Генэральная пракуратура завяла 4 200 крымінальных справаў, зьвязаных з экстрэмізмам і тэрарызмам

Генэральны пракурор Беларусі Андрэй Швед

Генеральны пракурор Беларусі Андрэй Швед даў справаздачу Аляксандру Лукашэнку аб палітычна матываваных крымінальных справах.

«На сёньняшні дзень пачата больш за 4200 крымінальных справаў, зьвязаных з антыграмадзкімі праявамі. У суды ўжо накіраваныя 803 крымінальныя справы ў дачыненьні да 1116 чалавек, разгледжаны 704 крымінальных справы ў дачыненьні да 955 асобаў», — цытуе пракурора БелТА.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расьсьледаваў тэракт у мэтро, спрычыніўся да «справы Бяляцкага». Гісторыя кар’еры генпракурора Андрэя Шведа

Андрэй Швед заявіў, што пракуроры займаюць прынцыповую пазыцыю: з улікам абставінаў сытуацыі вінаватыя прыцягваюцца да максымальнай крымінальнай адказнасьці.

Генэральны пракурор расказаў Лукашэнку пра расьсьледаваньне спробы «дзяржаўнага перавароту» у 2020 годзе. Зь яго словаў, у распараджэньні пракуратуры «бясспрэчная доказная база» ў гэтых справах.

Тры месяцы знаходзіцца за кратамі палітоляг Аляксандар Фядута, якога абвінавачваюць у змове з мэтай захопу ці ўтрыманьня дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.

12 красавіка ў Шклове сілавікі затрымалі кіраўніка партыі БНФ Рыгора Кастусёва. Увечары таго ж дня жонка паліттэхноляга Аляксандра Фядуты паведаміла пра яго зьнікненьне ў Расеі, а 13 красавіка КДБ Беларусі паведаміў, што ён затрыманы. У ноч на 14 красавіка стала вядома аб затрыманьні ў Маскве беларускага юрыста з ЗША Юрася Зянковіча.

17 красавіка дзяржаўныя СМІ Беларусі паказалі заяву Аляксандра Лукашэнкі аб тым, што заходнія спэцслужбы нібыта рыхтавалі збройны мяцеж, а таксама замах на яго і на ягоных дзяцей. Ён абвінаваціў у датычнасьці да падрыхтоўкі замаху траіх затрыманых.

Усіх іх цяпер трымаюць у СІЗА КДБ. Сьледзтва ў справе аб спробе дзяржаўнага перавароту працягнулі да кастрычніка.

Аналягічнае абвінавачаньне выстаўлена палітыку Рыгору Кастусёву і юрысту Юрасю Зянковічу (ч. 1 арт. 357 Крымінальнага кодэксу). Усім затрыманым пагражае ад 8 да 12 гадоў пазбаўленьня волі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апэляцыйны суд у Маскве пакінуў ў сіле рашэньне аб выдачы беларускага спартоўца Аляксея Кудзіна