Паліттэхноляг Віталь Шкляраў даў вялікае інтэрвію праз паўгода пасьля вызваленьня. Зь ім у Кіеве пагутарыла журналістка kyky.org.
Віталь Шкляраў мае беларускае і амэрыканскае грамадзянства, працаваў у выбарчых кампаніях Абамы, Сандэрса, Сабчак і грузінскай апазыцыі.
У ліпені 2020-га яго затрымалі ў Беларусі. Віталя Шклярава абвінавацілі ў кансультаваньні «Страны для жизни» Сяргея Ціханоўскага. Шкляраў некалькі месяцаў правёў у СІЗА, ён таксама быў на «круглым стале» з Лукашэнкам у СІЗА КГБ. Потым паліттэхноляга вызвалілі, яго вызваленьня патрабавалі ўлады ЗША.
Што расказаў Віталь Шкляраў
Пра бацькоў: «Я ў Кіеве, са мной нічога ня здарыцца, але мама і тата застаюцца ў Беларусі ў закладніках. „Яны“ наўпрост мне на гэта намякнулі, таму я фільтрую тое, што кажу».
Пра Рамана Пратасевіча: «Цяпер на Рамана накінуліся ўсе. Зразумела, хлопец гаворыць тое, што павінен гаварыць, але мала хто хоча, дый, напэўна, не атрымаецца, надзець ягоныя боты — дзеля гэтага трэба пабыць у ягонай скуры.
Я раней таксама думаў: ой, ды што страшнага ў турме — гэта ж як у войска схадзіць. Але трапляючы туды, ты бачыш зусім іншую гісторыю».
Пра СІЗА: «Пару разоў у падвале на „Валадарцы“ я праходзіў паўзь месца, дзе прыводзяць у выкананьне вышэйшую меру пакараньня. Гэта вельмі страшны, мокры склеп — калі дождж ідзе, там з усіх разэтак ліецца. Пацукі бегаюць, смурод стаіць жудасны. Ты ідзеш па гэтым склепе, а за табой ахоўнікі з сабакамі. Можна хоць дзьвесьце разоў так пад канвоем прайсьціся, але калі ў сьпіну дыхае сабака, нават калі ён цябе не кусае, — да гэтага немагчыма прызвычаіцца. Мне 45 гадоў, а дух усё роўна займала. Уявіце, што будзе з маладым хлопцам, якога распрануць дагала і завядуць туды хвілін на пяць, — звар’яцее».
«Турма забірае магчымасьць уяўляць нават „заўтра“. Ты ня ведаеш, што здарыцца з табой ужо ў наступную хвіліну — выведуць цябе з камэры, каб пакарміць або каб зьбіць. Могуць, як мяне, 8–9 чалавек у масках цёмнай ноччу вывесьці на двор і ў выніку вывезьці на сустрэчу з Лукашэнкам. Як мне казаў Бабарыка, ён думаў, што яго на расстрэл вядуць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліттэхноляг Шкляраў зьехаў зь Беларусі пасьля размовы Лукашэнкі і ПампэоПра Лукашэнку: «Калі Пратасевіч нядаўна слова ў слова паўтарыў фразу пра сталёвыя яйцы, мяне потам абліла: яшчэ адзін такі ж пацыент выйшаў. Падчас той сустрэчы я зразумеў, што сярод нас усіх сапраўдны зьняволены — сам Лукашэнка. Гэта ён у турме і нікуды ад свайго тэрміну не ўцячэ. Ён можа хавацца за кардонамі, войскамі, але жыцьцё непрадказальнае».
«Калі я назваў Лукашэнку моцным, многія гэта лічылі як: моцны — значыць добры, але гэта ня так. Моцны — гэта канстатацыя факту. Бо можна казаць і пра тое, што моцнымі былі Банапарт, Сталін. У гэтым сэнсе трэба цьвяроза ацэньваць свайго суперніка, разумець яго слабыя месцы, каб мець магчымасьць зь ім пазмагацца... Нельга сказаць, што Лукашэнка — слабак, але гэта ня значыць, што ён разумны і правільны».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Прыбярыце Ціханоўскага і пастаўце любога, будзе тое самае». 15 цытатаў арыштаванага паліттэхноляга Шклярава
Пра Ціханоўскага: «Сяргей круты, жыцьцярадасны. Гэта той выпадак, калі я са стоадсоткавай упэўненасьцю магу сказаць — чувак зь яйцамі».
Пра Васкрасенскага: «Быў момант [на „круглым стале“ ў СІЗА КДБ], калі Лукашэнка паклаў на плячо Васкрасенскаму руку і сказаў: „Калі б ня Юрый, я б наогул сюды не прыйшоў“. А я на той момант наогул ня ведаў, хто гэта. У выніку пазнаёміўся з Васкрасенскім нават ня ў лазьні, а калі мяне прывезьлі ў СК, перад тым як выпусьціць на волю»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманы паліттэхноляг Шкляраў заявіў, што зь Ціханоўскім не ўзаемадзейнічаў і нікога не «мабілізоўваў»Пра сваё вызваленьне: «Мне прапанавалі схадзіць на БТ, даць інтэрвію камусьці, але я адмовіўся. Першапачаткова гэтыя эфіры і былі ўмовай вызваленьня, на што я адказаў: „Вязіце мяне назад у СІЗА“.
І мяне адвезьлі, але праз пару дзён усё ж выпусьцілі. Мяне вывезьлі ноччу з „Валадаркі“ на нейкую кватэру на 14-м паверсе менскага шматкватэрнага дома. Як я пазьней даведаўся, гэта была кватэра мамы Васкрасенскага, там нават стаялі яе фатаграфіі і яго самога, дзе ён маленькі на моры. Там мяне пратрымалі некалькі дзён. Увесь гэты час са мной была ахова, хлопцы дзяжурылі 24/7 у тры зьмены, па двое прыходзілі і спалі таксама пазьменна».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Віталь Шкляраў: «Лукашэнка разумны чалавек і круты мужык, мы зь ім у нечым аднаго поля ягады»