Сілавікі прыбылі ў менскі офіс Радыё Свабода, вырвалі камэры відэаназіраньня на паверсе і выламалі 3 дзьвярэй у офісе. Канфіскавалі тэхніку.
- Сілавікі прыйшлі ў кватэру журналіста Радыё Свабода Валянціна Жданко. У яго дома адбыўся ператрус. Па стане на 22-ю гадзіну менскага часу сувязь зь ім адсутнічае.
- Затрымалі журналістку Свабоды Іну Студзінскую, у якой у кастрычніку 2020 году забралі акрэдытацыю карэспандэнта Радыё Свабода для працы ў Беларусі. У яе дома правялі ператрус.
- Жонка журналіста Алега Грузьдзіловіча, у якога летась таксама забралі акрэдытацыю карэспандэнта Радыё Свабода для працы ў Беларусі, паведаміла пра затрыманьне мужа:
«Алежку забралi у кайданках. Забралі ягоны i мой тэлефоны, усе кампутары i ноўтбукi. Былі 9 чалавек. Яшчэ забралi ўсе грошы, нават з маёй кiшэнi беларускія рублi. Таксама 300 даляраў, якiя заставалiся на жыцьцё. Мы чакалi такога кожны дзень».
- З раніцы зьнікла сувязь з журналістам Алесем Дашчынскім (улады забралі ў яго летась акрэдытацыю карэспандэнта Радыё Свабода). Па стане на 22-ю гадзіну менскага часу сувязь зь ім адсутнічае.
- Прайшлі ператрусы ў кватэры і на лецішчы ў журналісткі Любові Лунёвай прайшлі. Увечары БАЖ паведаміла, што Лунёва на волі.
- Ператрус прайшоў у галоўнай рэдактаркі берасьцейскага выданьня «Бінокль» Ксеніі Пятровіч. Яна на волі, піша БАЖ.
- Па артыкуле 293 Крымінальнага кодэксу («Арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак») затрымалі вядоўцу праграмы «Лукавыя навіны» на тэлеканале «Белсат» Ганну Галёту.
- Белсат таксама паведаміў, што на кватэры па прапісцы журналісткі Марыі Арцыбашавай выламалі дзверы, яе ў гэты момант у кватэры не было.
- Затрымалі журналіста з Івацэвічаў Сяргея Скулаўца. Раніцай да яго дамоў прыехаў мікрааўтобус і Сяргея забралі. Шмат гадзінаў сувязі зь ім не было, пісаў тэлеграм-канал «Белсату». Пад вечар Скулавец напісаў на сваёй старонцы ў Фэйскубу, што ён ужо на волі:
«Забралі ўсё, нават старажытны ноўтбук, які 100 гадоў не працуе. Самога таксама забралі на допыт у Берасьце ў губазік. Цяпер на волі.
Але не ў гэтым сутнасьць. У мяне ж каля дома ў вёсцы гаспадарка. Дык сёньня маіх гадаванцаў прыяжджалі і кармілі некалькі разоў тыя, каму неабыякава. А гэта рэальна кранальна. Дзякуй, сябры!»
- Пра ператрус у сваім доме паведаміў вядоўца ток-шоў «Кожны з нас» на тэлеканале «Белсат» і курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка. У 12.25 ён напісаў у Фэйсбуку: «Дзякуй усім, хто хваляваўся, я дома».
- Сілавікі прыйшлі і па Галіну Абакунчык, якая супрацоўнічала зь «Белсатам». Пазьней Tut.by паведаміў, што яе адпусьціл пасьля ператрусу.
- Вобшук прайшоў у гомельскага журналіста Яўгена Меркіса, прычым для яго ён ужо другі за год — папярэдні быў у лютым, напісаў сам Меркіс у фэйсбуку. А 15.30 стала вядома, што журналіст Яўген Меркіс на волі. Ён без сувязі — міліцыянты забралі тэхніку і тэлефоны. У Меркіса ўжо праходзіў вобшук у лютым. Увосень ён адбыў у ІЧУ 27 сутак запар па артыкуле «23.34». Пазьней Яўген Меркіс напісаў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку, што ператрусам і канфіскацыяй займаўся ГУБАЗіК.
