Кіраўнік аддзелу рэклямы і маркетынгу «Нашай Нівы» Андрэй Скурко 13 дзён правёў у жудасных умовах на Акрэсьціна: без матраца і падушкі, бязь зьменнай вопраткі, бяз сродкаў гігіены, безь перадач ад сваякоў — іх прынялі, але не перадалі, піша «Наша Ніва».
У 2017 годзе ў Скурко дыягнаставалі дыябэт 1 тыпу. Андрэй інсуліназалежны, чатыры разы на дзень ён павінен рабіць уколы. Супрацоўнікі Акрэсьціна прынялі ў сваякоў інсулін, але захоўвалі яго няправільна: на парозе душнай камэры.
Каб інсулін не губляў сваіх уласьцівасьцяў, яго трэба трымаць у халадзільніку пры тэмпэратуры +2°С — +8°С. Цяпер родныя Андрэя непакояцца, што інсулін мог проста сапсавацца, а ён крытычна неабходны арганізму.
Таксама Андрэю трэба некалькі разоў на дзень правяраць глюкомэтрам узровень цукру ў крыві. Прылада ў Андрэя ёсьць, але ў ёй сядае батарэя. Сваякі будуць перадаваць новую.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Андрэя Дынько вызвалілі, Андрэй Скурко і Ягор Марціновіч застаюцца пад вартайВялікая праблема з харчаваньнем. Дыябэтыкам паказаная дыета з дазаваньнем вугляводаў. Але ўсе 13 сутак, паколькі перадачу ад родных Андрэю на Акрэсьціна не аддалі, ён быў вымушаны спажываць тое, што было — а гэта адны вугляводы. Мяса вобмаль, а гародніны, вітамінаў зусім няма.
Апроч таго, Андрэю паказана фізычная актыўнасьць, бо арганізм у гэты час выпрацоўвае інсулін. На волі ён стараўся хадзіць у дзень 7 тысяч крокаў, у камэры гэта рабіць няпроста.
Некалькі чалавек, якія бачылі Андрэя ўчора і заўчора, падкрэсьлілі, што ён моцна схуднеў і кепска выглядае.
Сьледзтву вядома пра стан здароўя Скурко. Нягледзячы на гэта, яго зьмясьцілі ў СІЗА.
Адрас для ліставаньня: СІЗА-1, 220030, г. Менск, вул. Валадарскага, 2. Скурко Андрэю Генадзевічу.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Галоўнага рэдактара «Нашай нівы» перавялі ў менскі СІЗА на ВаладарскагаТаксама за кратамі знаходзіцца галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Ягор Марціновіч. Галоўны рэдактар часопіса «Наша гісторыя» Андрэй Дынько напярэдадні некалькі гадзін быў на допыце ў Сьледчым камітэце. Яго адпусьцілі з ізалятара, але ён застаецца падазраваным па ч.2 арт. 216 КК (нанясеньне маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня).
8 ліпеня сілавікі затрымалі Ягора Марціновіча, Андрэя Дынько, Андрэя Скурко і галоўнага бухгальтара выданьня Вольгу Раковіч. Пасьля допыту ў Сьледчым камітэце іх як падазраваных паводле арт. 342 КК (арганізацыя ці рыхтаваньне дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак) зьмясьцілі на 10 дзён у ізалятар часовага ўтрыманьня на Акрэсьціна. Бухгальтарку вызвалілі 16 ліпеня.
Па сканчэньні 10 дзён іх затрымалі паўторна на тры дні як падазраваных ужо ў нанясеньні маёмаснай шкоды без прыкметаў раскраданьня (ч. 2 арт. 216 КК, караецца «хіміяй» ці калёніяй на тэрмін да 5 гадоў). Сэнс прэтэнзіяў у тым, што за камунальныя паслугі ў памяшканьні рэдакцыі плацілі паводле тарыфаў для фізычных асобаў, а трэба было — як для юрыдычных. Сьледчыя налічылі, што прадпрыемству «Мінэнэрга» нанесена шкода на суму 3,5 тысячы рублёў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зьняволеная журналістка Свабоды Іна Студзінская галадае чацьвёрты дзень ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Не спыняцца і не апускаць рук!», — зьняволены журналіст Ігар Ільяш праз адваката зьвярнуўся да калег