У будынку гомельскага СІЗА з 24 чэрвеня ў закрытым рэжыме судзяць Сяргея Ціханоўскага, Ігара Лосіка, Мікалая Статкевіча, Уладзімера Цыгановіча, Арцёма Сакава і Дзьмітрыя Папова.
Іх абвінавачваюць у арганізацыі масавых беспарадкаў, дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, распальваньні сацыяльнай варожасьці ў Беларусі падчас падрыхтоўкі і правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў у 2020 годзе.
Гомельскі абласны суд пастанавіў зрабіць працэс закрытым.
Вось што пішуць у нядаўніх лістах Сяргей Ціханоўскі і Арцём Сакаў.
«У мяне ўсё норм. Даю паказаньні. Веру ў лепшае!», — напісаў Сяргей Ціханоўскі ў паштоўцы, датаванай 8 ліпеня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Блогер Уладзімер Цыгановіч з турмы: «Пераабувацца пасьля ўсяго, што было за гэты год, ня мае сэнсу»У лісьце маці Арцём Сакаў піша, што ў камэры гуляе ў шашкі, шахматы, даміно і нарды. Малюе. На пытаньне маці, ці будзе пісаць кнігу, як плянаваў, Арцём адказаў, што лепш здыме фільм. На здароўе ня скардзіцца. Нават ва ўмовах цеснай камэры і сьпёкі займаецца фізычнымі практыкаваньнямі, піша, што ён падцягнуты і накачаны. Маці Арцём дзякаваў за перадачу, асабліва за памідоры з уласнага агароду — «нарэшце адчуў смак сапраўднага памідора».
«У мяне ўсё нармальна, „узничаю“. Сьпёка і тут адчуваецца, людзі марынуюцца ў такіх умовах, а ўмовы — доўбанага саўку (IT-краіна). Усяму патрэбны свой час», — напісаў Арцём Сакаў у лісьце, датаваным 10 ліпеня.