Віталь Будзько, бацька асуджанай на 2,5 года студэнткі Касі Будзько, расказаў, як ягоная дачка і іншыя падсудныя сустрэлі вырак у «справе студэнтаў».
У Савецкім раённым судзе Менску 16 ліпеня вынесьлі прысуды ў «справе студэнтаў». Выракі агучыла судзьдзя Кастрычніцкага суду Менску Марына Фёдарава. Усім фігурантам справы прысудзілі па 2,5 года зьняволеньня. 2 гады атрымаў Глеб Фіцнэр, адзіны, хто прызнаў віну. Менавіта столькі запрасілі пракуроры Анастасія Маліка і Раман Чабатароў.
10 студэнтаў, выкладчыцу і выпускніцу прызналі вінаватымі ў арганізацыі студэнцкіх акцый пратэсту і ў злачынстве ў складзе групы. Большасьць з 12 абвінавачаных затрымаў КДБ яшчэ 12 лістапада 2020 году.
Амаль нікога са слухачоў не пусьцілі на абвяшчэньне прысуду — толькі блізкіх сваякоў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суд над маладосьцю». Вынесьлі выракі ў «справе студэнтаў»Каго асудзілі
- Марыя Каленік, студэнтка БДАМ;
- Ксенія Сырамалот, студэнтка БДУ;
- Кася Будзько, студэнтка БДПУ;
- Ягор Канецкі, студэнт БДУ;
- Глеб Фіцнэр, студэнт МДЛУ;
- Ільля Трахтэнбэрг, студэнт БДУ;
- Вікторыя Гранкоўская, студэнтка БНТУ;
- Анастасія Булыбенка, студэнтка БНТУ;
- Яна Арабейка, студэнтка БДПУ;
- Вольга Філатчанкава, выкладчыца БДУІР;
- Алана Гебрэмарыям, выпускніца БДМУ, сябра Каардынацыйнай рады, прадстаўніца Ціханоўскай у справах моладзі і студэнтаў;
- Тацяна Якельчык, студэнтка мэхмату БДУ.