Байдэн абвясьціў пра вакцынацыю фэдэральных службоўцаў

Джо Байдэн

Усе службоўцы фэдэральнага ўраду ЗША мусяць прайсьці вакцынацыю ад COVID-19 або рэгулярна рабіць аналізы і прымаць іншыя захады для стрыманьня пашырэньня вірусу. Пра гэта абвясьціў прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джо Байдэн.

Фэдэральны ўрад — найбуйнейшы працадаўца, і крок Байдэна можа паслужыць прыкладам для прыватных прадпрыемстваў і іншых установаў пры росьце захворваньня ў выніку пашырэньня штаму «Дэльта», піша «Голас Амэрыкі».

Паводле крыніцаў, уводзіць абавязковую вакцынацыю фэдэральных службоўцаў пад пагрозай звальненьня не плянуюць.

Паводле зьвестак з 2020 году, у Злучаных Штатах больш за два мільёны цывільных дзяржаўных службоўцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ізраіль першым у сьвеце правядзе вакцынацыю трэцяй дозай

Нацыянальны прафсаюз дзяржаўных службоўцаў, у які ўваходзяць працаўнікі 34 міністэрстваў і агенцтваў, заявіў, што падтрымлівае вакцынацыю ад каранавірусу, і заклікаў установы даць працаўнікам выходныя дні, каб яны маглі зрабіць прышчэпку і акрыяць ад магчымых пабочных эфэктаў.

ЗША знаходзяцца на першым месцы ў сьвеце паводле захворваньня каранавірусам. З пачатку пандэміі ў краіне захварэлі больш за 35,5 мільёна чалавек. Памерлі больш за 600 тысяч пацыентаў. Цалкам вакцынаваныя амаль 50 працэнтаў жыхароў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ​​​​​​​У Беларусі поўны цыкль вакцынацыі прайшло 7,5% насельніцтва, у Расеі — 13%