- У Пінску да журналіста Віктара Ярашука прыходзiлi супрацоўнікі Берасьцейскага крымінальнага вышуку. Міліцыянты забралі кампутар, мабільны тэлефон. Сам журналіст на волі. Ператрусы прайшлі таксама ў кватэрах пінскага журналіста Андрэя Якімуша і ягонай маці. Сам Якімуш за мяжой.
- Як інфармуе «Эўрарадыё», сілавікі з раніцы ў кватэры журналіста Ігара Ільяша, мужа палітзьняволенай рэпартэркі «Белсату» Кацярыны Андрэевай, якія ў суаўтарстве напісалі кнігу «Беларускі Данбас» пра ўдзел беларусаў у баявых дзеяньнях на ўсходзе Ўкраіны, і якую потым улады Беларусі прызналі «экстрэмісцкай». Апоўдні «Белсат» паведаміў, што Ільяш у Сьледчым камітэце, яго спрабуюць прыніжаць, абыходзяцца груба. Ігара Ільяша затрымалі ў сувязі з крымінальнымі справамі, але яго статус (сьведка ці абвінавачаны) невядомы, піша «Белсат».
- А 16.30 сваякі Ільяша расказалі, што яго вязуць у ізалятар, фізічны гвалт супраць яго не чынілі. У пастановах на ператрусы былі артыкулы «Масавыя беспарадкі» (293 КК РБ) і «Арганізацыя дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (342 КК РБ). Тым часам Telegram-канал Ігара захапілі невядомыя, змясьцілі на аватарцы дзяржаўную сімволіку.
- Сілавікі зрабілі ператрус і ў горадзенскага журналіста-фрылянсэра Аляксея Кайрыса. Таксама ў Горадні прыйшлі да журналістаў Паўла Мажэйкі і Хрысьціны Чарняўскай, якія супрацоўнічаюць зь «Белсатам». А 14.00 стала вядома, што вядоўца «Белсату» Паўла Мажэйку выпусьцілі пасьля ператрусу. Паўла Мажэйку пасьля ператрусу адвезьлі на допыт у Ленінскі РАУС Горадні. Ён праходзіць сьведкам у справе аб «арганізацыі дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак» (ч.1 арт.342 КК РБ), яго распытвалі пра падзеі ў Горадні 9-13 жніўня мінулага году.
- Адбыўся вобшук у фатографа-фрылянсэра з Горадні Аляксандра Саенкі. Саенка праходзіць сьведкам па крымінальнай справе па артыкуле 342 КК. У яго скончыўся ператрус, забралі тэхніку, а 12.30 Аляксандр Саенка быў ужо на волі, ён праходзіць сьведкам па ч.1 арт.342 КК (масавыя беспарадкі). У часе ператрусу ў яго забралі два тэлефоны, два фотаапарата і флэшку, паведаміла выданьне Hrodna.life.
- Берасьцейскія журналісты, якія рабілі сюжэты для «Белсату», Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава, знаходзяцца ў Грузіі, але сілавікі прыйшлі зь ператрусам да бацькоў Леўчука, нічога ў выніку не забраўшы. «Паводле ч. 1 арт. 342, нібы за падзеі 13 верасьня, вобшук праводзіў ГУБАЗіК», — паведаміў Ляўчук.
- Сёньня прайшоў ператрус, а потым — допыт у ГУБАЗіК гомельскай журналісткі Ларысы Шчыраковай. Яна цяпер на волі, але без тэхнікі і тэлефону. У Шчыраковай быў вобшук 16 лютага. Увесну яе судзілі за «незаконны выраб прадукцыі СМІ» — гаворка ідзе пра супрацу з «Белсат». Увосень 2020 году журналістку неаднаразова затрымлівалі міліцыянты.
- Паведамлялася пра вобшук і ў гомельскага журналіста Андрэя Толчына. Пазьней стала вядома, што ператрусу не было, а ён проста застаўся бяз сувязі на нейкі час. Раней Толчына судзілі за супрацу з тэлеканалам «Белсат» і пакаралі буйным штрафам. 24 чэрвеня, у дзень першага судовага паседжаньня па «справе Ціханоўскага» Толчына затрымалі непадалёк ад СІЗА. Пазьней яго адпусьцілі, але канфіскавалі тэхніку — нават штатыў ад камэры, і тэлефон.
- У Рэчыцы затрымалі журналіста і праваабаронцу Андрэя Мядзведзева. Увечары праваабарончы цэнтар «Вясна» паведаміў, што Мядзведзеў выйшаў з КДБ, ён на волі.
