На думку Кулебы, Люблінскі трохкутнік стварае «рэальную альтэрнатыву» так званаму «русскому миру» ў гэтай частцы Эўропы. «Украіна, Польшча і Літва ўжо ніколі ня вернуцца ў расейскую сфэру ўплыву, а вось для Беларусі Люблінскі трохкутнік — рэальная альтэрнатыва на будучыню, і мы будзем дапамагаць беларускаму народу пабудаваць справядлівую дзяржаву, у якой будзе эўрапейская будучыня і ў якой падзяляюцца, абараняюцца правы чалавека. Калі Беларусь стане на дэмакратычны, эўрапейскі шлях разьвіцьця, мы, Украіна, Польшча і Літва, будзем гатовыя разгледзець яе далучэньне да нашага фармату», — заявіў міністар.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міністры МЗС Люблінскага трыкутніка: сытуацыя ў Беларусі — выклік для бясьпекі ў рэгіёнеЁн адзначыў, што Люблінскі трохкутнік — частка стратэгіі Ўкраіны дзеля стварэньня поясу бясьпекі паміж Балтыйскім і Чорным морамі. Сярод прыярытэтаў аб’яднаньня Кулеба назваў супрацьдзеяньне «агрэсіўнай палітыцы Расейскай Фэдэрацыі», кібэрбясьпеку, барацьбу з дэзынфармацыяй, супрацьдзеяньне нелегальным фінансавым патокам і падатковым злачынствам, каардынацыю палітыкі ў сфэры працоўнай міграцыі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Люблінскі трохкутнік безь Беларусі ня поўны». У Кіеве расказалі пра размову зь Ціханоўскай і магчымы дыялёг з Лукашэнкам12 жніўня 2020 году міністры замежных спраў краін Люблінскага трохкутніку выступілі з супольнай заявай, у якой выказалі глыбокую занепакоенасьць сытуацыяй у Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў і заклікалі ўлады ўстрымацца ад ужываньня сілы. «Шанаваньне асноўных свабод і правоў чалавека, улучна з дэмакратыяй і вяршэнствам закону, неабходна для далейшага разьвіцьця незалежнай і сувэрэннай Беларусі, якую мы цалкам падтрымліваем, — было сказана ў заяве. — Мы ўпэўненыя, што толькі шляхам дыялёгу цяперашнюю сытуацыю можна вырашыць на карысьць народу і дзяржавы Беларусі. Пры неабходнасьці мы адкрытыя да любой дапамогі для спрыяньня гэтаму дыялёгу».