Пра траўму Дар’я Барысевіч напісала ў Фэйсбуку. Яна адзначыла, што набрала «ашаламляльную форму», зрабіўшы велізарную працу, аднак зараз «сур’ёзная траўма» не дазволіць ёй выйсьці на бегавую дарожку. Беларуска рыхтавалася да бегу на 1500 мэтраў.
Перад адлётам на радзіму спартоўка пажадала посьпеху ўсім беларускім алімпійцам, у якіх пакуль няма ніводнага мэдаля.
Дар‘я Барысевіч — адна з найлепшых стаерак краіны, прызэрка чэмпіянату сьвету. Алімпійскую ліцэнзію заваявала яшчэ летась на этапе Брыльянтавай лігі. Але пасьля ліста свабодных спартоўцаў, падпісанага разам з мужам-хадаком Дзьмітрыем Дзюбіным, пачаўся прэсінг, выехаць на замежныя зборы ўдалося толькі дзякуючы незалежнай падтрымцы.
Аднак з улікам былых заслуг (асабліва з унёскам на вяртаньне лёгкаатлетычнай каманды ў Супэрлігу) Дар'ю ўсё ж рэабілітавалі — прынамсі на час Алімпіяды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заўзеем за нашых! Беларускія «спартоўцы пратэсту» на Алімпіядзе ў Токіё (РАСКЛАД)Таксама стала вядома, што ня выступіць на Алімпіядзе скакуха ў вышыню Марыя Жодзік. Як перадае карэспандэнт Тribuna.com, прычынай — недастатковая колькасьць допінг-тэстаў за сэзон.
На Гульні маладая лёгкаатлетка з Баранавічаў адабралася літаральна ў апошні момант па выніках чэмпіянату Беларусі, дзе паставіла асабісты рэкорд у скачках — 196 см.
Як і Дар’я Барысевіч, Марыя Жодзік таксама падпісала ліст за сумленныя выбары і супраць гвалту.
Адпаведна, ня выступяць на Алімпійскіх гульнях і яшчэ дзьве спартоўкі, якія былі заяўленыя на эстафэту 4х100 м, Ганна Міхайлава і Крысьціна Мулярчык. У іх таксама недастатковая колькасьць здадзеных допінг-тэстаў. Але галоўны трэнэр зборнай Беларусі ў лёгкай атлетыцы Юры Маісевіч паабяцаў, што ўдзел у эстафэце каманда прыняць усё ж паспрабуе, толькі ў новым складзе. Кваліфікацыя прызначана на 6 жніўня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Адзін зь беларускіх жакеяў адмовіўся ад удзелу ў Алімпійскіх гульнях праз хваробу каняАкрамя лёгкаатлетак, ад удзелу мусіў адмовіцца жакей Аляксандар Фаміноў, які зьбіраўся выступаць у конным трохборстве. Гэта адбылося праз сур’ёзную хваробу ягонага каня Марціні. Немач у жывёлы дыягнаставалі вэтэрынарныя лекары ў алімпійскай стайні.