На Алімпійскіх гульнях у Токіё ў дысцыпліне трохборства прыме ўдзел толькі адзін беларускі ўдзельнік — Аляксандар Зелянко і яго конь Карла-Грандэ. Беларуская фэдэрацыя коннага спорту паведаміла, што другі алімпіец — Аляксандар Фаміноў вымушаны адмовіцца ад галоўнага старту.
Гэта адбылося праз сур’ёзную хваробу каня Марціні, на якім выступае Фаміноў. Немач у каня дыягнаставалі вэтэрынарныя лекары ў алімпійскай стайні. Гэта адбылося амаль адразу пасьля прылёту ў Токіё.
Цяпер каню прапісалі неабходнае лячэньне. Калі Марціні акрыяе, Фаміноў, магчыма, працягне выступленьні на ім у іншых спаборах.
За тры дні Алімпійскіх гульняў у Японіі ўручылі 21 камплект узнагародаў. Лідэры агульнакамандавага заліку японцы, якія заваявалі тры залатыя мэдалі — усяго ў іх цяпер 8 залатых, 2 срэбныя і 3 масяжовыя ўзнагароды, на другім месцы каманда ЗША, на трэцім — Кітай. У беларускай алімпійскай зборнай пакуль няма ўзнагародаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 5 пытаньняў і адказаў пра новыя алімпійскія віды спорту, якія дэбютуюць у Токіё ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларуская падпісантка ліста за сумленныя выбары спынілася побач з алімпійскім п'едэсталам ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Баксэр — падпісант ліста свабодных спартоўцаў пасьпяхова стартаваў на Гульнях у Токіё