Літоўскія памежнікі затрымалі за мінулы дзень 70 мігрантаў, якія парушылі дзяржаўную мяжу краіны, трапіўшы з боку Беларусі. 62 зь іх назваліся ці мелі дакумэнты грамадзян Іраку, паведаміла Дзяржаўнае бюро бясьпекі Літвы.
З пачатку 2021 году на мяжы затрымалі ўжо 2228 мігрантаў, прычым у ліпені 1567 чалавек. За ўвесь мінулы год на мяжы затрымалі 82 мігранты — у 27 разоў меней, чым сёлета.
Больш за палову затрыманых у 2021 годзе складаюць іракцы.
У Польшчы затрыманьняў звычайна меней і яны нерэгулярныя, аднак усё адно працягваюцца. За мінулыя суткі затрымалі 53 чалавекі. Аддзел памежнай варты Польшчы ў Мельніку напярэдадні затрымаў групу з 49 мігрантаў за 100 мэтраў ад афіцыйнага пачатку польскай мяжы. 41 мужчына, 2 жанчын і 6 дзяцей назваліся грамадзянамі Аўганістану. Адзел у Шудзялове затрымаў 4 грамадзян Іраку.
Дзявятага ліпеня Літва пачала ўзводзіць 550-кілямэтровую агароджу з калючага дроту на мяжы зь Беларусьсю, абвінаваціўшы беларускія ўлады ў тым, што яны пускаюць у краіну мігрантаў з-за мяжы, каб затым незаконна перапраўляць іх у Эўразьвяз. Агароджа на мяжы зь Беларусьсю, якую пачала рабіць Літва, будзе каштаваць ёй звыш 40 млн эўра.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўразьвяз дасьць Літве 10–12 млн эўра на разьвязаньне праблемы міграцыі зь БеларусіБеларуска-літоўскую мяжу цяпер патрулююць ня толькі літоўскія памежнікі і вайскоўцы. Ім дапамагаюць эстонскія паліцэйскія і памежнікі, сілы Эўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы Frontex, Службы грамадзкай бясьпекі, «Зьвязу стралкоў» і іншых устаноў.
Афіцыйная Вільня перакананая, што да мігранцкага крызісу непасрэдна датычныя беларускія ўлады. Гэтага ў Менску не аспрэчвалі, спасылаючыся на вымушанае скарачэньне выдаткаў на ахову мяжы ў сувязі з заходнімі санкцыямі. Аляксандар Лукашэнка сказаў у бок Літвы пра наркотыкі і мігрантаў: «Самі будзеце іх есьці і лавіць».
Аднак 19 ліпеня ў інтэрвію тэлеканалу Sky News Arabia Лукашэнка ўжо адпрэчыў абвінавачаньні ў спрыяньні дастаўцы мігрантаў на літоўскі бок. Ён заявіў, што да міграцыйнага крызісу нібыта датычныя «групоўкі людзей злачыннага характару», якія знаходзяцца ў самой Літве. А таксама заявіў, што гатовы дапамагчы Літве ў гэтай барацьбе, «але не задарма».
Міністар замежных спраў Літвы Габрыелюс Ландсбергіс назваў словы Лукашэнкі «шантажом», дадаўшы, што Літва «не разьлічвае на штосьці іншае ад тэрарыстычнага рэжыму» ў Менску.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У сюжэце, які літоўцы назвалі фэйкам, беларуская тэлевізія скарыстала два розныя пераклады для аднаго відэа ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дасьледніца міграцыі: беларускія памежнікі проста кажуць мігрантам «ня блытайцеся пад нагамі»