Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў сустрэчу прэзыдэнта ЗША Джо Байдэна зь беларускім палітыкам Сьвятланай Ціханоўскай, паведамляе БелТА.
«Каму яны зрабілі горш? Толькі сабе! Палітычная падтрымка „зьбеглых“, як бачым, ні да чаго не прывяла і зьвялася да іх бясконцых гастроляў у духу „Байдэн нам дапаможа“. Кажуць, пячэнькамі пачаставаў? Відавочна, што наступным крокам стане просты альбо ўскосны ціск на нашых усходніх саюзьнікаў і партнэраў, прадстаўнікоў сусьветнай супольнасьці і бізнэсу».
Сьвятлана Ціханоўская, якая ад 10 жніўня 2020 году знаходзіцца ў выгнаньні, сустрэлася з Джо Байдэнам 28 ліпеня. На сустрэчы палітыкі абмяркоўвалі становішча ў Беларусі і далейшыя шляхі дапамогі дэмакратычнай супольнасьці Беларусі ў змаганьні з дыктатурай.
«Для мяне было гонарам сустрэцца са Сьвятланай Ціханоўскай у Белым Доме гэтай раніцай. Злучаныя Штаты падтрымліваюць народ Беларусі ў яго імкненьні да дэмакратыі і ўнівэрсальных правоў чалавека», — напісаў Байдэн 28 ліпеня ў твітэры.
Ціханоўская наведвае ЗША на афіцыйнае запрашэньне Дзяржаўнага дэпартамэнту. Лідэрка беларускай апазыцыі праводзіць перамовы з высокапастаўленымі прадстаўнікамі адміністрацыі ЗША, кангрэсмэнамі і сэнатарамі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Найвышэйшая форма прызнаньня»: заходнія СМІ пра сустрэчу Ціханоўскай з Байдэнам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гэта абсалютна новая рэальнасьць». Аналітыкі пра сустрэчу Ціханоўскай з Байдэнам