Палітзьняволенай Марыі Калесьнікавай падоўжылі ўтрыманьне пад вартай да суду. Такое рашэньне па скарзе адваката ўхваліў Вярхоўны суд Беларусі. Пра гэта паведаміла прэсавая служба Віктара Бабарыкі.
16 ліпеня, разам з Марыяй Калесьнікавай і Веранікай Цапкалай ухвалілі рашэньне аб’яднаць штабы трох прэзыдэнцкіх кампаній і разам выступалі за перамены, дэмакратычную будучыню і свабоду.
Марыя Калесьнікава напісала ліст зь СІЗА пра гэтую падзею:
«Год таму ўтрох са Сьвятланай і Веранікай за 15 хвілін мы прынялі вельмі важнае рашэньне. Я ведаю, што было нялёгка, але Сьвятлана і Вераніка падтрымалі прапанову штабу Віктара Бабарыкі. І празь некалькі тыдняў кампаніі мы ўсе разумелі — Беларусь прачнулася.
Я шчыра захапляюся і ганаруся беларусамі. Ведаю, што многія стаміліся і можа здавацца, што вайна беларускіх уладаў супраць уласнага народу ніколі ня скончыцца.
Але гэта ня так. Мы ўжо перамаглі: перш за ўсё сваю абыякавасьць — гэта самае важнае. Гэта вельмі складана — выціскаць зь сябе раба, па кроплі, але неабходна для нас, для нашай будучыні. Мы разам з гэтым справімся. Я ганаруся, што я беларуска».
Калесьнікаву, а таксама юрыста Максіма Знака абвінавачваюць у стварэньні экстрэмісцкага фармаваньня, у закліках да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы, і ў змове з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам.
Крымінальную справу супраць сяброў Каардынацыйнай рады Максіма Знака і Марыі Калесьнікавай накіравалі для разгляду ў Менскі абласны суд. Дата разгляду справы пакуль невядомая.
Максіма Знака і Марыю Калесьнікаву абвінавачваюць паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу:
- ч. 1 арт. 357 (змова з мэтай захопу ўлады);
- ч. 1 арт. 361 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы);
- ч. 3 арт. 361-1 (заклікі да дзеяньняў, накіраваных на шкоду нацыянальнай бясьпецы, з выкарыстаньнем СМІ і інтэрнэту).
Ім пагражае да 12 гадоў турмы.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жанчыны — рухавік беларускай рэвалюцыі». Ціханоўская заклікала правесьці 16 ліпеня дзень салідарнасьці