Калегі з агенцтва бясьпекі вонкавых межаў Эўрапейскага Зьвязу Frontex, якія дапамагаюць літоўскім памежнікам, у Салечніцкім раёне пры патруляваньні мяжы на верталёце зафіксавалі групу нелегальных мігрантаў, якую суправаджаў ведамасны аўтамабіль.
У прэс-рэлізе МУС Літвы паведамляе, што транспартныя сродкі такога тыпу выкарыстоўваюць беларускія памежнікі, піша Delfi.
За мінулы дзень літоўскія памежнікі затрымалі яшчэ 185 мігрантаў зь Беларусі, дзясяткі вярнулі ў Беларусь. Усяго ад пачатку году ў Літву зь Беларусі спрабавалі трапіць 4026 мігрантаў, паведамляе літоўскі Дэпартамэнт статыстыкі.
Сярод затрыманых на літоўскай мяжы мігрантаў 2714 былі грамадзянамі Іраку альбо назваліся такімі. Акрамя таго, грамадзян Конга было 200, Камэруну — 131, Гвінэі — 79, Ірану — 91, Сырыі — 129, яшчэ 83 чалавек маюць грамадзянства Аўганістану ды іншых краін.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Літве прапанавалі закрыць мяжу зь Беларусьсю з-за міграцыйнага крызісу9 ліпеня Літва пачала ставіць 550-кілямэтровую агароджу з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў тым, што яны пускаюць у краіну мігрантаў з-за мяжы, каб затым незаконна перапраўляць іх у Эўразьвяз. Агароджа на мяжы зь Беларусьсю будзе каштаваць Літве больш як 40 млн эўраў.
Літва абвінавачвае афіцыйны Менск у датычнасьці да арганізацыі патоку мігрантаў зь Беларусі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літоўскіх памежнікаў абавязалі вяртаць нерэгулярных мігрантаў у Беларусь2 жніўня кіраўніца апэрацыяў дзяржаўнай надзвычайнай сытуацыі Агне Білатайце паведаміла, што мігрантаў будуць адпраўляць на пункты пропуску або ў дыпляматычнае прадстаўніцтва.
«Мяжу Літвы трэба абараняць усімі законнымі спосабамі ад усялякага незаконнага перасячэньня як інструмэнту гібрыднай атакі, якую цяпер праводзяць супраць Літвы. Людзей, якія наўмысна незаконна перасякаюць мяжу ў забароненых месцах, трэба расцэньваць як злачынцаў, якія маюць намер учыніць супрацьзаконнае дзеяньне — незаконна перайсьці мяжу».
Старшыня літоўскага парлямэнцкага камітэту нацыянальнай бясьпекі і абароны Лаўрынас Кашчунас сказаў, што памежнікі не павінны выконваць функцыі гатэльных адміністратараў.
«Міграцыя павінна быць толькі легальнай. Нелегальная міграцыя як частка гібрыднай атакі толькі кампрамэтуе інстытут абгрунтаванага палітычнага прыстанішча», — заявіў ён.
У той самы дзень раніцай стала вядома, што ў Менску чакаюць новых авіярэйсаў з Іраку. Інфармацыя пра новыя палёты з гарадоў Басра (1 млн. 327 тысяч жыхароў), Сулейманія (677 тысяч жыхароў) і Арбіль (846 тысяч жыхароў) зьявілася на онлайн-табло Нацыянальнага аэрапорту Менск і ў сэзонным раскладзе.
Паводле сайту авіякампаніі, усе квіткі з Басры ў Менск ужо прададзеныя да 26 жніўня, а з Арбілю — да канца кастрычніка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На літоўскай мяжы рэкордныя затрыманьні мігрантаў, а ў Менску чакаюць новых авіярэйсаў з Іраку