Блогер Матолька расказаў, чаму стаў дапамагаць Ціханоўскай і пра што днямі перапісваўся з Пратасевічам

Антон Матолька, 2017 год

Антон Матолька, які знаходзіцца ў вымушанай эміграцыі ў Вільні, даў першае вялікае інтэрвію пасьля таго, як год таму пакінуў Беларусь.

У размове з Мікітам Мелказёравым (ютуб-канал «Жизнь-малина») ён расказаў, чаму далучыўся да каманды Сьвятланы Ціханоўскай і пра што размаўляў нядаўна з Раманам Пратасевічам.

«Калі кажуць пра ягоны стан, то давайце спачатку мы пабачым чалавека і Сафію ў бясьпечным месцы»

«Пазаўчора мы зь ім перапісваліся ў тэлеграме, у асабісты паведамленьнях. Ён мне сам напісаў, яму прадставілі доступ да інтэрнэту. — сказаў Матолька. — Я разумею, што я пішу Рому Пратасевічу, куратару, які сочыць за тым, што адбываецца на тэлефоне і ўмоўным БТ, СТВ, ОНТ і іншай швалі, якая паралельна можа гэта глядзець. Яго стан я змагу ацаніць, калі ён будзе на нэўтральнай тэрыторыі і на яго ня будзе накіраванае дула пісталета або пагроза жыцьцё і здароўю яго блізкіх».

Паводле Матолькі, каб пацьвердзіць, што зь ім перапісваецца менавіта Пратасевіч, ён папрасіў яго зрабіць панарамны здымак.

«Спытаў, як Сафія, ці камунікавала яна з сябрамі. Насамрэч простыя пытаньні. Я спытаў, ці разумееш ты, што цяпер размаўляючы з табой, усе разумеюць, з кім яны размаўляюць. Ён кажа, так, але мяне ніяк не кантралююць, але я разумею, што не змагу гэта ніяк даказаць».

Антон Матолька расказаў таксама, што Пратасевіча дадалі ў адзін з чатаў і задалі пытаньне, што ён думае пра атаку на незалежныя СМІ.

«Я спытаю, Рома, што ты думаеш? Ён не адказаў. Магчыма быў патрэбны час, каб узгадніць пазыцыю, але гэта таксама вельмі паказальна. Таму, калі кажуць пра ягоны стан, то давайце спачатку мы пабачым чалавека і Сафію ў бясьпечным месцы».

«Я фанат Ціханоўскай, бо я бачу, як гэты чалавек вырас і што ён з сябе ўяўляе»

Антон Матолька расказаў таксама, як апынуўся ў Вільні, у камандзе Сьвятланы Ціханоўскай. Пасьля выезду зь Беларусі, падчас выбарчай кампаніі, блогер некаторы час жыў у Варшаве. Але пасьля знаёмства з Ціханоўскай у Вільні вырашыў застацца і дапамагаць яе камандзе ў Літве.

«Я памятаю, што захацеў застацца, калі яна на ўвесь офіс гаркнула, кшталту, хто ізноў не памыў кубкі на кухні? Я такі — таааак, кажаце, хатняя гаспадыня. Пазьней я пачаў глядзець на яе ў працы. Я ў Вільні толькі таму, што я веру ў Сьвятлану, я бачу гэтага чалавека без камэр, я разумею, які шлях яна прайшла ад хатняй гаспадыні, якой была вымушаная ёй быць у сувязі з хворым дзіцем. Сьвятлана стала лідэркай. Я фанат Ціханоўскай, бо я бачу, як гэты чалавек вырас і што ён з сябе ўяўляе. І што гэтаму чалавеку я б даверыў вельмі шмат».

Матолька таксама расказаў, што яшчэ да выбараў у яго быў шанец далучыцца да каманда Віктара Бабарыкі. Зьняволенага на 14 год палітыка ён назваў найлепшым кандыдатам на пасаду прэм’ера Беларусі, але як прэзыдэнтку, у краіне з парлямэнцкай сыстэмай, ён бачыць Сьвятлану Ціханоўскую.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ціханоўская сустрэнецца ў Вашынгтоне з прадстаўнікамі Белага дому, — агенцтва AFP

Тэлеграм-канал «МотолькоПомоги» — адзін з самых буйных у беларускім сэгмэнце — у сакавіку быў прызнаны экстрэмісцкім. Такое рашэньне прыняў суд Партызанскага раёну Менску.

Цяпер гэты тэлеграм-канал са 130 тысячамі падпісчыкаў фігуруе ў «сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў» на сайце Міністэрства інфармацыі.

Сам Антон Матолька абвешчаны ў міжнародны вышук, яго пастанавілі ўзяць пад варту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Калі Лукашэнку загоняць у кут, то яго прыбяруць свае ж людзі», — аналітык