Тэмы, якія закраналіся падчас гэтай сустрэчы, датычылі, сярод іншага, уплыву пандэміі на людзей, беларускай рэвалюцыі, ролі жанчыны ў палітычным жыцьці, крызісу патрыярхальнай мадэлі палітычнага жыцьця, падзелу літаратуры на «мужчынскую» і «жаночую».
Прапануем вашай увазе некаторыя з выказваньняў Сьвятланы Алексіевіч на гэтай сустрэчы.
Пра каранавірусную пандэмію
«Мы ўсе мусім стварыць новае адчуваньне саміх сябе ў гэтым сьвеце. Мы ўжо дакладна ня самыя вялікія ў ім. Нейкая зусім малюсенькая кузурачка, малюсенькі мікроб здольны зрабіць тое, чаго ня можа зрабіць ніводная армія».
Пра беларускую рэвалюцыю і жанчын у ёй
«Справа ня ў колькасьці жанчын, што іх было вельмі шмат і што ў крытычныя моманты яны прыходзілі своечасова і з тымі ідэямі, якія патрэбны. Калі б у нашай рэвалюцыі кіравалі мужчыны, то гэта была б кроў. Пачаўся б супраціў у старых клясычных формах: камень — зброя пралетарыяту. Гэта тое, чаго мы ў Кааліцыйнай радзе баяліся больш за ўсё».
«Мы хацелі сказаць, што можам без крыві, што ў ХХІ стагодзьдзі могуць быць іншыя формы супраціву. Таму нашы жанчыны выходзілі на вуліцу ў белым і з кветкамі. Я да гэтага часу помню велізарную колькасьць вайсковай тэхнікі на нашай вуліцы і ўяўляю сабе, што калі б не жанчыны, якія выйшлі з кветкамі, то горад быў бы заліты крывёй».
«Я цяпер пішу кнігу пра нашу рэвалюцыю і абдумваю многія рэчы, таму што я не зьбіраюся ствараць калекцыю жахаў. Мне здаецца, што галоўнае, што сёньня нашы жанчыны прынесьлі ў гэты супраціў, у якім мы ўвесь час апынаемся — гэта тое, што чалавечае жыцьцё ня можа быць меркай рэчаў».
«Тое, што адбываецца сёньня — рэвалюцыя ў нас — гэта ўласна таксама вайна. Таксама ўсё адбываецца, можна сказаць, у ваенных катэгорыях. Нейкая арганізацыя, я б яе так назвала, захапіла ўладу ў краіне, прыніжае ўласны народ, зьдзекуецца з уласнага народу, пазбаўляе яго будучыні і лічыць, што мае нейкую мэсіянскую мэту, што яны нешта ахоўваюць. Што яны ахоўваюць, акрамя адмерлых камуністычных ідэй?»
Пра чалавечую прыроду
«Гэта занадта плоскі сьвет, калі ў ім толькі героі і здраднікі. Чалавек —— гэта такая складаная істота, што ў ім вельмі многа ўсяго. Па-першае, ён андрагінны, як правіла, калі ён глыбока пакапаецца ў сабе; па-другое, ён і герой, і здраднік; па-трэцяе, ён хоча быць у поўным адзіноцтве. Вось пра такія рэчы цікава разважаць. А мы разважаем у катэгорыях яшчэ тых часоў, калі чалавек быў у шкуры і бегаў з палкай».
«Чалавек такая жывёлінка, якая вельмі дрэнна вучыцца, скажам так. Нельга думаць, што літаратура і мастацтва дасягнулі вельмі вялікага посьпеху, каб зрабіць чалавека лепшым. Але калі б гэтага не было, то чалавек быў бы яшчэ страшнейшым».
Пра альтэрнатыўнае жаночае сьветабачаньне
«Жанчыны прапануюць альтэрнатыўную цывілізацыю, іншы сьвет. Таму я па дробачцы зьбіраю жаночыя веды, і жанчыны — мае любімыя героі».
«Жанчыны сёньня хочуць выгаварыцца. Мы жывём у мужчынскім сьвеце. Мужчыны ўсё ад сябе сказалі, ва ўсякім выпадку вельмі шмат, больш, чым мы хацелі б ад іх пачуць. А жанчына ня выгаварылася. Нам трэба даведацца, што гэта за сьвет».
Пра панаваньне літаратуры мужчын
Мужчынская літаратура пануе. Адзіны раз я адчула, што гаворыць жанчына, жанчына як я, было, калі я чытала Цьвятаеву, яе дзёньнікі, яе прозу. Вось гэта сапраўды жаночы сьвет. Але яго вельмі мала. Ён яшчэ вельмі мала выявіўся».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дыскусія нобэлеўскіх ляўрэатак Сьвятланы Алексіевіч і Вольгі Такарчук. УЖЫВУЮ ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Алексіевіч у Бэрліне не пусьцілі на самалёт, бо яна нібыта «мела пры сабе бомбу»