«Паважаныя чытачы! На жаль, папярэдні нумар быў апошнім, які вы маглі прачытаць у друкаваным варыянце. 26 ліпеня друкарня скасавала з намі дамову. Але мы не разьвітваемся з вамі», — напісала рэдакцыя «Информ-прогулки» на сваім сайце.
«Пінская рэгіянальная друкарня» апавясьціла выданьне, што «ў сувязі са значным фізычным зносам друкавальнага абсталяваньня (год уводу ў эксплюатацыю ратацыйнай друкарскай машыны 4-ПОГ-221 — 2002) і, як наступства, значным зьніжэньнем хуткасьці друку, наяўнасьцю адной брыгады друкароў, наданьне паліграфічных паслуг у друку газэты „Информ-прогулка“ якасна і ў тэрмін ня бачыцца магчымым».
Выданьне «Информ-прогулка» зарэгістраваў у 1994 годзе журналіст Андрэй Вышынскі. Гэта была адзіная незалежная газэта ў Лунінецкім раёне. Яна стала 9-м незалежным выданьнем Беларусі за апошнія два гады, якое праз палітычныя або фінансавыя прычыны перастала выходзіць у друкаванай вэрсіі.
Спыненьне выхаду недзяржаўных выданьняў
Яшчэ ў 2020 годзе перасталі выходзіць шэсьць незалежных газэтаў. Прычым чатыры газэты спынілі выхад з палітычных прычын, бо ім не давалі далей друкавацца ў Беларусі. Праблемы з друкарнямі паўсталі перад рэдакцыямі газэтаў «Свободные новости плюс», «Белгазета», «Газета Слонімская» і «Народная воля».
Фінансавыя праблемы сталі прычынай закрыцьця яшчэ дзьвюх папулярных у сваіх рэгіёнах незалежных газэтаў. На пачатку мінулага году перасталі выходзіць «Барысаўскія навіны», а ў канцы 2020 году выйшаў апошні нумар газэты «Вольнае Глыбокае».
У студзені 2021 году прыпыніла выхад «Брестская газета». Гэта адбылося пасьля таго, як мясцовая друкарня разарвала пагадненьне з рэдакцыяй. 23 ліпеня пра спыненьне выхаду друкаванай вэрсіі аб’явіла маладачанская «Рэгіянальная газета», у рэдакцыю і да супрацоўнікаў якой ня раз прыходзілі сілавікі.
Некаторыя газэты не закрытыя, але іх выключылі з падпісных каталёгаў. Напрыклад, «Белпошта» выключыла газэту «Новы час» з падпіскі на другое паўгодзьдзе, цяпер выданьне не трапляе да палітвязьняў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Рэгіянальная газэта» прыпыняе выхад друкаванага выданьня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «У Беларусі вас не надрукуе ніхто». 10 дзяржаўных і прыватных друкарняў адмовілі газэце «Народная воля»