Новыя выракі за ўдзел у чатах «радыкальнай скіраванасьці»
Двум сябрам Каардынацыйнай рады, Расьціславу Стэфановічу і Сяргею Плонісу, прысудзілі 8 гадоў за перапіску ў чатах. Пра гэта напісаў тэлеграм-канал Каардынацыйнай рады.
Менавіта такі тэрмін для абвінавачаных запрасіў пракурор. Усяго ў справе аб тэлеграм-чатах «радыкальнай скіраванасьці» праходзіць дзесяць палітвязьняў. Ім прысудзілі ад 5 да 10 гадоў калёніі. Фігурантаў справы абвінавацілі ва ўдзеле ў тэлеграм-чатах «радыкальнай скіраванасьці», а таксама ў намеры сапсаваць тры «Табакеркі». У сваіх апошніх словах падсудныя не прызналі віны і адзначылі, што абвінавачаньне збудавана на домыслах.
Паводле Праваабарончага цэнтру «Вясна», сыстэмнага адміністратара ў сфэры лякальных сетак, відэаназіраньня Сяргея Плоніса затрымалі 2 кастрычніка ў Менску ў межах крымінальнай справы аб удзеле ў масавых беспарадках (ч. 2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу).
Сябра пашыранага складу Каардынацыйнай рады архітэктара і дызайнэра інтэр'ераў Расьціслава Стэфановіча, паводле «Вясны», затрымалі і пабілі 29 верасьня. Яго цялесныя пашкоджаньні пры жорсткім затрыманьні зафіксаваныя ў ІЧУ на Акрэсьціна і ў СІЗА на Валадарскага. Потым на Расьціслава завялі крымінальную справу паводле артыкулу аб удзеле ў масавых беспарадках у Менску. У мужчыны двое дзяцей – 7-гадовая дачка і 5-гадовы сын.
Расьціслаў і Сяргей знаходзяцца пад вартай у СІЗА-1 у Менску.
Таксама 8 гадоў зьняволеньня ў калёніі ўзмоцненага рэжыму прысудзілі Паўлу Нядбайлу, Яўгену Прапольскаму, Аляксандру Рэзніку, Арцёму Міцуку, Аляксандру Юрчыку.
Арцёму Касакоўскаму, Дзьмітрыю Ластоўскаму, Дзьмітрыю Жабуртовічу — па 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму.
Найбуйнейшы турэмны тэрмін у гэтай справе атрымаў Юры Бялько, яму прысудзілі 9 гадоў узмоцненага рэжыму.
Падчас абвяшчэння прысудаў зь вязняў не знялі кайданак. Некалькі зь іх, а таксама некаторыя слухачы ў залі выкрыкнулі: «Жыве Беларусь!».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лукашэнка ператварыўся ў донара нестабільнасьці». Шрайбман пра пошук ворагаў народу і стратэгію пераменаўКалёнія ўзмоцненага рэжыму за жнівеньскія пратэсты
У судзе Цэнтральнага раёну Менску вынесьлі прысуд у чарговым працэсе за пратэсты 9-11 жніўня 2020 году ў беларускай сталіцы. На лаве падсудных апынуліся палітвязьні Уладзіслаў Барысаў, Ян Фалькін, Уладзімер Мацюх, Мікіта Літвіненка. Іх абвінавацілі паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу («Масавыя беспарадкі») і арт. 342 КК («Арганізацыя ці актыўны ўдзел у групавых дзеяньнях, што груба парушаюць грамадзкі парадак»).
Усіх мужчын затрымалі ў верасьні 2020 году.
Справу разглядала судзьдзя Вікторыя Шабуня. Бок дзяржабвінавачаньня прадстаўляў памочнік пракурора Арцём Цьвяткоў.
Прысуды:
- Уладзіславу Барысаву 5 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- Мікіту Літвіненку 4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму;
- Уладзімеру Мацюху 3 гады 6 месяцаў узмоцненага рэжыму
- Яну Фалькіну 3 гады 6 месяцаў узмоцненага рэжыму і штраф 1500 рублёў.
Усім асуджаным Шабуня пастанавіла залічыць 1 дзень у СІЗА да прысуду як 1,5 дня тэрміну.
Акрамя таго, асуджаныя мусяць выплаціць дзяржаўнаму прадпрыемству «Менсктранс» па 20,5 рубля шкоды.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы адвакат Дзьмітры Лаеўскі: «Свабода грунтуецца на дабры, самапавазе і крытычным мысьленьні»Падчас судовых слуханьняў палітвязень Літвіненка заявіў, што выходзіў на вуліцу «адзначыць перамогу», у яго і сяброў не было сумневаў у тым, што Сьвятлана Ціханоўская пераканаўча перамагла на выбарах.
«Пра якія 80% ён кажа пасьля гэтага?! У маім асяродку наогул няма людзей, якія б да яго нармальна ставіліся, ня тое каб галасавалі», — паведаміў палітвязень у судзе пра стаўленьне свайго атачэньня да Лукашэнкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На волю выйшаў палітвязень, якога асудзілі за цытату з малітвы на фасадзе дому