Беларуская падпісантка ліста за сумленныя выбары спынілася побач з алімпійскім п'едэсталам

Карына Казлоўская, стральба з луку

Жаночая зборная Беларусі па стральбе з луку пазмагалася зь Нямеччынай за бронзу Алімпійскіх гульняў.

25 ліпеня на Алімпіядзе-2020 у Токіё сталі вядомыя ўладальнікі мэдалёў у камандных спаборніцтвах па стральбе з луку сярод жанчын.

Каманда Беларусі выйшла ў паўфінал, дзе саступіла Паўднёвай Карэі. Да таго беларускі перамаглі Кітай і Японію.

У матчы за 3-е месца Беларусі супрацьстаяла Нямеччына. Спадзеў на першы мэдаль ня спраўдзіўся — камандная параза зь лікам 1:5.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заўзеем за нашых! Беларускія «спартоўцы пратэсту» на Алімпіядзе ў Токіё (РАСКЛАД)

У складзе нацыянальнай зборнай выступае маладая лучніца Карына Казлоўская — падпісантка ліста за сумленныя выбары і супраць гвалту, а таксама Мэмарандуму за незалежнасьць. А вось яе партнэркі Карына Дзямінская і Ганна Марусава, наадварот, падпісалі праўладны ліст у падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

Карына Казлоўскае яшчэ паспытае шчасьця ў індывідуальных спаборніцтвах.