Міністэрства юстыцыі Беларусі ініцыявала прыпыненьне дзейнасьці руху «За свабоду»

Заснавальнік руху «За свабоду» Аляксандар Мілінкевіч, архіўнае фота

Першае пасяджэньне ў справе ў Вярхоўным судзе заплянавалі на 19 ліпеня.

Улады Беларусі ініцыявалі ліквідацыю руху «За свабоду», які паўтара дзясятка гадоў таму запачаткаваў экс-кандыдат у прэзыдэнты на выбарах 2006 году Аляксандар Мілінкевіч.

Як пацьвердзіў Свабодзе кіраўнік арганізацыі Юрась Губарэвіч, Вярхоўны суд пачаў грамадзянскую справу на падставе пазову Міністэрства юстыцыі да праваабаронча-асьветніцкага грамадзкага аб’яднаньня «Рух „За свабоду“» аб прыпыненьні дзейнасьці.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мінʼюст распачаў праверку руху «За свабоду»

У дакумэнце сказана, што ў парадку падрыхтоўкі справы да судовага разбору на 19 ліпеня ў Вярхоўным судзе прызначана пасяджэньне. Прадстаўніку руху неабходна зьявіцца з дакумэнтамі, якія пацьвярджаюць паўнамоцтвы на ўдзел у справе.

14 ліпеня Юрась Губарэвіч паведаміў, што ў цэнтральным офісе арганізацыі ў Менску прайшоў ператрус, пасьля чаго памяшканьне апячаталі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Крэмль рыхтуе сабе «новага Лукашэнку». Шчырая гутарка зь Мілінкевічам пра пандэмію і палітыку

Рух «За свабоду» заснаваны ў 2006 годзе пасьля прэзыдэнцкіх выбараў кандыдатам ад аб’яднаных дэмакратычных сіл Аляксандрам Мілінкевічам.

Міністэрства юстыцыі Беларусі толькі з чацвёртага разу зарэгістравала рух як «праваабаронча-асьветніцкае грамадзкае аб’яднаньне». Рэгістрацыйнае пасьведчаньне выдалі 17 сьнежня 2008 году.