Аляксандар (імя зьмененае - РС) амаль паўгода хаваўся ад беларускіх сілавікоў у Расеі. Больш як тыдзень таму ён перайшоў мяжу зь Літвою і здаўся мясцовай паліцыі, просячы аб прытулку ў гэтай краіне. Некаторы час ён правёў у тым самым лягеры для ўцекачоў, у які трапляюць мігранты з Блізкага Ўсходу і Афрыкі, нелегальна пераходзячы мяжу зь Беларусі.
Аляксандар кажа, што пераходзіў мяжу самастойна і ў той дзень не сустрэў там іншых нелегалаў.
«Па памежнай зоне я перасоўваўся вельмі доўга, пазьбягаў дарог, а мясьціны там не для шпацыраў. Сустрэў адзін патруль і ўцякаў ад яго. Магчыма, мясцовыя жыхары мяне заўважылі. Але чуў машыну, людзей, якія зь яе выйшлі, сабак. Я залёг у траву, і потым давялося рабіць круг 1,5–2 км», — расказвае Аляксандар.
У Літве Аляксандру давялося ісьці ў бліжэйшую вёску. Гэта было ўначы, у населены пункт ён прыйшоў брудны і мокры. Мясцовыя, паводле яго, былі шакаваныя.
«Кажуць, думалі, ізноў ідуць мігранты. Бо побач ёсьць наземны пераход, і раніцай чалавек 6–5 там праходзілі, прасілі ваду, ім яе далі, і мігранты пайшлі ўглыб краіны».
Пасьля таго як Аляксандар здаўся літоўскім праваахоўнікам, яго адвезьлі на заставу, абшукалі, забралі нож для кансэрваў, старыя тэлефоны, зрабілі здымкі, папрасілі напісаць заяву аб палітычным прытулку і зьмясьцілі ў пакой для адпачынку.
«Я б назваў яго камфортным карцарам: два мэталічныя ложкі, ракавіна, туалет і дзьверы бяз ручак, якія адчыняюцца толькі звонку, краты на вокнах. Так я правёў першую ноч у Літве. Я прызвычаіўся да спартанскіх умоваў. Ад эўфарыі, што ў мяне ўсё атрымалася, я нават на гэта ўвагі не зьвяртаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Двое дзяцей мігрантаў трапілі ў рэанімацыю ў Літве. У Беларусі ім нібыта далі па дзьве пігулкі«Некаторыя, пачуўшы пра калідор, прыляталі ў Беларусь самі і пераходзілі мяжу адны»
Ранкам на другі дзень Аляксандра забралі з пакоя і патлумачылі, што сюды заселяць бежанцаў, у якіх выяўлены каранавірус. Беларуса ж завялі ў намёт непадалёк.
«Там было два тэнты, поўныя людзей з Іраку. Пазьней збудавалі новыя намёты. Праз тыдзень іх было ўжо восем, а ў кожным па 10 чалавек. Яшчэ чатыры асобы жылі ў пакоі на заставе, бо была сям’я з малым дзіцем».
Паводле Аляксандра, 24 асобы ў лягеры былі іракцы з Багдаду, а больш за 50 былі ірацкімі курдамі.
«Хлопцы, зь якімі я жыў, прыйшлі на ноч раней за мяне. Мы пазнаёміліся, завязалі таварыскія адносіны. Яны казалі, што пераходзілі мяжу самастойна. Яны даведаліся, што ёсьць калідор, што ўсё спакойна, сабралі рэчы, самі зрабілі візу за 300 даляраў. Купілі білет, прыляцелі ў Менск, пераначавалі пару начэй у Менску. Хто дзьве, хто тры. Потым яны даехалі да Горадні, а адтуль рушылі ў Ліду. Там яны замаўлялі таксі, якое давозіла іх, як я разумею, да памежнай зоны. А далей яны рухаліся самі, па мапах на тэлефоне».
«Беларускія міліцыянты спрабавалі іх абдурыць на грошы»
На падарожжа з Багдаду да мяжы яны трацілі каля 900 даляраў. Некаторыя куплялі авіяквіткі ў абодва бакі, каб не было пытаньняў у праваахоўнікаў унутры сваёй краіны.
«Ніякіх сувязяў зь беларускім бокам, з памежнікамі, якія б ім дапамагалі, у іх не было. Але адзін расказваў, як у Лідзе беларускія міліцыянты спрабавалі іх абдурыць на грошы. Але там быў адзін мужчына з Багдаду, які два гады вучыўся ў Пярмі, і ён добра ведае расейскую. Магчыма, яны прапанавалі іх давесьці да мяжы, але паміж сабой міліцыянты на расейскай мове абмяркоўвалі зусім іншае. У выніку іракцаў адпусьцілі».
«За грошы мяжу пераходзілі за гадзіну-паўтары»
На пятую ноч, што Аляксандар быў на заставе, у лягер прыбыў аўтобус, у якім было 50 чалавек. Гэта былі ўцекачы-курды.
«Там былі цяжарныя жанчыны, дзеці да года, старэйшыя дзеці, мужчыны. Адзін пераходзіў беларускую мяжу і зламаў руку. Яны расказвалі ў лягеры, што плацілі па 10 тысяч даляраў за асобу за пераход. Калі першыя іракцы пераходзілі мяжу па 6–7 гадзін, нехта і 2–3 дні, дык тых на аўтобусе давезьлі да мяжы. І потым яны за гадзіну-паўтары пераходзілі на літоўскі бок».
