50-гадовага журналіста Сяргея Гардзіевіча абвінавацілі ў абразе Лукашэнкі і паклёпе на яго, а таксама ў абразе двух міліцыянтаў у чаце тэлеграм-каналу «Реальный Дрогичин».
Яго пакаралі на паўтара года зьняволеньня ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе сайт «Першы рэгіён». Суд пастанавіў меру стрыманьня Гардзіевічу зьмяніць з падпіскі аб нявыезьдзе і належных паводзінах на заключэньне пад варту і ўзяць яго пад варту неадкладна ў зале суду.
У тэрмін залічылі некалькі дзён затрыманьня і тэрмін хатняга арышту ў сьнежні-красавіку.
Выраку чакалі 19 ліпеня, але праз пагаршэньне здароўя Гардзіевіча разгляд справы падоўжылі, адклалі на 23 ліпеня.
Як потым паведамілі Свабодзе калегі журналіста, 22 ліпеня ў яго ўпаў ціск і ён страціў прытомнасьць, яго паклалі ў шпіталь. У суд паехалі ягоныя адвакаты. У судзе абвясьцілі перапынак да акрыяньня Сяргея Гардзіевіча.
Ад Сяргея Гардзіевіча запатрабавалі выплаціць кампэнсацыі пацярпелым — старшаму опэрупаўнаважанаму групы барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Дарагічынскага РАУС Юрыю Чарнышкаву і начальніку аддзелу аховы правапарадку і прафіляктыкі міліцыі грамадзкай бясьпекі Віталю Ківелю.
Сам абвінавачаны сваёй віны не прызнаў і ў ходзе сьледзтва адмовіўся даваць паказаньні.
«Падчас сьледзтва я ўбачыў прэзумпцыю вінаватасьці ў адносінах да мяне. І не даваў ніякіх паказаньняў, карыстаючыся сваім канстытуцыйным правам», — растлумачыў на адным з пасяджэньняў Сяргей Гардзіевіч.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналіста «Першага рэгіёну» Гардзіевіча напярэдадні прысуду за абразу Лукашэнкі шпіталізаваліУ сваім апошнім слове 30 ліпеня журналіст сказаў:
«Хачу сказаць, што ў пачатку судовага расьсьледаваньня падчас допыту пацярпелых мы сталі сьведкамі, што іх больш хвалявала не само падазрэньне ва ўчыненых злачынствах, а менавіта мая прафэсійная дзейнасьць.
Я так разумею, што сапраўды закрануў вельмі сур’ёзна некаторыя структуры. Спадзяюся, што мае калегі ў выпадку, калі суд не пачуе довадаў маёй абароны, працягнуць журналісцкае расьсьледаваньне. І рана ці позна служба ўласнай бясьпекі зацікавіцца тымі момантамі, якімі я займаўся... Складваецца ўражаньне, што сьледзтва кіравалася некалі сьмешнай рэплікай „самае галоўнае падчас сьледзтва — ня выйсьці на самога сябе“.
Я заяўляю, што ня маю дачыненьня да гэтых злачынстваў, сваю віну не прызнаю. Абвінавачваньне не змагло даказаць маю віну, усё грунтуецца на здагадках, на цьвёрдых перакананьнях людзей, якія не карыстаюцца інтэрнэтам.
З свайго боку заяўляю, што не знаходжуся ні ў якіх палітычных партыях, у сваёй працы ніколі не выступаў як палітоляг, аналітык. Я карэспандэнт, зона адказнасьці якога — горад Дарагічын. Так, пішу часам аб праблемах дальнабойнікаў, гэтая тэма мне блізкая. Але ніколі ў мяне не было аналізу палітычнай сытуацыі або якіх-небудзь прагнозаў».
Сяргея Гардзіевіча затрымалі 22 сьнежня летась супрацоўнікі АМАП па дарозе з Дарагічына ў Берасьце. У ягонай кватэры прайшоў ператрус, а гаспадара затрымалі на 72 гадзіны на падставе пачатай крымінальнай справы паводле арт. 368 КК (абраза прэзыдэнта Рэспублікі Беларусі).
Гаворка ішла нібыта пра рэпост паведамленьня ў адной з дарагічынскіх групаў у Viber, да якой меў дачыненьне Сяргей Гардзіевіч. Некалькі месяцаў ён знаходзіўся пад хатнім арыштам, але ад пачатку траўня яму зьмянілі меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісту сайта «Першы рэгіён» Гардзіевічу, якога вінавацяць у абразе Лукашэнкі, зьмянілі меру стрыманьня