Трэнэр гандбольнага клюбу «Віцязь», актывіст незалежнага аб’яднаньня спартоўцаў Канстанцін Якаўлеў пакінуў Беларусь і выехаў ва Ўкраіну, піша «Наша ніва».
У чэрвені ён адбыў 15-дзённы арышт. Якаўлева затрымалі 16 чэрвеня, калі ён разам зь іншымі спартоўцамі вяртаўся ў Менск з Баранавічаў, дзе сустракаў журналіста Дзьмітрыя Руто пасьля 15 содняў арышту.
Якаўлеў браў удзел у мірных маршах пратэсту, а таксама камэнтаваў падзеі ў Беларусі пасьля сфальсыфікаваных выбараў прэзыдэнта ў жніўні 2020 году.
Гандбольны клюб, які ён узначальвае, у кастрычніку зьнялі з чэмпіянату Беларусі і пазбавілі залі для трэнаваньняў. Здарылася гэта пасьля таго, як гульцы «Віцязя» заявілі пра салідарнасьць з арыштаванай у тыя дні баскетбалісткай Аленай Леўчанкай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля 15 дзён арышту на волю выйшаў гандбольны трэнэр Канстанцін Якаўлеў. ФОТА, ВІДЭАТаксама ў Беларусь вырашылі не вяртацца зь Нямеччыны мнагаборка Яна Максімава і яе муж, лёгкаатлет Андрэй Краўчанка.
«Доўга думаючы і разважаючы, мы прынялі рашэньне не вяртацца ў Беларусь.
Да вялікага жалю, цяпер там можна страціць ня толькі свабоду, але і пазбавіцца жыцьця...
Тут ёсьць магчымасьць дыхаць на поўныя грудзі і быць адным з тых, хто змагаецца за свабоду сваіх людзей, родных і блізкіх. Мы абавязкова пераможам», — напісала Яна Максімава ў інстаграме.
Яна спадзяецца працягнуць спартовую карʼеру і выступіць на наступных Алімпійскіх гульнях.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Страціў 11 кг, губляў прытомнасьць: алімпіец Краўчанка скончыў галадоўку на знак салідарнасьці з палітвязьняміГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская баскетбалістка Сныціна пераехала ў Вільню, бо асьцерагаецца вяртацца ў Менск