Плятформа «Голос» завяршыла альтэрнатыўны падлік галасоў на выбарах 2020 году. Паводле аналітыкаў, Ціханоўская набрала сама меней 3 млн галасоў.
Павал Лібер кажа, што першапачатковай мэтай «Голоса» быў зусім не падлік вынікаў выбараў. Распрацоўнікі плятформы хацелі знайсьці фальсыфікацыі на асобных участках на падставе пратаколаў, якія ім удалося сабраць. У жніўні гэта было 1310 пратаколаў.
«Мы тады знайшлі досыць вялікія фальсыфікацыі і на гэтым спыніліся. Мы сьвядома не падлічвалі вынікаў выбараў, бо выбараў фармальна не было. Пры той колькасьці фальсыфікацый, якія мы выявілі, не было сэнсу капацца ў гэтым далей. Большая частка пратаколаў не вывешвалася і не было зразумела, як іх сабраць», — расказвае Лібер.
Але з часам некаторыя назіральнікі дасылалі новыя пратаколы, якія ім удалося сфатаграфаваць. У выніку колькасьць пратаколаў вырасла да 1545. Тады ў каманду «Голосу» зьвярнулася група аналітыкаў, якая пажадала прааналізаваць больш як паўмільёна бюлетэняў, атрыманых «Голосом», з пратаколамі, якія дасылалі ў плятформу.
«Мадэль вельмі надзейная. Пры розных умовах яна ўсё роўна дае вынік, што Ціханоўская перамагла»
«Гэтае дасьледаваньне паказвае, што калі б усе выбарнікі Ціханоўскай рэгістраваліся на „Голосе“ і галасавалі, то яна б перамагла ў першым туры, набраўшы сама меней 3 мільёны галасоў. Нам думаецца, што мадэль вельмі надзейная. Пры розных умовах яна ўсё роўна дае вынік, што Ціханоўская перамагла. Але мы думаем, што, хутчэй за ўсё, яна набрала больш».
Дасьледнікі «Голоса» паспрабавалі збудаваць прапорцыі паміж тым, як людзі галасавалі на плятформе, і як яны галасавалі ў сапраўдных пратаколах. З усіх атрыманых «Голосом» 1545 пратаколаў было вылучана 342, якія аналітыкі палічылі «параўнальна сумленнымі». Што значыць «параўнальна сумленнымі»? Гэта значыць, што тое, як людзі галасавалі ў «Голосе» і на выбарчых участках, прапарцыйна сышлося. У «Голосе» лічаць, што, хутчэй за ўсё, гэтыя пратаколы не падробленыя.
«Нам пашанцавала, што гэтыя пратаколы былі практычна з усіх рэгіёнаў краіны. Далей будавалася прапорцыя ў нейкім раёне Менску, дзе рэальна за Ціханоўскую прагаласавала тысяча чалавек. Мы бачым, што ў „Голосе“ на тых жа ўчастках галасавала 400-500 чалавек. То бок мы разумеем, што палова выбарнікаў Ціханоўскай у гэтым раёне Менску ёсьць у „Голосе“, а паловы няма. Калі мы пачынаем пакрываць гэта на ўсю краіну, то бачым, што ў Менску сярэдняе пакрыцьцё „Голоса“ было вельмі добрым, амаль палова выбарнікаў. У Берасьці была амаль траціна, недзе менш. І мы прымянілі гэтыя прапорцыі адносна ўсёй краіны. І выявілі, што, па сутнасьці, толькі траціна выбарнікаў Ціханоўскай была ў „Голосе“ зарэгістраваная. І калі мы ўсе гэтыя прапорцыі адбудавалі, то атрымліваецца, што 3 мільёны — гэта той вынік, калі б усе яе выбарнікі былі на плятформе».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Сябры Беларусі» ў Палаце прадстаўнікоў заклікалі Байдэна сустрэцца зь Ціханоўскай«Нашая ўльтыматыўная мэта — новыя выбары, бо мінулых выбараў у нас не было»
Лібер гаворыць, што ён быў самым скептычным у камандзе што да высноваў падліку. Ён ня меў сумневу, што Ціханоўская перамагла, але ня быў упэўнены, што перамога была ўжо ў першым туры.
«У маёй галаве ейны калідор быў паміж 45% і 55%. Хтосьці ў нашай камандзе быў упэўнены, што яна перамагла з вынікам 70-75%. І паколькі мы ніколі не маглі вырашыць гэтую дылему, „Голос“ ніколі не называў Ціханоўскую прэзыдэнткаю. А цяпер мы як плятформа перакананыя, што Ціханоўская перамагла. Але цяпер ёсьць іншая дылема. З пункту гледжаньня матэматыкі яна зьяўляецца абранай прэзыдэнткай. А з другога боку, з пункту гледжаньня фальсыфікацыяў выбараў не адбылося. Але кожны для сябе будзе вырашаць гэтую дылему».
Дадзеныя гэтага аналізу можна было б атрымаць яшчэ больш дакладныя. Але пасьля году ад выбараў шанцы атрымаць новыя пратаколы мізэрныя. На большасьці ўчасткаў пратаколы ўвогуле не вывешваліся. На думку Лібера, іх хутчэй за ўсё зьнішчылі або схавалі.
Раней плятформа «Голос» апублікавала справаздачу аб парушэньнях на прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі. У падрыхтоўцы справаздачы таксама ўдзельнічалі ініцыятывы «Зубар» і «Честные люди». Паводле плятформы, галасы падрабілі двойчы: спачатку ўчастковыя камісіі, а пасьля ў ЦВК. Было выяўлена звыш 6,5 тысячы парушэньняў.
Павал Лібер кажа, што вынікі справаздачы мала што зьменяць, паколькі Ціханоўскую ў сьвеце і так прымаюць як прэзыдэнтку. Для «Голоса» гэта завяршэньне іхнай працы, якая пачалася незадоўга да выбараў мінулага году.
«Тое, чаго патрабуюць цяпер дэмакратычныя сілы — гэта ня каб зрабіць Ціханоўскую прэзыдэнткаю. Яны патрабуюць вызваліць палітвязьняў, правесьці новыя выбары і пакараць людзей, адказных за рэпрэсіі. Нашая справаздача ніяк не зьмяняе гэтых патрабаваньняў. Нашая ўльтыматыўная мэта — новыя выбары, бо мінулых выбараў у нас не было», — гаворыць Павал Лібер.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жузэп Бурэль: Эўразьвяз гатовы разгледзець далейшыя абмежавальныя захады адносна Беларусі