Пра гэта інфармуе DW.
У нямецкім горадзе Вормс прайшла цырымонія ўручэньня прэміі імя Марціна Лютэра «Бясстрашнае слова» за 2021 год з грашовым эквівалентам 10 тысяч эўра, якую прынялі беларуская апазыцыянэрка Вераніка Цапкала, а таксама сястра зьняволенай Марыі Калесьнікавай Тацяна Хоміч.
Дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская, таксама уганараваная гэтай прэміяй, на цырымоніі не прысутнічала — яна знаходзіцца з афіцыйным візытам у ЗША.
«Выступалі за мірную рэвалюцыю»
У заяве аргкамітэту прэміі гаворыцца, што Вераніка Цапкала, Марыя Калесьнікава і Сьвятлана Ціханоўская «выступалі за мірную рэвалюцыю, новыя выбары і дэмакратычную будучыню сваёй краіны, рызыкуючы пры гэтым зазнаць перасьлед, пазбаўленьне волі, катаваньні і дэпартацыю».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўскай, Вераніцы Цапкала і прадстаўніцы Марыі Калесьнікавай уручылі нямецкую прэміюЗь віншавальнай прамовай выступіў экс-старшыня нямецкага бундэстагу Норбэрт Ламэрт (Norbert Lammert), які назваў беларускіх апазыцыянэрак «сьмелымі і натхняльнымі».
Беларускі «трыюмвірат»
Сьвятлана Ціханоўская балятавалася на пасаду прэзыдэнта Беларусі пасьля таго, як улады гэтай краіны спачатку адмовілі ў рэгістрацыі, а затым ўзялі пад варту яе мужа Сяргея Ціханоўскага. Вераніка Цапкала — жонка таксама адхіленага ад выбараў палітыка Валера Цапкалы. Марыя Калесьнікава была кіраўніцай перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі, якога лічылі асноўным супернікам Аляксандра Лукашэнкі на выбарах, але арыштавалі яшчэ да яго рэгістрацыі ў якасьці кандыдата. У ліпені 2020 году штабы Ціханоўскай, Бабарыкі і Цапкалы заявілі аб аб’яднаньні.
- Прэмія «Бясстрашнае слова» заснаваная саюзам 16 гарадоў, у якіх жыў і працаваў вялікі нямецкі рэфарматар Марцін Лютэр. Адзін раз на два гады яна ўручаецца людзям, якія сьмела абараняюць свае перакананьні, сустракаючы на сваім шляху жорсткі супраціў.