Ці варта, ці маральна заўзець за спартоўцаў — зацятых прыхільнікаў Лукашэнкі? Ці заўзеюць «ябацькі» за спартоўцаў — прыхільнікаў пераменаў? Залежнасьць заўзятарства ад палітычных поглядаў спартоўцаў — ці сьведчыць яна пра раскол у беларускім грамадзтве?
На гэтыя тэмы ў Праскім акцэнце спрачаюцца намесьнік галоўнага рэдактара «Нашай нівы» Зьміцер Панкавец і палітычны аглядальнік Свабоды Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў
- Калі мы ацэньваем людзей зь іншых сфэраў — пісьменьнікаў, сьпевакоў, навукоўцаў, дзеячоў шоў-бізнэсу — стаўленьне тут вельмі палітычнае, залежыць ад палітычнай пазыцыі.
- Такое стаўленьне вельмі абвастрылася пасьля леташніх падзеяў.
- Галоўнай праблемай былі і ёсьць леташнія выбары і гвалт пасьля іх.
- Праз гэтую прызму ацэньваюцца іншыя зьявы.
- Таму і спартоўцаў сталі ацэньваць паводле іх пазыцыі.
- І раней былі спрэчкі наконт, скажам, Домрачавай, якая зьяўляецца афіцэрам КДБ.
- Тады большасьць казала, што яна праслаўляе Беларусь сваімі посьпехамі, а ў якім ведамстве служыць, няважна.
- У 2020 годзе ўсё памянялася і зьмянілася стаўленьне ў тым ліку да Домрачавай.
- Колішні прынцып — спорт па-за палітыкай — ня дзейнічае ўжо ўва ўсім сьвеце, ня толькі ў Беларусі.
Панкавец
- Сытуацыя пасьля 2020 году стала больш палярызаванай.
- Вельмі засмучае сытуацыя, якая ўтварылася вакол зборнай Беларусі на гэтай Алімпіядзе.
- Цкаваньне, булінг адбываюцца з абодвух бакоў.
- «Ябацькі» жорстка пішуць — троляць, абражаюць — Ціманоўскую, прыхільнікі пераменаў жорстка «сьцябуцца» з Сабаленкі, якая вылецела са спаборніцтваў.
Цыганкоў
- Вядомая фраза Майкла Джордана — найвялікшага баскетбаліста ўсіх часоў: рэспубліканцы таксама купляюць красоўкі.
- Гэтым ён тлумачыў сваё дыстанцыяваньне ад палітыкі. Ён быў тварам красовак Nike.
- І раней спартоўцы ў ЗША наконт палітыкі не выказваліся. А зараз гэта стала агульным тонам.
- Гэта зьмянілася за апошнія 5-10 гадоў.
Панкавец
- Так, зараз многія спартоўцы ангажуюцца ў палітычны актывізм.
- Але ці нагода гэта не заўзець за такога спартоўца?
Цыганкоў
- Для кагосьці нагода, для кагосьці не.
- Адна амэрыканская спартоўка на Алімпіядзе адвярнулася ад амэрыканскага сьцяга, калі атрымлівала мэдаль.
- Кожны ў Беларусі робіць выбар: альбо я заўзею за беларуса, які б ён ні быў, альбо не заўзею за таго, хто падтрымлівае гвалт.
- Хіба другі выбар непатрыятычны?
Панкавец
- Тое, што грамадзтва расколатае, — абсалютна відавочна, і раскол паглыбляецца.
- Ня ведаю, ці магла б Алімпіяда стаць той рэччу, якая магла б крыху аб’яднаць людзей.
- Гэта малаімаверна.
- Вацлаў Гавэл адзначаў, што заўзеньне за суайчыньнікаў — гэта першасная праява патрыятызму.
- Пару тыдняў таму быў характэрны момант, калі ў Батумі гуляў барысаўскі БАТЭ.
- Сярод гульцоў БАТЭ некаторыя падпісалі праўладны ліст, ліст «за гвалт».
- Але некаторыя заўзятары прыйшлі ў Батумі на трыбуну зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.
- І яны палічылі перамогу БАТЭ сваёй, хаця ў камандзе гуляюць людзі розных поглядаў.
- Перамогі праўладных спартоўцаў неабавязкова могуць разглядацца як перамогі Лукашэнкі.
- Гэтак жа можна разглядаць і перамогу Недасекава.
- Калі б Асанаў узяў мэдаль на Алімпіядзе, Лукашэнку нічога не заставалася б, як павіншаваць яго.
Цыганкоў
- Многіх спартоўцаў, якія падпісалі ліст супраць гвалту, узялі ў зборную.
- Дзяржава ў гэтым праявіла адэкватнасьць.
- Ёсьць розныя ўзроўні патрыятызму — любоў да прыроды, любоў да ўсіх нашых спартоўцаў.
- Трэба пашыраць кола беларусаў, якіх трэба далічваць да нашых, уключна з Уэйнам Грэцкім і Андрэем Грамыкам.
Панкавец
- Пакуль Аляксандар Лукашэнка ва ўладзе, ніякай адной думкі пра Недасекава быць ня можа.
Цыганкоў
- Напэўна, Недасекаў будзе прыгаданы ў нейкай энцыкляпэдыі, гадоў праз 5-10 людзі ўжо і ня ўспомняць пра іх палітычныя погляды.
- Але пакуль для нас гэта горача.
- МАК распрацаваў правілы, якія палітычныя жэсты спартоўцаў дапушчальныя, а якія — не.
- Спорт па-за палітыкай — гэта ўжо забыта.
Панкавец
- Раскол адчуваецца ў тых злосных, поўных нянавісьці камэнтарах, якія пішуць у сацсетках спартоўцам розных палітычных поглядаў — і тым, хто за Лукашэнку, і тым, хто супраць.
Што было раней
- Максім Недасекаў заваяваў бронзу Алімпіяды-2020 у скачках у вышыню. Беларускі лёгкаатлет паўтарыў уласны нацыянальны рэкорд, узяўшы вышыню 2,37 мэтра.
- Гэта другі мэдаль зборнай Беларусі ў алімпійскім Токіё. Напярэдадні ў скачках на батуце золата заваяваў Іван Літвіновіч.
- Максім Недасекаў — падпісант ліста ў падтрымку рэжыму, пасьлядоўны прыхільнік палітыкі Аляксандра Лукашэнкі.
- Іван Літвіновіч — таксама падпісант ліста ў падтрымку рэжыму.