Аналітыкі пра мяжу рэпрэсіяў і супраціў

Узламаныя і апячатаныя дзьверы ў менскім офісе Радыё Свабода. 16 ліпеня

Ці існуе мяжа рэпрэсіяў? Што можа зрабіць грамадзянская супольнасьць? Ці застаецца актуальнай прапанова аб дыялёгу з уладай?

На гэтыя пытаньні Юрыя Дракахруста ў Праскім акцэнце адказваюць палітычныя аналітыкі Ян Аўсеюшкін і Віталь Цыганкоў.

Аўсеюшкін

  • Улады пакуль ня выбралі ўсе ліміты гвалту.
  • Яшчэ падчас падзеяў лета і восені мінулага году было зразумела, што як толькі яны «патушаць пажар», яны зоймуцца тым, што, на іх погляд, стала прычынамі «пажару».
  • І каб «выкарчаваць» тое, што яны лічаць прычынамі, яны будуць ціснуць, пакуль ня вырашаць, што поле дастаткова зачышчанае.

Ян Аўсеюшкін

  • Для ўладаў «зачыстка» ня вырашыць праблему, бо нікуды ня зьнікнуць праблемы, якія спрабавалі вырашыць гэтыя грамадзкія арганізацыі.
  • Улады «зачысьцілі» тыя арганізацыі, якія працавалі ў легальным полі.
  • У адказ на запыт грамадзтва на ўзаемадапамогу будуць зьяўляцца новыя арганізацыі.
  • І яны будуць працаваць паводле партызанскіх, падпольных прынцыпаў.
  • Для мяне быў жудасны прыклад, калі раструшчылі тых, хто займаўся перадачамі вязьням за краты.
  • Гэтая ініцыятыва не была ж накіраваная супраць улады.
  • Улады ня могуць спыніць інфармацыю, але могуць абмежаваць яе распаўсюд.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Зь ператрусамі прыйшлі да журналістаў, зьвязаных з Радыё Свабода і тэлеканалам «Белсат». Ёсьць затрыманыя
  • Цяпер усе бачаць хвалю пагромаў сярод журналістаў і НДА. Але амаль ніхто ня ведае пра хвалю пагромаў актывістаў пратэставага руху, якія чынілі супраціў і якіх падазраюць у радыкальных дзеяньнях.
  • Гэта дзясяткі выклікаў на допыты, дзясяткі затрыманьняў.
  • Калі паглядзець на лічбы наведваньня палітычных сайтаў пасьля хвалі блякаваньняў, пасьля пагрому Tut.by, — яны зьнізіліся ў разы.
  • Ідуць пэўныя працэсы дэпалітызацыі грамадзтва, звужаецца аўдыторыя інфармацыйнай пратэставай «бурбалкі», якая ў мінулым жніўні пашырылася на палову грамадзтва ці нават болей.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Нагнятаньне страху і банальная помста». Праваабаронцы камэнтуюць рэпрэсіі апошніх дзён
  • Улады вельмі баяцца паўтарэньня леташняй хвалі самаарганізацыі, якія прывяла да стварэньня руху дваровых чатаў.
  • Нягледзячы на ўвесь тэрор і выцісканьне актывістаў за мяжу, улады гэты рух ня здолелі прыдушыць цалкам.
  • Ёсьць патэнцыял для перафарматаваньня гэтага руху.
  • Людзі знойдуць новыя шляхі самаарганізацыі, бо немагчыма спыніць жыцьцё.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сьледчым камітэце і КДБ патлумачылі ператрусы і затрыманьні ў няўрадавых арганізацыях і СМІ
  • Усе намаганьні палітычнага пратэставага руху і санкцыі вядуць да ўвядзеньня сыстэмы ў стан крызісу, у стан кіраўнічага паралюшу.
  • Калі гэта наступіць, то за перамовы могуць ухапіцца.
  • Гэта можа заняць цэлае чалавечае жыцьцё, але мы бачым паступовы надыход гэтага крызісу.
  • Мы не СССР зь яго велізарнымі рэсурсамі. Нават той падтрымкі, якую аказвае Крэмль, ня хопіць надоўга.

Цыганкоў

  • Мукавозчык адчувае, куды вецер дзьме.
  • Не яго парады, каго рэпрэсаваць, будуць выкананыя, а ён спрабуе адгадаць тэндэнцыю.
  • Няма стрымальных чыньнікаў, якія былі раней, калі МЗС спыняў рэпрэсіі сілавікоў.

