілі спартоўцам, што мы побач, што заўзеем за ўсіх. Яны не маглі да нас выйсьці, бо гэта было немагчыма.
Я жыву вельмі блізка ад алімпійскай вёскі. Назірала, як яе будавалі, разважала: а дзе ж разьмесьцяць беларусаў? Вельмі расчараваная была, што не змагла наведаць спаборніцтвы ў сувязі з карантынам. Цяпер гляджу па тэлевізары. За каго я заўзею? Мне падабаюцца тыя, хто змагаецца за перамогу. Перажываю літаральна за кожнага. А як пабачыш надпіс «Беларусь», проста да экрану прыліпаеш. Якое б месца ні заняў, ён усё роўна родны. Разумееш, колькі сілаў і працы ўкладзена ў такі вынік. А калі перамога, моцна ганаруся.
На пытаньне, ці перамагла Ціманоўская на гэтай Алімпіядзе, Натальля Ветрава адказвае, не задумваючыся:
— У гэтай сытуацыі гэта яе перамога. Яна зрабіла свой выбар. Кожны робіць выбар, і ён не заўсёды лёгкі. Дайсьці да мэты бывае вельмі цяжка. І Крысьціна Ціманоўская прыйдзе да сваёй мэты. У прафэсіянала, у маладога чалавека, які выбірае сваю дарогу, усё складзецца добра.
«Цяпер вельмі адчуваецца, што беларус беларусу беларус»
Натальля Ветрава жыве ў Японіі каля 10 гадоў.
— Беларусаў тут вельмі мала. Паводле інфармацыі, якую раней давала беларуская амбасада, у Японію прыяжджае каля 200 беларусаў за год, у тым ліку і самі супрацоўнікі амбасады, і камандзіровачныя, і студэнты. Ва ўсёй Японіі жыве каля 300 беларусаў. Мы ўсе пазнаёміліся на акцыях салідарнасьці ў 2020–2021 гадах. «Салідарных беларусаў» у Японіі 35–40 чалавек. Гэта і тыя, хто стала жыве, і студэнты. Усе перажываюць за Радзіму, за Беларусь, і цяпер вельмі адчуваецца, што беларус беларусу беларус.