Улады Беларусі ўнесьлі ў сьпіс Інтэрполу заснавальніцу дзіцячага госьпісу ў Горадні

Вольга Вялічка, архіўнае фота

Кіраўніца горадзенскага дзіцячага госьпісу Вольга Вялічка паведаміла, што на патрабаваньне беларускіх сілавікоў яе дадалі ў сьпіс асобаў, якіх шукае Інтэрпол.

«Я ў сьпісах Інтэрполу. Так-так, разам з тэрарыстамі, наркагандлярамі ды іпшымі. Такое вось прызнаньне», — напісала яна на сваёй старонцы ў Facebook.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Я выбрала сваіх дзяцей». Шчырая гутарка з дырэктаркай госьпісу, якая зьехала ад перасьледу

Летась у кастрычніку праз перасьлед жанчына разам зь сям’ёй мусіла зьехаць зь Беларусі. 1 сьнежня 2020 году супраць яе завялі крымінальную справу (ч. 3 арт. 210 Крымінальнага кодэксу) аб крадзяжы маёмасьці грамадзкай арганізацыі.

Вользе Вялічцы 36 гадоў. Замужам, двое няпаўналетніх дзяцей. Нэўрапсыхоляг і онкапсыхоляг паводле адукацыі, магістар дзяржаўнага кіраваньня ў сацыяльнай сфэры. У 2007-м стварыла і ўзначаліла дзіцячы госьпіс. У разгар пандэміі пры ўстанове працавала майстэрня, дзе бясплатна шылі ахоўныя касьцюмы для мэдыкаў. Увосень 2020-га ў майстэрню прыйшла праверка ДФР, зь яе выгналі валянтэраў. Памяшканьне спрабуюць забраць праз суд.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «АМАП, спыніцеся». У Горадні аcудзілі дырэктарку дзіцячага госьпісу

Вольга Вялічка ўваходзіла ў ініцыятыўную групу прэтэндэнта ў прэзыдэнты Віктара Бабарыкі, была незалежнай назіральніцай. Пасьля выбараў разам з паплечнікамі спрабавала стварыць раду народнага даверу ў Горадні. Удзельнічала ў перамовах актывістаў з уладамі, выступала на мірных акцыях супраць фальсыфікацый прэзыдэнцкіх выбараў і гвалту сілавікоў.

Адседзела суткі ў гарадзкім ізалятары нібыта за ўдзел у несанкцыянаваным мітынгу і атрымала штраф.