«Жанчыны — рухавік беларускай рэвалюцыі». Ціханоўская заклікала правесьці 16 ліпеня дзень салідарнасьці

Жаночы марш. Менск, 2020

Сьвятлана Ціханоўская заклікала беларусаў па ўсім сьвеце далучыцца да дня салідарнасьці з жанчынамі, якія ад пачатку выбарчай кампаніі сталі рухавіком беларускай рэвалюцыі.

«Я абвяшчаю 16 ліпеня Днём салідарнасьці зь беларускімі жанчынамі. Я заклікаю беларусаў і сяброў Беларусі выказаць салідарнасьць з адважнымі беларускімі жанчынамі, якія сталі ня толькі сымбалем, але і рухавіком беларускай рэвалюцыі», — цытуе сайт Ціханоўскай яе заяву.

Сьвятлана Ціханоўская нагадала, што год таму, 16 ліпеня, разам з Марыяй Калесьнікавай і Веранікай Цапкалай ухвалілі рашэньне аб’яднаць штабы трох прэзыдэнцкіх кампаній і разам выступалі за перамены, дэмакратычную будучыню і свабоду — як і мільёны беларусак.

16 ліпеня а 19.00 на Лукіскім пляцы ў Вільні Офіс Святланы Ціханоўскай праводзіць Дзень салідарнасьці з беларускімі жанчынамі. Туды прыйдуць беларусы, якія знаходзяцца ў Вільні, яны будуць са сьцягамі і парасонамі колераў нацыянальнага беларускага сьцяга, успомняць, што было год таму, пачытаюць лісты жанчын-палітвязняў, паведамляе прэсавая служба Сьвятланы Ціханоўскай.

Ціханоўская заклікала ўсіх беларусаў выйсьці на пікеты салідарнасьці з партрэтамі беларускіх палітвязьняў, а таксама пісаць ім лісты, дапамагаць іхным сваякам і запісваць відэа са словамі падтрымкі.

Адна з першых акцый прайшла ў Сеніцы пад Менскам.

Марыя Калесьнікава зь СІЗА ўспомніла момант аб’яднаньня штабоў і тое, да чаго гэта прывяло. Яна адзначыла, што ганарыцца, што нарадзілася беларускай.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Жанчыны прапануюць альтэрнатыўную цывілізацыю». 10 думак Сьвятланы Алексіевіч на сустрэчы з Вольгай Такарчук