Маладзёжнае сацыяльна-культурнае грамадзкае аб’яднаньне «Русь молодая» таксама трапіла ў сьпіс арганізацый, якія ліквідуюцца рашэньнем управы юстыцыі Менскага гарвыканкаму, паведамляе «Эўрарадыё».
Старшыня арганізацыі «Русь молодая», якая ў сваіх праектах прапагандуе расейскую культуру і мову і садзейнічае іх разьвіцьцю,— прарасейскі палітык Сяргей Лушч. Раней ён спрабаваў стварыць прарасейскую партыю «Союз», але ў Міністэрстве юстыцыі яе не зарэгістравалі. Апроч Лушча, які зьбіраўся быць старшынём будучай партыі «Союз», у склад аргкамітэту тады ўвайшлі каля 40 прарасейскіх актывістаў.
Сяргей Лушч — часты госьць дзяржаўнай тэлевізіі, стваральнік «Румола», які актыўна прасоўвае ідэі інтэграцыі Беларусі і Расеі. Разам з актывістамі ён раздаваў жыхарам Менску георгіеўскія стужачкі, прымаў удзел у стварэньні руху «Бесьсьмяротны полк» у Менску.
У 2019 годзе спрабаваў стаць кандыдатам у дэпутаты, аднак не сабраў паловы ад неабходнай для вылучэньня тысячы подпісаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хто стварае ў Беларусі прарасейскую партыю «Саюз»30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструктыўных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.
Зь сярэдзіны ліпеня па ўсёй Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў. На гэты момант вядома пра 57 арганізацыяў, закрытых несудовым чынам, яшчэ 20 спрабуюць ліквідаваць у судах.
Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Іх прадстаўнікоў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вярхоўны суд прызначыў працэс аб ліквідацыі БАЖ на 11 жніўня