Мы зьвязаліся з Алесем, і ён расказаў пра абставіны вызваленьня:
«Мы з Алегам (Грузьдзіловічам. — РС) былі ў адной камэры і сёньня заявілі пра тое, што падтрымліваем Іну і абвяшчаем галадоўку салідарнасьці зь ёю. Пра тое, што яна галадае, я даведаўся ад маёй адвакаткі, якая сёньня прыходзіла да мяне. Пасьля гэтага нас адразу разьвялі ў розныя камэры. Я ня ведаю, куды трапіў Алег, а мяне завялі ў камэру, дзе сядзіць Ігар Ільяш і яшчэ пяць чалавек.
Увечары, пасьля вячэры — я ўжо не вячэраў — прайшло яшчэ гадзіна ці дзьве, там вельмі цяжка арыентавацца... нечакана прыйшлі і сказалі мне зьбірацца з рэчамі. Я думаў — можа, пераводзяць у якую іншую камэру. Мяне павялі ўніз, там я яшчэ ўбачыў журналістку Белсату Ганну Галёту — і нас выпусьцілі, спачатку яе, пасьля мяне. Я яшчэ пасядзеў у «стакане», нам аддалі перадачы, аддалі рэчы.
Там яшчэ быў сьледчы, і я падпісаў дакумэнты — аб неразгалошваньні, абавязаньне яўкі, і аб нявыезьдзе. Я зразумеў так, што я застаюся падазраваным па гэтай справе. Гэткім самым чынам выпусьцілі і Ганну.
Я ўжо гаварыў з Алегавай жонкай — яго яшчэ няма. Але мы зь ім праходзілі па адным артыкуле.
Я за гэты час пасьпеў пасядзець у трох камэрах. Не было ні матрацаў, ні падушак, ні коўдраў, спалі на голых нарах...»
Крыху раней Свабодзе паведамілі, што Алег Грузьдзіловіч і Алесь Дашчынскі сёньня абвясьцілі галадоўку на знак салідарнасьці зь Інай Студзінскай. Яны вырашылі трымаць галадоўку прынамсі да панядзелка, 26 ліпеня, калі споўніцца 10 дзён іх утрыманьня пад вартай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволеная журналістка Свабоды Іна Студзінская галадае чацьвёрты дзеньСёньня прайшлі сем дзён з моманту затрыманьня журналістаў Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча, Іны Студзінскай і Алеся Дашчынскага, якіх летась МЗС Беларусі пазбавіў акрэдытацыі. Супрацоўнікі СІЗА на Акрэсьціна раней паведамілі родным, што журналістаў арыштавалі на 10 сутак, але ў чым іх абвінавачваюць, дагэтуль невядома.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Буду заставацца ў Беларусі». Палітзьняволеныя журналісты Свабоды тыдзень за кратамі