Віталь Цыганкоў

  • Цяпер унутры ўлады няма ніводнай структуры, якая б стрымлівала ГУБАЗіК.
  • Таго, што цяпер адбываецца, не было ў СССР у 70-х-80-х гадах, толькі ў 1930-х.
  • І лексыка што Мукавозчыка, што тэлеграм-каналу ГУБАЗіК — такая ж, як у 30-я гады.
  • Цяпер Макей кажа тое ж, што і ГУБАЗіК. Але я думаю, што ён не ўтрымаецца ў гэтай сыстэме.
  • Тым, каго яны выпускаюць, намякаюць, каб яны зьяжджалі з краіны.
  • Яны ня могуць перасаджаць усіх хаця б з тае прычыны, што месцаў не хапае.
  • Як можа быць падпольная абарона правоў чалавека?
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прэзыдэнт RFE/RL пра ператрусы і арышты: «Тактыка запалохваньня не заглушыць нашу журналістыку»
  • Улады могуць наносіць удары па людзях, але яны ня могуць спыніць інфармацыйныя плыні.
  • Сёньня ўсе маюць інфармацыю пра кожны ператрус, пра кожны допыт.
  • Дзікая гісторыя, як чалавека пакаралі соднямі адміністрацыйнага арышту за здымкі аварыі дзіцячага атракцыёну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Наша Ніва»: На Акрэсьціна не аддаюць перадачы затрыманым супрацоўнікам рэдакцыі
  • У іншай краіне каралі б адказных за аварыю, а тут — таго, хто сфатаграфаваў аварыю.
  • Зьніжэньне наведнасьці палітычных сайтаў зьвязанае ня толькі з рэпрэсіямі супраць гэтых сайтаў, але і з агульным настроем грамадзтва.
  • Некаторыя людзі, асабліва з тых, хто прыйшоў у палітыку толькі летась, кажуць сабе — мы прайгралі, і я больш не хачу на гэта глядзець.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суд над маладосьцю». Вынесьлі выракі ў «справе студэнтаў»
  • Увесну на плятформе «Голасу» былі сабраныя сотні тысячаў галасоў у падтрымку перамоваў з уладамі.
  • Мне здаецца, што ідэя перамоваў, дыялёгу памрэ сваёй сьмерцю, бо ўлада ні на якія перамовы не ідзе.
  • Магчыма, штаб Ціханоўскай абвесьціць, што ён ужо дамагаецца не перамоваў, а нечага іншага.

Што было раней

  • 16 ліпеня праходзяць ператрусы ў офісе і кватэрах журналістаў Радыё Свабода, тэлеканалу «Белсат» і іншых СМІ.
  • Сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі трое дзьвярэй у офісе. Сканфіскавалі тэхніку.
  • Паводле наяўных зьвестак, сілавікі прыйшлі ў кватэру журналіста Радыё Свабода Валянціна Жданко. У яго дома адбыўся ператрус.
  • Затрымалі былую журналістку Свабоды Іну Студзінскую, у якой у кастрычніку 2020 году забралі акрэдытацыю для працы ў Беларусі. У яе дома правялі ператрус.
  • Жонка журналіста Алега Грузьдзіловіча, у якога летась таксама забралі акрэдытацыю для працы ў Беларусі, паведаміла пра затрыманьне мужа.
  • Пра ператрус у журналісткі Любові Лунёвай, паведаміў тэлеграм-канал «Белсату».
  • Ён жа паведаміў, што на кватэры прапіскі журналісткі Марыі Арцыбашавай выламалі дзьверы, яе ў гэты момант у кватэры не было.
  • Затрымалі журналіста з Івацэвічаў Сяргея Скулаўца. Раніцай да яго дамоў прыехаў мікрааўтобус. Шмат гадзінаў сувязі зь ім не было, пісаў тэлеграм-канал «Белсату». Пад вечар Скулавец напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што ён ужо на волі.
  • Сілавікі прыйшлі і па Галіну Абакунчык, якая супрацоўнічала зь «Белсатам». Па артыкуле 293 КК затрымалі вядоўцу праграмы «Лукавыя навіны» на тэлеканале «Белсат» Ганну Галёту.