Суд у Кіеве абавязаў Дзяржбюро расьсьледаваньняў завесьці справу супраць Зяленскага за зрыў апэрацыі з «вагнэраўцамі»

Уладзімір Зяленскі

Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева абавязаў Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў (ДБР) Украіны цягам 24 гадзінаў завесьці справу ў дачыненьні да прэзыдэнта Ўкраіны Ўладзіміра Зяленскага паводле факту аб дзяржаўнай здрадзе.

Такое рашэньне суд ухваліў па выніках разгляду пазову колішніх дэпутатаў парлямэнту Андрэя Цецерука і Ігара Лапіна, а таксама прадстаўніка партыі «Демократична сокіра» Юрыя Гудыменка, у якім яны скардзіліся на бязьдзейнасьць ДБР у сытуацыі са зрывам апэрацыі па затрыманьні прадстаўнікоў прыватнай вайсковай кампаніі «Вагнэр», якіх затрымалі ў Беларусі і пазьней перадалі Расеі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра «ПВК Вагнэра», баевікоў якой нібыта затрымалі ў Беларусі

Падставай для звароту ў суд стала адмова ДБР завесьці справу аб дзяржаўнай здрадзе Ўладзіміра Зяленскага, які, паводле палітыкаў, паведаміў Аляксандру Лукашэнку пра «вагнэраўцаў» і такім чынам сарваў апэрацыю спэцслужбаў адразу некалькіх краін, у тым ліку і Ўкраіны.

Перад гэтым актывісты абвясьцілі Ўладзіміру Зяленскаму «народнае падазрэньне» ў дзяржаўнай здрадзе, а пасьля зьвярнуліся з адпаведнай заявай у Дзяржаўнае бюро расьсьледаваньняў.

Што папярэднічала

Летась 29 ліпеня ў санаторыі пад Менскам затрымалі 33-х расейскіх грамадзянаў. Беларуская ўлада заявіла, што падазрае іх у падрыхтоўцы беспарадкаў напярэдадні выбараў. Украіна прасіла выдаць вагнэраўцаў ёй, бо яны бралі ўдзел у баявых дзеяньнях у Данбасе. Але праз два тыдні затрыманых вярнулі ў Расею.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былі кантакты на ўзроўні спэцслужбаў і размова прэзыдэнтаў, — пасол Украіны ў Менску пра «вагнэраўскую спэцапэрацыю»

Пазьней зьявілася інфармацыя, што вагнэраўцаў меліся затрымаць украінскія спэцслужбы падчас рэйсу зь Менску.

Як пісала «Українська правда» са спасылкай на свае крыніцы, у рамках спэцапэрацыі баевікоў нанялі паводле падробленых дамоваў ахоўваць нафтавыя вышкі ў Вэнэсуэле. Падчас вэрбаваньня яны далі пад запіс сьведчаньні аб злачынствах на тэрыторыі Ўкраіны, бо думалі, што паказваюць «працадаўцу» ўзровень «кваліфікацыі».

Група складалася з 33 чалавек, сярод іх былі 28 баевікоў, якіх меліся затрымаць. 9 зь іх былі грамадзянамі Ўкраіны, 11 значыліся ў базе «Міратворца». Ня ўсе найміты служылі ў «ПВК Вагнэра».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь перадала Расеі 32 затрыманых наймітаў ПВК «Вагнэр»

Групу плянавалася прывезьці з Масквы ў менскі аэрапорт 24 ліпеня. Не затрымліваючыся ў Беларусі, 25 ліпеня група павінна была вылецець у Турэччыну рэйсам Менск — Стамбул. Паводле задумы, падчас пералёту самалёт павінен быў тэрмінова сесьці ў адным з украінскіх аэрапортаў, бо аднаму з пасажыраў, ролю якога меўся выконваць агент СБУ, нібыта зрабілася б дрэнна. Пад выглядам мэдыкаў у самалёт зайшла б група спэцназу і затрымала б вагнэраўцаў. Аднак плян не ўдалося рэалізаваць.

Паводле публікацыі, 24 ліпеня пра фінальную стадыю апэрацыі далажылі прэзыдэнту Ўкраіны Ўладзіміру Зяленскаму. На дакладзе прысутнічалі кіраўнік Офіса прэзыдэнта Андрэй Ярмак і яшчэ некалькі чалавек. Ярмак прапанаваў адкласьці апэрацыю, каб не сарваць абмен палоннымі, які тады абмяркоўваўся з Расеяй. Зяленскі яго падтрымаў і запатрабаваў перанесьці апэрацыю на 30 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фэйк або геніяльная апэрацыя? Ці вэрбавала СБУ байцоў «Вагнэра»

25 ліпеня група ня села на рэйс да Стамбула, а засялілася ў санаторый з загадам чакаць 30 ліпеня. 29 ліпеня іх затрымалі, а 14 жніўня перадалі Расеі, хоць да гэтага Ўладзімір Зяленскі прасіў Лукашэнку перадаць іх Украіне, і Лукашэнка «заявіў пра гатоўнасьць да супрацы». Паводле публікацыі, украінская выведка нібыта лічыць, што гэта адбылося з прычыны «зьліву» інфармацыі ў ФСБ Расеі.

Служба бясьпекі Ўкраіны назвала інфармацыю пра ўдзел СБУ ў спэцапэрацыі затрыманьня вагнэраўцаў у Беларусі расейскім фэйкам і інфармацыйным укідам.

Сёлета ў інтэрвію аднаму з украінскіх тэлеканалаў Уладзімір Зяленскі заявіў, што ён паведаміў Аляксандру Лукашэнку пра «вагнэраўцаў» у Менску. Цяпер украінскія палітыкі выкарыстоўваюць менавіта гэтую заяву ўкраінскага прэзыдэнта, патрабуючы завесьці крымінальную справу аб дзяржаўнай здрадзе і стварыць для незалежнага расьсьледаваньня адмысловую камісію ў парлямэнце.