Яшчэ чатыры няўрадавыя арганізацыі ліквідаваныя ў Беларусі, паведамілі ў Генэральнай пракуратуры Беларусі.
«Па пазовах пракуратуры гораду Менску Галоўнае ўпраўленьне юстыцыі Менскага гарвыканкаму ліквідавала 4 установы:
- «Кансультацыйны цэнтар па актуальных міжнародных практыках і іх імплемэнтацыі ў праве „Х’юман Канстанта“»,
- «Цэнтар па прасоўваньні правоў жанчын»,
- «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю» і
- «Цэнтар прававой трансфармацыі», — гаворыцца ў паведамленьні.
Паводле пракуратуры, падставай такога рашэньня стала тое, што дзейнасьць названых суб’ектаў нібыта не адпавядала мэтам і прадмету, названым у іхных статутах, а на іхных інтэрнэт-сайтах разьмяшчалася інфармацыя, «накіраваная на распаўсюд дэструктыўных настрояў у грамадзтве, публікаваліся заклікі да эканамічнага і палітычнага ціску на краіну і іншых дзеяньняў на шкоду нацыянальнай бясьпецы», — заявілі ў пракуратуры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля заявы Лукашэнкі пра «зачыстку» ўлады ліквідуюць дзясяткі беларускіх НДА. СЬПІС«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструктыўных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў 30 ліпеня Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.
За ліпень у Беларусі ліквідавалі больш за 60 няўрадавых арганізацый.
Зь сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацый. На гэты момант вядома пра 65 арганізацый, закрытых несудовым чынам, яшчэ 20 спрабуюць ліквідаваць у судах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Палітвязьняў Сяргея Драздоўскага і Алега Граблеўскага адпусьцілі з-пад арышту пад паручальніцтваКаго ліквідавалі гэтым разам?
Праваабарончая ўстанова «Офіс па правах людзей з інваліднасьцю» трапіла пад адну зь першых хваляў перасьледу грамадзянскай супольнасьці. Нядаўна дырэктару арганізацыі, праваабаронцу Сяргею Драздоўскаму, які 6 месяцаў правёў пад хатнім арыштам, зьмянілі меру стрыманьня. Сёньня Драздоўскі пад падпіскай аб нявыезьдзе.
Разам з Драздоўскім 3 лютага затрымалі ягонага калегу, юрыста арганізацыі Алега Граблеўскага. У дачыненьні да Алега абралі меру стрыманьня ў выглядзе заключэньня пад варту, увесь час ён быў у менскім СІЗА-1. 31 ліпеня яго таксама вызвалілі. Драздоўскага і Граблеўскага праваабарончая супольнасьць прызнавала палітычнымі зьняволенымі. Іх абвінавачвалі паводле часткі 4 арт. 209 Крымінальнага кодэксу (махлярства, зьдзейсьненае арганізаванай групай альбо ў асабліва буйным памеры). Яны застаюцца падазраванымі.
Беларускую праваабарончую арганізацыю Human Constanta зарэгістравалі ў 2016 годзе, у Менску. Яна працуе з правамі чалавека ў трох асноўных кірунках: абарона правоў чалавека адносна замежных грамадзян і асоб без грамадзянства, прасоўваньне анты-дыскрымінацыі і адукацыі ў галіне правоў чалавека, лічбавых свабод і правоў.
Асьветніцкая ўстанова «Цэнтар прававой трансфармацыі» — некамэрцыйная арганізацыя, мэтай якой было павышэньне прававой культуры, арганізацыя асьветніцкай, аналітычнай і дасьледчай дзейнасьці ў галіне права.
Інфармацыйна-прававая лінія «Цэнтар па прасоўваньні правоў жанчын — Яе правы» зьявілася 13 чэрвеня 2016 году. Тут давалі кансультацыі жанчынам, якія сутыкнуліся з дыскрымінацыяй па прыкмеце полу. Асноўным напрамкам дзейнасьці арганізацыі было аказаньне бясплатнай і канфідэнцыйнай інфармацыйна-прававой дапамогі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Берасьці ўлады ліквідавалі яшчэ 2 арганізацыі: «Дзедзіч» і «За свой горад»