У каго былі ператрусы апрача журналістаў
- Супрацоўнікі КДБ прыйшлі з ператрусам да горадзенскай грамадзкай актывісткі Лізы Бяляткі ў межах крымінальнай справы аб тэрарызме, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна». Таксама ператрус праходзіць у яе сятры Юліі Рыбалкі.
- Старшыня ТБМ Алена Анісім паведаміла, што пакуль яна была на працы, раніцай дома прайшоў вобшук. Забралі ноўтбук.
- Праходзіць ператрус у падпалкоўніка запасу Сяргея Шпака, паведаміў праваабарончы цэнтар «Вясна». У жніўні 2020 года Сяргей Шпак быў адным з афіцэраў, які здымаўся ў відэазвароце да дзейных вайскоўцаў Беларусі.
- Таксама ператрус пачаўся ў дырэктаркі грамадзкага аб’яднаньня «Экадом» Марыны Дубінай па месцы прапіскі па артыкулах Крымінальнага кодэксу 293 «арганізацыя масавых беспарадкаў» і 342 «арганізацыя групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак». Самой Дубінай дома няма.
- Ператрус пачаўся ў праваабаронцы Галіны Ўсьцінавай. Галіна — член праўленьня «Прававой ініцыятывы». У старшыні ініцыятывы Вікторыі Фёдаравай прайшоў ператрус па месцы рэгістрацыі. Сілавікі прыйшлі ў сувязі з крымінальнай справай аб нібыта «масавых беспарадках». Вікторыя за межамі Беларусі з сакавіка 2021 году.
- Па месцы жыхарства маці праваабаронцы Маргарыты Корбут у Рэчыцы прыходзілі з ператрусам. Быў канфіскаваны кампутар і тэлефон. Корбут — таксама член праўленьня «Прававой ініцыятывы». Маргарыта па-за межамі Беларусі з сакавіка 2021.
- У сябра праўлення «Прававой ініцыятывы» Яўгена Пугача таксама прайшоў ператрус. Сілавікі канфіскавалі тэхніку. Яўген на волі, піша the_village_me.
- Выламаныя дзверы ў офісе незалежнага прафсаюза РЭП на вуліцы Кульман ў Менску, таксама сілавікі прыйшлі ў сацыяльна-асветніцкую ўстанову «ТаймАкт», паведамляе Эўрарадыё.
- Праваабаронцу «Вясны» з Рэчыцы Валера Пуціцкага сёньня выклікалі ў КДБ на гутарку. Пасьля гэтага ў яго дома правялі ператрус у межах крымінальнай справ аб тэрарызме. У выніку нічога вынята не было. Пуціцкі на волі. Статуса ў рамках крымінальнай справы ён не мае, паведамляе «Вясна».
- Таксама ператрусы ў Пінску прайшлі ў чальцоў Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі «Грамада» і старшыні пінскай арганізацыі Веранікі Івановай і яе блізкіх, паведамляе «Радыё Рацыя».
Сьледчы камітэт заявіў, што атрымаў інфармацыю пра быццам бы датычнасьць шэрагу НДА і СМІ да ценявога руху фінансавых сродкаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сьледчым камітэце і КДБ патлумачылі ператрусы і затрыманьні ў няўрадавых арганізацыях і СМІ14 ліпеня адбыліся ператрусы ў офісах 23 няўрадавых арганізацый — ад праваабарончых да творчых саюзаў, дасьледчыцкіх цэнтраў. Затрымана сама меней 9 праваабаронцаў.
15 ліпеня ўвечары прайшоў ператрус на лецішчы ў Горадзенскім раёне ў Вадзіма Саранчукова, намесьніка старшыні Партыі БНФ. На лецішчы не было гаспадароў. Дом пасьля ператрусу апячаталі.
Раней міністар замежных спраў Уладзімер Макей папярэджваў, што ў адказ на пашырэньне санкцый супраць Лукашэнкі і ягонага атачэньня ў Беларусі зьнікне грамадзянская супольнасьць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Юрысты, эканамісты, пісьменьнікі. Чым займаюцца арганізацыі, якія трапілі пад «зачыстку» 14 ліпеня ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Арышты і ператрусы 15 ліпеня: у Маладэчне затрымалі яшчэ аднаго праваабаронцу «Вясны», вобшук у ТБМ і ТБШ