«Калі ў Рызе нехта, мярзотнік нейкі, дакрануўся да беларускага сьцяга і пачаў яго там ірваць, здымаць, ну дык пасол павінен выйсьці і публічна, з пагрозай, можа, для свайго ўласнага жыцьця набіць таму паскудніку морду, па-мужчынску кажучы. А ў нас цішыня. І ў МЗС цішыня, каб вы ведалі (для журналістаў кажу), пакуль прэзыдэнт ня тупнуў нагой», — заявіў Лукашэнка, дадаўшы, што «ў асаблівы для краіны час Міністэрства замежных спраў выявіла сябе ня ў поўнай меры».
24 траўня ў цэнтры Рыгі мэр Рыгі Мартыньш Стакіс разам зь міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам замянілі дзяржаўны сьцяг Беларусі на бел-чырвона-белы з Пагоняй на месцы, дзе віселі на мачтах сьцягі краінаў — удзельніц чэмпіянату сьвету па хакеі. Як сказаў пры гэтым мэр Рыгі, «сьцяг, што сымбалізуе рэжым, які займаецца дзяржаўным тэрарызмам, недарэчны ў гарадзкім асяродзьдзі Рыгі».
Пасьля гэтага зь Беларусі выслалі амбасадара Латвіі і ўвесь дыпляматычны і адміністрацыйна-тэхнічны склад амбасады. Латвія адказала сымэтрычна, выслаўшы з краіны амбасадара Беларусі і ўсіх дыпляматаў. Таксама Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу на мэра Рыгі і міністра замежных спраў Латвіі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У цэнтры Рыгі, дзе адбываецца чэмпіянат сьвету па хакеі, дзяржаўны беларускі сьцяг замянілі на бел-чырвона-белы. ВІДЭАЛукашэнка выказаўся за скарачэньне штату амбасадаў у Эўропе і згадаў «здраднікаў»
Лукашэнка таксама даручыў прэм’ер-міністру, кіраўніку адміністрацыі і міністру замежных спраў «прадметна прааналізаваць пытаньні кадравага складу беларускай дыпляматычнай службы», паведамляе ягоная прэс-служба.
«Трэба вельмі сурʼёзна паглядзець на нашы дыппрадстаўніцтвы ў Эўропе (...) Слухайце, ну навошта нам там трымаць кучу дыпляматаў, калі мы наогул зь імі не гандлюем, а палітычныя адносіны, дыпляматыя, яна ня проста адсутнічае, яна на шкоду дзяржаве», — сказаў Лукашэнка.
Таксама ён заявіў, што некаторыя з кіраўнікоў беларускіх дыпляматычных прадстаўніцтваў «пусьцілі на самацёк сытуацыю ў сваіх калектывах і адкрыта перайшлі на бок мяцежнікаў».
«Такія прыклады вам добра вядомыя. Былыя амбасадары ў Аргентыне (Астапенка), Гішпаніі (Пуставы), Славаччыне (Ляшчэня), Латвіі (Марковіч), былыя кіраўнікі замежных установаў у Швайцарыі (Мацукевіч), Дубаі (Бондараў). Я ўжо не кажу пра Латушку», — заявіў Лукашэнка і дадаў, што «са здраднікамі ў краіне цырымоніцца ня будуць».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь Беларусі высылаюць амбасадара Латвіі і дыпляматаў, Латвія адказала сымэтрычна ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Генпракуратура Беларусі завяла крымінальную справу на мэра Рыгі і міністра замежных спраў Латвіі