У Токіё праходзіць цырымонія адкрыцьця Алімпійскіх гульняў

OLYMPICS-2020-CEREMONY/OPENING

У Токіё праходзіць урачыстая цырымонія адкрыцьця летніх Алімпійскіх гульняў 2020 году.

Алімпіяда пачынаецца на год пазьней, чым плянавалася. Яе правядзеньне перанесьлі на год праз пандэмію каранавіруснай інфэкцыі COVID-19.

За гэты год пандэмія ня скончылася, і Алімпійскія гульні сутыкнуліся з беспрэцэдэнтнымі абмежаваньнямі. Спаборніцтвы пройдуць, апроч шэрагу выключэньняў, без гледачоў, дэлегацыі краін-удзельніц скарочаныя, спартоўцаў рэгулярна тэстуюць на каранавірус, а некаторыя зь іх ужо былі вымушаныя адмовіцца ад плянаў удзелу ў Гульнях, бо ў іх выявілі вірус.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Заўзеем за нашых! Беларускія «спартоўцы пратэсту» на Алімпіядзе ў Токіё (РАСКЛАД)

Акрамя таго, скандалы скаланалі каманду арганізатараў Алімпіяды. З розных нагодаў, галоўным чынам з прычыны зробленых у мінулым спрэчных выказваньняў, у адстаўку былі вымушаныя пайсьці кіраўнік яе аргкамітэту і шэраг іншых афіцыйных асобаў. Усяго за некалькі дзён да пачатку Гульняў быў вымушаны звольніцца галоўны рэжысэр цырымоніі адкрыцьця, комік Кэнтара Кабаясі, бо ў інтэрнэце зьявіўся запіс яго выступу 1998 году, у якім ён жартуе на тэму Галакосту.

Паводле апытаньняў, большасьць жыхароў Японіі выступае супраць правядзеньня Алімпіяды ў такім становішчы. Ля алімпійскага стадыёна ў Токіё падчас цырымоніі адкрыцьця праходзіць акцыя пратэсту.

Усяго ў спаборніцтвах возьмуць удзел каля 11 тысяч спартоўцаў, якія прадстаўляюць 204 нацыянальныя алімпійскія камітэты. Выступіць і зборная спартоўцаў-уцекачоў — пад алімпійскім сьцягам. Усяго будзе разыграна 339 камплектаў алімпійскіх узнагарод у 41 відзе спорту, у тым ліку новых алімпійскіх відах, такіх як каратэ, скалалажаньне і скейтборд.

На цырымонію адкрыцьця дапусьцілі каля 1000 чалавек, галоўным чынам высокапастаўленых прадстаўнікоў краін – удзельніц Гульняў. З сусьветных лідэраў, акрамя імпэратара Японіі Нарухіта, прысутнічае прэзыдэнт Францыі Эманюэль Макрон. ЗША прадстаўляе першая лэдзі Джыл Байдэн.