Угодкі Ежы Гедройця: 115 год таму ў Менску нарадзіўся аўтар тэрміну «расстралянае адраджэньне»

Ежы Гедройць

27 ліпеня адзначаецца 115 гадоў з дня нараджэньня Ежы Гедройця — выбітнага польскага публіцыста, палітыка, заснавальніка і рэдактара легендарнага парыскага часопісу «Kultura». Ён памёр у верасьні 2000-га ў Францыі ва ўзросьце 94 гадоў.

Ежы Гедройць нарадзіўся ў Менску, правёў тут першыя дзесяць гадоў жыцьця, пайшоў у школу.

У 1919-м сям’я пераехала ў Варшаву, дзе хлопец скончыў гімназію імя Яна Замойскага. Пасьля вывучаў юрыспрудэнцыю і гісторыю ў Варшаўскім унівэрсытэце. У часе навучаньня захапіўся палітычнай дзейнасьцю, быў кіраўніком студэнцкай карпарацыі Patria і арганізацыі Koło Międzykorporacyjne. Працаваў у замежным аддзеле Галоўнага камітэту Польскага зьвязу моладзі.

Служыў рэфэрэнтам у Міністэрстве сельскай гаспадаркі і кіраваў аддзелам у Міністэрстве прамысловасьці і гандлю. Паралельна займаўся публіцыстычнай дзейнасьцю — рэдагаваў Dzień Akademicki, штодзённы дадатак да Dzień Polski, які наўзебаве зьмяніў назву на Bunt Młodych. У 1936-м Ежы Гедройць памяняў назву часопіса на Polityka, зрабіўшы яго тыднёвікам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Гедройць», які нас падзяляе. І яднае

З пачаткам Другой усясьветнай вайны ў 1939 годзе Гедройць эвакуаваўся ў Румынію. У 1941-м выехаў у Стамбул, дзе запісаўся на вайсковую службу. Адправіўся ў Палестыну і ўступіў у Асобную брыгаду карпацкіх стралкоў. Удзельнічаў у лібійскай кампаніі і баях за Табрук. У 1944–1945 гадах працаваў у вучэбным цэнтры бранятанкавых войскаў у Італіі, пасьля чаго стаў дырэктарам Эўрапейскага дэпартамэнту Міністэрства інфармацыі польскага ўраду ў Лёндане.

У 1946 годзе Гедройць на распараджэньне генэрала Ўладыслава Андэрса заснаваў у Рыме выдавецтва для дэмабілізаваных жаўнераў — Літаратурны інстытут. На наступны год установа пераехала ў Францыю, дзе зь цягам часу пачала функцыянаваць як цалкам незалежная.

У 1947-м Інстытут выпусьціў першы нумар часопіса «Культура». Часопіс сабраў вакол сябе найвыбітнейшых польскіх публіцыстаў і пісьменьнікаў і неўзабаве зрабіўся найважнейшым выданьнем паваеннай польскай эміграцыі ды лідэрам думак. Прынцыповай пазыцыяй часопіса і яго галоўнага рэдактара было разуменьне, што палякі мусяць падтрымліваць памкненьні да свабоды й незалежнасьці ўсходніх суседзяў — літоўцаў, беларусаў і ўкраінцаў.

Ежы Гедройць быў аўтарам тэрміну «расстралянае адраджэньне» — так ён назваў анталёгію ўкраінскай літаратуры. Гедройць казаў: «Калі б нехта спытаў мяне пра маю радзіму, я б адказаў, што гэта Ўсходняя Эўропа».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Кіеве адной з вуліц надалі імя Ежы Гедройця, польскага літаратара зь Менску

Усё жыцьцё Ежы Гедройць захоўваў увагу да Беларусі. У 1998 годзе выйшаў адмысловы «беларускі» нумар часопіса «Kultura», а ў ліставаньні з Сакратам Яновічам ён горача падтрымаў вылучэньне на атрыманьне Нобэлеўскай прэміі кандыдатуры Васіля Быкава. У 1990-я гады карэспандэнтам «Культуры» быў журналіст Радыё Свабода Сяргей Дубавец.

  • 100-годзьдзе з дня нараджэньня выбітнай асобы адзначалася ў 2006 пад эгідай UNESCO.
  • У Менску ў мікрараёне Брылевічы ёсьць вуліца Ежы Гедройця.
  • Ягоным імем названая літаратурная прэмія, якая таксама сьведчыць пра ўнёсак беларуска-польскага дзеяча ў двухбаковыя культурныя стасункі. Прэмія імя Ежы Гедройця ўручаецца з 2012 году за найлепшую кнігу ў жанры мастацкай i дакумэнтальнай прозы і лічыцца галоўнай незалежнай літаратурнай узнагародай Беларусі.

    Пераможцы прэміі Ежы Гедройця:

  • Павал Касьцюкевіч, «Зборная РБ па негалоўных відах спорту» (2012);
  • Уладзімер Някляеў, «Аўтамат з газіроўкай з сыропам і без» (2013);
  • Ігар Бабкоў, «Хвілінка: Тры гісторыі» (2014);
  • Віктар Казько, «Час зьбіраць косьці» (2015);
  • Макс Шчур, «Завяршыць гештальт» (2016);
  • Зьміцер Бартосік, «Быў у пана верабейка гаварушчы» (2017);
  • Уладзімер Арлоў, «Танцы над горадам» (2018);
  • Ільля Сін, «Libido» (2019);
  • Сяргей Дубавец, «Тантамарэскі» (2020).

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Літаратура выконвае функцыю праўды». Ляўрэат Гедройця-2020 пра кнігу, яе героя і судовую сыстэму