Пра гэта паведаміў яе адвакат, піша «Zerkalo».
Сілавікі прыйшлі да Юліі Чарняўскай 18 траўня, празь дзень пасьля першай гадавіны з дня сьмерці яе мужа, заснавальніка Tut.by Юрыя Зісера. У дзень заключэньня Чарняўскай пад хатні арышт у яе здарыўся гіпэртанічны крыз.
Хадайніцтва аб зьмене меры стрыманьня абарона падала 6 ліпеня. Адвакатка прапаноўвала адпусьціць Юлію Чарняўскую з-пад хатняга арышту пад паручальніцтва і падпіску аб нявыезьдзе. Да гэтага часу пісьмовага адказу на адрас абароны не паступіла. «Гэта азначае, што рашэньне аб задавальненьні хадайніцтва сьледзтвам на дадзеным этапе не прынята», — паведаміла адвакатка.
Хто такая Юлія Чарняўская?
Культуроляг, пісьменьніца, драматург, блогер. Кірункі навуковай дзейнасьці — этнічная культуралёгія, сэміётыка культуры. Чарняўская стварыла канцэпцыю этнічнага самавобраза беларуса. Напісала шэраг кніг і сотні артыкулаў па культуралёгіі. Адна зь яе апошніх манаграфій — «Белорусы. От „тутэйшых“ — к нации» (2010). Тры спэктаклі па п’есах Чарняўскай пастаўленыя ў Тэатры беларускай драматургіі (Менск).
Юлія Чарняўская нарадзілася 5 жніўня 1962 году ў Менску ў сям’і дактароў. Скончыла філялягічны факультэт БДУ. 24 гады працавала ў Беларускім дзяржаўным унівэрсытэце культуры і мастацтваў, адкуль сышла ў 2020 годзе.
Юлія — унучка знакамітага беларускага пісьменьніка Васіля Віткі. Ейны муж Юры Зісер — заснавальнік партала Tut.by. Ён памёр 17 траўня 2020 году. Дачка Яўгенія Чарняўская жыве ў Ізраілі.
18 траўня 2021 году Юлію Чарняўскую затрымалі разам з 13 супрацоўнікамі парталу Tut.by і генэральным дырэктарам Hoster.by. Да Tut.by Чарняўская ня мае дачыненьня, але валодае пакетам акцый Hoster.by. Затрымалі яе нібыта за «ўхіленьне ад сплаты падаткаў» (частка 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэксу Беларусі). Ёй пагражае да 7 гадоў калёніі.
У дзень затрыманьня ў Чарняўскай здарыўся гіпэртанічны крыз, яна страціла прытомнасьць, яе завезьлі ў шпіталь. Чарняўскай цяжка хадзіць, ёй моцна баліць левая нага. У 2009 годзе ў яе быў цяжкі пералом ступні, ёй рабілі апэрацыю, паўгода яна перасоўвалася па кватэры на вазку. Да таго ж яна цярпіць на бранхіяльную астму, захворваньні сардэчна-судзіннай сыстэмы.
Цяпер Юлія Чарняўская пад хатнім арыштам. Яна ня мае права камунікаваць ні з кім, акрамя адваката, ён забаронена пісаць лісты, карыстацца тэлефонам, інтэрнэтам, выходзіць з дому, прымаць гасьцей, атрымліваць падарункі.
Юлію Чарняўскую прызналі палітычнай зьняволенай.
- Юліі Чарняўскай закідаецца «ухіленьне ад сплаты падаткаў»
- на сёньня ў гэтай справе затрымана 15 супрацоўнікаў Tut.by
- Мінінфарм абмежаваў доступ да інтэрнэ-рэсурсаў Tut.by