«Усе часовыя абставіны толькі загартоўваюць»
Юры Ўласаў быў даверанай асобай Сьвятланы Ціханоўскай на леташніх выбарах. Яго затрымалі 7 жніўня 2020 году, а сёлета 4 траўня пакаралі шасьцю з паловай гадамі пазбаўленьня волі за «масавыя беспарадкі». У нядаўнім лісьце з гомельскага СІЗА ён піша, што не губляе аптымізму і надзеі.
«Давядзецца сядзець — буду сядзець! Я бадзёры, энэргічны. Штодзень займаюся „турэмнай гімнастыкай“. За зіму трохі набраў вагі — цяпер узмоцнена праводжу карэкцыю. Штодзённа займаюся на шпацыры. Са здароўем усё добра — намагаюся трымаць эмацыйную і псыхалягічную раўнавагу. Самае галоўнае — што я той жа Юра Ўласаў, што і год таму, — з сваімі памкненьнямі, перакананьнямі і ўпэўненасьцю. А ўсе часовыя абставіны і цяжкасьці — яны толькі загартоўваюць, дазваляюць набрацца неацэннага досьведу і ўмацаваць сябе ўнутрана!», — піша палітвязень.
Ён існуe ў інфармацыйнай ізаляцыі, але «нават тыя драбніцы, што трапляюць сюды, дазваляюць захоўваюць аптымізм і надзею на магчымую хуткую зьмену той сытуацыі, якая склалася».
«Перадайце прывітаньне і вялікую ўдзячнасьць за падтрымку ўсім добрым людзям! Усё будзе добра! Наша будзе нашым! Я і ўсе, хто цяпер знаходзіцца ў „часовай камандзіроўцы“, ганарацца ўсімі неабыякавымі беларусамі!», — напісаў Юры Ўласаў.
«Гэтае вар’яцтва доўга трымацца ня можа»
Тацяна Канеўская — маці чатырох сыноў. Прысуд ёй агучылі разам зь Юрыем Ўласавым: 6 гадоў калёніі за «масавыя беспарадкі». Дома застаўся непаўналетні сын Георгі , яму 14 гадоў.
«Ты пішаш, што людзі жывуць у страху? Але чаго баяцца — турмы? :-) Дык тут ня страшна :-) Кормяць, зьмяняюць бялізну (пасьцельную), адмысловыя людзі выгульваюць, вельмі ветлівыя :-), посуд мыць ня трэба, галава баліць толькі пра тое, што цяпер паесьці, ці гарбаты папіць, ці кнігу пачытаць, ці памаляваць. Вось я думаю — каб усе сюды, што б тады :-)
Ты ж разумееш, што гэтае вар’яцтва доўга трымацца ня можа, усё мае свой пачатак і канец», — напісала ў лісьце на волю Тацяна Канеўская.
Сярэдні сын Тацяны Канеўскай, 26-гадовы Дзьмітры, гэтаксама апынуўся ў турме: праз эмацыйны камэнтар у бок супрацоўнікаў міліцыі ў Тэлеграме сёлета ў чэрвені атрымаў 3 гады калёніі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Мы на вайне, я ў палоне». Журналіст Івашын перадаў на волю першы ліст за месяц
«Сама няволя ня так турбуе, як страчаны час»
Дзьмітры Грышчанка — супрацоўнік прадпрыемства «Беларуснафта». Яго затрымалі ў траўні паводле падазрэньня ў «масавых беспарадках». Увосень жыхар Гомля публічна выступіў супраць гвалту. Цяпер Дзьмітры ў гомельскім СІЗА.
«Сама няволя ці кепскія побытавыя ўмовы мяне ня так турбуюць, як факт таго, што праца сама сябе ня зробіць, мова сама сябе ня вывучыць, ды і асабісты фронт. Час ідзе, а я сяджу бяз справы. Пра сьледзтва пісаць ня буду, але думаю, што ў СІЗА я буду яшчэ не адзін месяц, а ў „чэсным і справядлівым“ выніку не сумняваюся, таму дзень за паўтара вельмі дарэчы. 60 дзён тут будзе залічана за 90 (адпаведна зьменам у заканадаўстве цяпер дзень у СІЗА лічыцца за паўтара дня ўвязьненьня. — РС)», — піша Дзьмітры.
«Не пераймайся, твае лісты вельмі наэлектрызаваныя тваімі адносінамі да падзеяў. Хочаш зрабіць мне прыемнае — пішы лісты на дзьве-тры старонкі», — просіць ён.
«Ад сваіх перакананьняў не адмоўлюся»
Яўген Зялкоўскі — жыхар Гомля. Увосень ён усталяваў на пустках гораду два бел-чырвона-белыя сьцягі. Пад адным зь іх была пустая пэтарда, пад другім — карыкатура на АМАП. Суд палічыў яго вінаватым ў злосным хуліганстве і пакараў пазбаўленьнем волі на тры з паловай гады. На момант суду жонка Яўгена была цяжарная. У ліпені яна нарадзіла дачку.
«Жонка перадае перадачы, сабраныя з дапамогай людзей. Усяго хапае, нават перабор! Юля кажа, што яе дзіцячымі рэчамі забясьпечылі цалкам! Днямі ёй у радзільню (на момант напісаньня матэрыялу нарадзіла дачку Кацярыну. — РС). Спадзяюся, усё пройдзе добра. Але ўсё роўна хвалююся. Мы тут не ўпадаем у паныласьць, размаўляем, апавядаем розныя выпадкі з жыцьця. У нас тут рэдка бывае ціха. Неўзабаве ў калёнію. Вязьніца мяне не палохае, ад перакананьняў я не адмоўлюся. Веру ў лепшае!».
У лістах Яўген Зялкоўскі піша, што ня будзе прасіць памілаваньня, бо ня лічыць сябе вінаватым у нечым, і не зьбіраецца адмаўляцца ад перакананьняў.