Праект Канстытуцыі, абнародаваны палітыкам Васкрасенскім — гэта канчатковы варыянт уладаў ці пробны шар для праверкі грамадзкай рэакцыі? У чым перавагі і хібы гэтага праекту? Чым ён адрозьніваецца ад праекту, падрыхтаванага Грамадзкай канстытуцыйнай камісіяй?
На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў «Праскім акцэнце» адказваюць доктар паліталёгіі, дырэктар інстытуту «Палітычная сфэра» Андрэй Казакевіч і прадстаўнік Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Арцём Праскаловіч.
Казакевіч
- Цяжка ўявіць сабе, каб апазыцыйныя сілы падтрымалі гэты праект Канстытуцыі, як гэта прапануе Валер Карбалевіч.
- Але гэты праект у параўнаньні з Канстытуцыяй з папраўкамі 1996 году — гэта пэўны прагрэс.
- Калі б такі праект быў прапанаваны грамадзтву ў 2019 годзе — гэта адназначна ўспрымалася б як крок у станоўчым кірунку.
- У гэтым праекце прысутнічаюць элемэнты стрыманьняў і супрацьвагаў.
- У Канстытуцыі ў рэдакцыі 1996 году падзел уладаў быў цалкам разбураны, бо дэкрэт і ўказ прэзыдэнта былі пастаўленыя вышэй за закон.
- Гэты праект — адыход ад аўтарытарнай мадэлі, хоць і зь вельмі моцным прэзыдэнтам.
- У 2019 годзе апазыцыя магла б і падтрымаць такі праект.
- Пасьля крызісу 2020 году гэта не ўспрымаецца як прагрэс.
- Ёсьць адчуваньне, што калі такая Канстытуцыя будзе прынятая, правілы палітычнай гульні ня будуць справядлівымі.
- Мы ня можам быць упэўненыя, што будуць лічыцца галасы, што будуць выконвацца палажэньні гэтай новай Канстытуцыі.
- Зрабіць Канстытуцыю ўзору 1996 году больш аўтарытарнай практычна немагчыма.
- У кіроўнай клясе дамінуе думка, што трэба правесьці пэўнае пераразьмеркаваньне ўладных паўнамоцтваў.
- У дыскусіях ва ўладных колах часта паўтараецца думка — трэба стварыць калектыўнага Лукашэнку.
- А для гэтага пераразьмеркаваньне паўнамоцтваў неабходнае.
- «Зачыстка», якая адбывалася летась і адбываецца сёлета, робіцца менавіта дзеля таго, каб правесьці гэтае пераразьмеркаваньне.
- Такая рэформа — гэта тое, што раіць зрабіць Масква, гэта тое, чаго хацела б большая частка кіроўнай клясы Беларусі.
Праскаловіч
- Праект Канстытуцыі выглядае слабым, ён не вырашае задачы ні рэжыму, ні дэмакратычнай грамадзкасьці, ні народу.
- Таму імавернасьць таго, што гэта пробны шар, даволі вялікая.
- Кіраўнік Канстытуцыйнай камісіі заявіў, што канчатковы праект будзе разглядацца 21 ліпеня.
- Даволі сумнеўная пляцоўка, на якой быў апублікаваны праект — сайт Васкрасенскага.
- Усё вырашаецца ў адміністрацыі Лукашэнкі, а насамрэч у коле яго 3-5 паплечнікаў.
- Задача зрабіць якасны дакумэнт і не стаяла.
- Магчыма, Лукашэнка пакрытыкуе праект, вынесе яго на ўсенароднае абмеркаваньне, потым ізноў пакрытыкуе.
- Калі паводле новай Канстытуцыі Лукашэнка зойме пасаду прэзыдэнта, то ён фактычна пазбаўляецца толькі права выдаваць дэкрэты.
- Іх насамрэч ня так шмат і прымаецца.
- Аднак няма ніякіх гарантыяў, што новая Канстытуцыя будзе выконвацца.
- Калі Лукашэнка застанецца прэзыдэнтам, у яго застаецца неабмежаваная ўлада.
- Гэты праект Канстытуцыі ўзаконьвае тое, што ўлада назапашвала, як праваўжывальную практыку.
- Узаконьваецца падыход да «дармаедаў».
- Калі Лукашэнка прадугледжваў для сябе пасаду старшыні Ўсебеларускага сходу, то там няма ніякіх паўнамоцтваў, гэта вельмі хісткае становішча.
- Я не выключаю, што па выніках «усенароднага абмеркаваньня» будзе заяўлена, што грамадзяне масава запатрабавалі ўвесьці пасаду паўнаўладнага старшыні Ўсебеларускага сходу.
- Праект, прадстаўлены на сайце Васкрасенскага, — гэта спроба касмэтычнага рамонту Канстытуцыі, прычым вельмі нехлямяжая.
- Праект Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі збудаваны на максымальным падзеле ўладаў.
Што было раней
- Юры Васкрасенскі апублікаваў праект Канстытуцыі, які, паводле яго, быў распрацаваны афіцыйнай Канстытуцыйнай камісіяй. Праект прадугледжвае пэўнае скарачэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта і не зьмяшчае апісаньня пасадаў кіраўніка Рады бясьпекі і Ўсебеларускага народнага сходу.
- Палітычны аглядальнік Радыё Свабода Валер Карбалевіч выказаў меркаваньне, што калі апублікаваная рэдакцыя — канчатковая, апанэнтам рэжыму варта пайсьці на рэфэрэндум і прагаласаваць за гэты праект.
- Каардынацыйная рада заявіла пра ініцыятыву «Народная Канстытуцыя». Заснавальнікі кампаніі — супольнасьць «Честные люди» пры ўдзеле Кабінэту прадстаўнікоў Сьвятланы Ціханоўскай, Каардынацыйнай рады, Народнага антыкрызіснага кіраўніцтва Паўла Латушкі, Грамадзкай канстытуцыйнай камісіі. Яны запусьцілі плятформу «Честный выбор».
- Праект «Народная Канстытуцыя» прадугледжвае выкананьне наступных прынцыпаў:
- Рэальны падзел уладаў, вызначэньне сыстэмы стрыманьняў і супрацьвагаў.
- Рэформа судовай сыстэмы, бо без справядлівага суду немагчыма рухацца далей. Судовы сход зь ліку прадстаўнікоў юрыдычнай навукі, адвакацкай супольнасьці, былых судзьдзяў будзе прызначаць судзьдзяў, а тыя з калегаў будуць выбіраць сваіх кіраўнікоў.
- Склад судзьдзяў Канстытуцыйнага суду будзе фармаваць парлямэнт на прапанову Вярхоўнага суду, ураду і прэзыдэнта.
- Прэзыдэнт страчвае вялікую колькасьць бязьмежных паўнамоцтваў. Застаецца прадстаўніком краіны ў міжнародным полі, кіраўніком войска падчас ваеннага становішча.