Па словах беларуса, уцекачы-курды, якіх прывезьлі пасьля, мелі пры сабе грошы, хадзілі ў чыстай вопратцы, прасілі іншых людзей рабіць ім пакупкі ў крамах.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сюжэце, які літоўцы назвалі фэйкам, беларуская тэлевізія скарыстала два розныя пераклады для аднаго відэа«Калі кагосьці пакусалі камары, то ім давалі мазь або выклікалі хуткую»
Паведамленьне беларускіх памежнікаў, што літоўцы ў лягерах для бежанцаў катуюць мігрантаў, ня кормяць і вяртаюць са зброяй у Беларусь, Аляксандар называе сьмехам. Ён сам такога не сустракаў і ня верыць у такую інфармацыю.
«Да мяне літоўцы ставіліся цудоўна. Было пару грубых людзей з вайскоўцаў, бо казалі, што іх адклікалі з адпачынкаў. Часам ад некага адчувалася ксэнафобія, але большасьць спачувала, спрабавала дапамагаць, і ўсе пытаньні вырашыліся. Калі кагосьці пакусалі камары, то ім давалі мазь або выклікалі хуткую. Цяжарную жанчыну аднойчы адвезьлі ў горад на дасьледаваньне, бо ў яе была цяжкасьць у жываце. Потым яна вярнулася. Усё, што можна было зрабіць, літоўцы рабілі і спрыялі».
Інцыдэнт аднойчы здарыўся ў суседнім лягеры. Адтуль уначы ўцяклі мігранты, і давялося падымаць салдатаў са зброяй, сабак, якія патрулявалі пэрымэтар. З Аляксандравага лягеру, па ягоных словах, ніхто не ўцякаў. Канфліктаў паміж уцекачамі таксама не было.
«Аднойчы, калі нам раздалі пайку, то там была курыная кансэрва, і ўсе 50 чалавек яе дэманстратыўна здалі і сказалі, што яна ім не падабаецца і яны, маўляў, ня будуць яе есьці. Дайце, калі ласка, іншае. Але іншага там проста не было. Штодзённа нам выдавалі паёк: кансэрвы, сухары, слоік алівак, гарбата, цукар, аналяг нашага „Ролтана“. Аднойчы прывозілі гарачую ежу, садавіну. Я падлічыў, што ў дзень было мінімум 2000 калёрый».
«Хадзіў па лягеры з пачуцьцём свабоды. Думаю, у іракцаў такія ж эмоцыі»
Складаней зрабілася, калі ўцекачоў у лягеры стала ў тры разы больш. На ўсіх быў адзін туалет, адзін душавы пакой, на сем чалавек выдавалі два кавалкі мыла. Зубных шчотак або прыладаў для галеньня на ўсіх не хапала.
Але ўсе ўцекачы, па словах Аляксандра, былі шчасьлівыя, што ў іх усё атрымалася.
«Толькі два хлопчыкі з Малі і Конга, 16 і 17 год, перажывалі за дэпартацыю. Іракцы былі спакойныя, яны казалі, што Ірак не прымае назад дэпартаваных і што ніхто ў Беларусь вяртацца не плянуе. Беларусь яны хвалілі, чыстыя вуліцы, прыгожа, дзяўчаты вельмі прыгожыя. Праўда, казалі, што беларуская міліцыя грубая, не ўсьміхаецца. Адзін кажа, што так на яго глядзелі ў аэрапорце, што яму ажно страшна стала. Прынамсі 70% хочуць ехаць далей. Краіна іх мары — Нямеччына. Была ў адну ноч група індусаў, відаць, яны не падалі заяву на прытулак і сказалі, што яны турысты, маўляў, заблукалі, вярніце нас на радзіму».
Некаторыя з уцекачоў расказвалі Аляксандру свае гісторыі. Адзін зь іх у 11 год пацярпеў ад выбуху, лячыўся ў Нямеччыне, але дагэтуль мае праблемы з пазванком.
«Людзі ўцякаюць ад вайны. Было недзе 10 індусаў, казалі, што ўдзельнічалі ў фэрмэрскіх пратэстах у Індыі. Паказваў мне жэстамі, што па іх стралялі, і што пасьля гэтага ён вырашыў уцячы. Большасьць з уцекачоў ведалі, што адбываецца ў Беларусі, і спачувалі мне».
Пакідаць лягер уцекачам забаронена. Заява на прытулак разглядаецца да трох месяцаў, але тэрмін можа і зацягнуцца, бо прэтэндэнтаў усё больш. Аляксандру пашанцавала. Яго праз тыдзень забрала арганізацыя беларускай дыяспары ў Літве «Дапамога». Пакінуць лягер раней яму ўдалося дзякуючы паручальніцтву гэтай арганізацыі.
«Адчуваецца падтрымка сваіх вельмі моцна. Пакуль я жыў у Расеі, то баяўся выходзіць на вуліцу, хаваў твар. Але я адчуў сябе значна лягчэй нават тады, калі трапіў у лягер. Хадзіў там з пачуцьцём свабоды побач з агароджай і памежнікамі з сабакамі. Думаю, што ў іракцаў такія ж эмоцыі».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 10 млн эўра і патрулі. Чым яшчэ Эўразьвяз дапаможа Літве ў вырашэньні міграцыйнага крызісу