Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію тэлеканалу Sky News Arabia. Урывак апублікаваў тэлеграм-канал «Пул Первого».
«Калі яны хочуць схаваць праўду, літоўцы, палякі, немцы або французы, можна папракаць Беларусь у тым, што мы датычныя да гэтай міграцыі. Калі яны хочуць па-сапраўднаму змагацца з гэтай нелегальнай міграцыяй і ўвесьці яе ў нармальнае рэчышча, то хай пачынаюць зь сябе. Мы групоўкі людзей злачыннага характару ў Літве бачым. А чаму яны гэтага ня бачаць? Як толькі яны ліквідуюць у Літве групоўкі гэтыя, якія прывозяць у Літву нелегальных мігрантаў, нелегальная міграцыя ў Літву будзе ніжэйшая, чым летась, адзінкі будуць, — заявіў Лукашэнка ў адказ на пытаньне пра тое, ці датычная Беларусь да росту нелегальнай міграцыі ў Эўропу», — заявіў Лукашэнка.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Самі будзеце іх есьці і лавіць». Як разьвіваўся мігранцкі крызіс на мяжы Літвы зь БеларусьсюПаводле яго, Беларусь гатовая дапамагчы ў гэтай барацьбе, «але не задарма»:
«І яшчэ адзін аргумэнт: яны ўвялі супраць нас санкцыі, яны пайшлі на здушэньне майго народу. Я — прэзыдэнт гэтага народу, я павінен, ацэньваючы сытуацыю, рабіць пэўныя крокі, каб народ не задушылі, каб краіну ня зьнішчылі. Прадпрымаючы супраць беларускага народу пэўныя дзеі, яны хочуць, каб мы іх абаранялі ў гэтай сытуацыі? Слухайце, як найменей, гэта дзіўна».
Лукашэнка дадаў, што праца на мяжы каштуе вялізных грошай.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Да 15 тысяч даляраў за паездку. Літоўскае расьсьледаваньне пра незаконную міграцыю празь БеларусьПаводле апошніх зьвестак, на беларускай мяжы літоўскія памежнікі ад пачатку году затрымалі 2096 нелегальных мігрантаў. Гэта ў 26 разоў больш, чым у 2020 годзе. Літва абвінавачвае афіцыйны Менск у датычнасьці да арганізацыі патоку мігрантаў зь Беларусі. Парлямэнт Літвы на мінулым тыдні прыняў рэзалюцыю, якою прызнаў узрослую міграцыю празь Беларусь «гібрыднай агрэсіяй».