Супольная заява міністраў апублікаваная на сайтах МЗС Украіны і Польшчы.
На іхную думку, адмова ад спробаў спыніць запуск газаправоду «Паўночны паток – 2» пагаршае крызіс і стварае «дадатковыя палітычныя, ваенныя і энэргетычныя пагрозы для Ўкраіны і Цэнтральнай Эўропы ў цэлым». У заяве гаворыцца, што працяг будаўніцтва газаправоду дазваляе Расеі «аказваць дэструкцыйны ўплыў на сытуацыю бясьпекі ў Эўропе, паглыбляе рознагалосьсі паміж дзяржавамі — удзельніцамі NATO і ЭЗ».
Украіна і Польшча лічаць, што для аднаўленьня балянсу бясьпекі ў Эўропе неабходна весьці перамовы з урадамі краін, «якія мацней за ўсё адчуваюць на сабе нэгатыўныя наступствы „Паўночнага патоку – 2“».
«Мы заклікаем Злучаныя Штаты Амэрыкі і Нямеччыну адэкватна паставіцца да крызісу бясьпекі ў нашым рэгіёне, адзіным атрымальнікам выгады ад якога ёсьць Расея», — гаворыцца ў заяве.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЗША і Нямеччына дамовіліся наконт «Паўночнага патоку — 2»Раней ЗША і Нямеччына дамовіліся аб завяршэньні праекту «Паўночны паток – 2» без увядзеньня амэрыканскіх санкцыяў. Пра гэта заявіла намесьніца дзяржаўнага сакратара ЗША Вікторыя Нуланд.
Паводле Нуланд, Вашынгтон і Бэрлін будуць дамагацца падаўжэньня дамовы пра транзыт расейскага газу праз Украіну на 10 гадоў. Тэрмін цяперашняга пагадненьня заканчваецца ў 2024 годзе.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ангела Мэркель паспрабавала запэўніць Украіну, што завяршэньне «Паўночнага патоку – 2» ня зьменіць яе транзытнага статусуНуланд адзначыла, што ЗША і Нямеччына будуць імкнуцца зьнізіць эканамічную залежнасьць Украіны ад транзыту і паставак расейскага газу. Акрамя таго, нямецкія ўлады будуць дамагацца санкцыяў супраць Масквы, калі Расея будзе выкарыстоўваць энэргарэсурсы для ціску на іншыя краіны.
У заяве дзьвюх дзяржаваў на сайце Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША адзначаецца, што Ўкраіна атрымае ад Бэрліну фінансавую падтрымку ў 70 мільёнаў даляраў на дывэрсыфікацыю крыніц энэргарэсурсаў. Акрамя таго, Нямеччына арганізуе «зялёны фонд» у адзін мільярд даляраў для падтрыманьня ўкраінскай энэргетычнай бясьпекі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Суд Эўразьвязу абмежаваў працу адгалінаваньня «Паўночнага патоку» ў НямеччынеПрэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін і канцлер ФРН Ангела Мэркель у тэлефоннай размове абмеркавалі магчымасьць падаўжэньня кантракту аб транспартаваньні расейскага газу праз украінскую тэрыторыю пасьля 2024 году. Пра гэта паведаміла прэс-служба Крамля. Да чаго яны прыйшлі, не ўдакладняюць.
Будаўніцтва «Паўночнага патоку – 2» пачалося ў 2016 годзе. Чакалася, што газаправод увядуць у эксплюатацыю ў канцы 2019 году, але гэтага не адбылося. Класьці трубы перасталі ў сьнежні 2019 году больш чым на год праз пагрозу санкцыяў ад ЗША.
У пачатку 2021 году аднавілі работу расейскія караблі. Яны, як і кампаніі-ўладальнікі, былі ўнесеныя Вашынгтонам у санкцыйны сьпіс. ЗША, аднак, ня сталі накладваць санкцыі на кампанію-апэратара «Паўночнага патоку – 2», заснаваную расейскім «Газпромам».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці сапраўды Беларусь можа пазбавіцца грошай за транзыт газу? Тлумачыць экспэртЗША і шэраг краін ЭЗ выступалі супраць «Паўночнага патоку – 2», сьцьвярджаючы, што ён узмоцніць залежнасьць Эўропы ад газавых паставак з Расеі і стане прыладай шантажу ў руках Масквы. Эўрапарлямэнт прыняў рэзалюцыю з прычыны перасьледу расейскага апазыцыйнага палітыка Аляксея Навальнага, запатрабаваўшы ад кіраўніцтва ЭЗ сярод іншага неадкладна спыніць будаўніцтва газаправоду.
Пры гэтым Вашынгтон адзначаў, што перашкодзіць заканчэньню будовы газаправоду праз санкцыі было б вельмі праблематычна. У прыватнасьці, санкцыі супраць нямецкіх кампаніяў, якія ўдзельнічаюць у будаўніцтве, маглі б закрануць супрацу ЗША і Нямеччыны.