«Цяжкія часы, але трэба спрабаваць». Грамадзкая арганізацыя «Зьвяно» пачала судзіцца зь Міністэрствам юстыцыі

Менскі гарадзкі суд

У Менскім гарадзкім судзе пачаўся разгляд скаргі асьветніцка-сацыяльнай арганізацыі «Зьвяно» на Міністэрства юстыцыі Беларусі. «Зьвяно» дамагаецца адмены папярэджаньня, якое міністэрства вынесла арганізацыі ў чэрвені.

Наяўнасьць папярэджаньня пагражае ёй закрыцьцём. Паседжаньне суду 13 ліпеня было папярэдняе, у некаторых пазыцыях бакі паразумеліся, але канчатковага прымірэньня не адбылося. Будзе новае паседжаньне суду.

Раней Міністэрства юстыцыі заяўляла пра 4 прэтэнзіі да «Зьвяна». Пра што ўдалося дамовіцца, а што з гэтых пунктаў засталося спрэчным, расказвае кіраўніца арганізацыі Тацяна Гацура-Яворская.

«Па-першае, ад нас патрабавалі падаць пэўныя дакумэнты, якіх у нас няма, бо пасьля закрыцьця фотавыставы іх забралі сьледчыя і яны дагэтуль знаходзяцца ў Сьледчым камітэце. Мы зрабілі запыт у СК, адкуль прыйшоў адказ, што, пакуль ідзе сьледзтва, гэтых дакумэнтаў нам ня вернуць. Мы пра гэта паведамлялі ў міністэрства яшчэ да суду, але чамусьці той ліст не ўлічылі. Цяпер прадстаўнік прававой управы міністэрства пагадзіўся, што мы прадублюем ліст з СК.

Тацяна Гацура-Яворская

Другая прэтэнзія (што ў нас на сайце нібыта пазначана задача, якой няма ў статуце) таксама, мяркую, зьнятая. Прызналі, што на сайце ўсё як мае быць.

Трэцім быў пункт, што мы нібыта не далі ўсю патрэбную інфармацыю, якую запатрабавала Міністэрства юстыцыі ад грамадзкіх арганізацый, да 1 сакавіка. Да суду мы ня ведалі, пра што гаворка, лічылі, што своечасова адправілі ўсе зьвесткі.

І вось сёньня ў судзе высьветлілася, што гэта тычыцца фінансавых справаздач. Высьветлілася, што мы не праставілі, як трэба было, нулі ў графе аб прыбытках ад прадпрымальніцтва.

А ў нас увогуле няма такіх крыніц, таму мы іх і не пазначылі. Пагадзіліся, што гэта скарэктуем.

То бок наконт трох пунктаў дамова ёсьць, але чацьвёрты застаецца спрэчным», — кажа Тацяна Гацура-Яворская.

Гаворка пра заўвагу, што «Зьвяно» ня мела права праводзіць маніторынгі, бо статутам арганізацыі такая дзейнасьць не прадугледжаная. З гэтым пунктам Тацяна Гацура-Яворская па-ранейшаму ня згодная. Праваабаронца спасылаецца на статут арганізацыі і міжнародную практыку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Суду яшчэ не было, а пакараньне ўжо адбываецца». Арганізацыі, якая праводзіла выставу пра мэдыкаў, пагражае закрыцьцё

«Паводле статуту ў нас ёсьць права на збор і аналіз інфармацыі, што мы і рабілі, калі летась маніторылі сыстэму аховы здароўя падчас змаганьня зь першай хваляй пандэміі каранавірусу. У тым ліку аналізавалі зьвесткі з сайту МЗС, які ўжывае міжнародны маніторынг. Я адмыслова падала суду гэтыя зьвесткі з сайту МЗС, але суд іх да матэрыялаў не далучыў. Аб гэтым пункце нам яшчэ давядзецца паспрачацца на асноўным паседжаньні суду, — сказала Тацяна Гацура-Яворская.

У чэрвені, калі «Зьвяно» атрымала папярэджаньне ад Міністэрства юстыцыі, праваабаронцы ўспрынялі яго як пагрозу закрыцьця. Празь некалькі дзён Тацяна Гацура-Яворская выступіла з заклікам падтрымаць «Зьвяно» ўступленьнем у шэрагі арганізацыі.

«З таго часу, то бок за месяц, больш за сто новых сяброў зьявілася ў „Зьвяна“. Гэта як арганізацыі, так і простыя людзі. Недзе палова зь Беларусі, іншыя — з розных краін сьвету, нават з такіх далёкіх ад нас, як Аўстралія і Шры-Ланка.

Добра, што пагрозу праваабарончай арганізацыі людзі ўспрымаюць гэтак востра і гатовыя прыйсьці на дапамогу. Мы ім усім вельмі ўдзячныя. Спадзяюся, гэта нам дапаможа, бо барацьба за выжываньне „Зьвяна“ працягваецца.

Цяжкія цяпер часы, але ўсё роўна трэба спрабаваць», — кажа Тацяна Гацура-Яворская.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мін’юст папярэдзіў аб’яднаньне «Зьвяно», актывістаў якога затрымлівалі за выставу пра мэдыкаў

У жніўні «Зьвяну» споўніцца 8 гадоў. За гэты час арганізацыя рэалізавала дзясяткі сацыяльных, асьветніцкіх і праваабарончых праектаў.

Летась «Зьвяно» правяло маніторынг працы сыстэмы аховы здароўя ва ўмовах пандэміі каранавірусу. Ня ўсе высновы, якія вынікалі з дасьледаваньня праваабаронцаў, спадабаліся чыноўнікам. Але асабліва гучным быў лёс фотавыставы, прысьвечанай беларускім мэдыкам, якія змагаліся з COVID-19.

Выстава пад назвай «Машына дыхае, а я — не» адкрылася 30 сакавіка ў Менску ў прасторы «Месца», але ўжо праз 2 дні яе закрылі нібыта з прычыны санітарных парушэньняў. Арганізатары выставы мяркуюць, што чыноўнікам не спадабаліся прадстаўленыя на выставе фотадакумэнты пра тое, з чым мэдыкі сутыкнуліся ў жніўні мінулага году — пра гвалт сілавікоў супраць пратэстоўцаў.

Пяцёх арганізатараў выставы, у тым ліку Тацяну Гацуру-Яворскую, затрымалі. Тацяна правяла за кратамі больш за 10 дзён і выйшла зь СІЗА на Валадарскага як падазраваная ў крымінальнай справе. У гэтым статусе яна застаецца і цяпер.

«Нічога не зьмянілася. Падпіска пра нявыезд зь мяне ня зьнятая, хоць пра нейкія сьледчыя дзеяньні ў справе мне невядома. Ва ўсякім разе, мяне на іх не выклікалі», — расказала пасьля сёньняшняга судовага паседжаньня Тацяна Гацура-Яворская. Ужо больш за 3 месяцы жанчына ня бачыла мужа, які пад ціскам быў вымушаны зьехаць ва Ўкраіну разам зь іхным 9-гадовым сынам.

Суд па скарзе «Зьвяна» да Міністэрства юстыцыі працягнецца 20 ліпеня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ByPol расказаў, хто затрымліваў і катаваў Сьцяпана Латыпава